
Спецыялiсты папярэджваюць: рызыка падхапiць клешчавы энцэфалiт цi Лайм-барэлiёз у аматараў загарадных прагулак, дачнiкаў i грыбнiкоў сёлета высокая як нiколi. А вiнаватае ва ўсiм халаднаватае i надзвычай вiльготнае надвор’е, якое стварыла спрыяльныя ўмовы для павелiчэння папуляцыi кляшчоў носьбiтаў узбуджальнiка хваробы Лайма i клешчавога энцэфалiту.
На шчасце, пераносчыкамi энцэфалiту i клешчавога барэлiёзу з’яўляюцца не ўсе кляшчы, а толькi 6—8 працэнтаў ад агульнай iх папуляцыi. Самай неспрыяльнай па клешчавому энцэфалiту тэрыторыяй у Беларусi лiчыцца Белавежская пушча i ўсе раёны, што да яе прылягаюць. Мiж iншым, для заражэння чалавека дастаткова нават аднаго iнфiцыраванага кляшча. Па сваiх памерах гэты паскуднiк не большы за рысавае зярнятка. Прычапiўшыся да чалавека, ён можа рухацца ўверх да таго часу, пакуль не аблюбуе сабе месца за вухам, на шыi пад валасамi цi ў падпахавых абласцях. Прысмоктваецца ён непрыкметна, таму што выдзяляе ў кроў абязбольваючае рэчыва. I многiя нават не здагадваюцца, што ўжо сталi ахвярай маленькага крывапiўцы.
Спецыялiсты адрознiваюць усходнi i заходнi клешчавы энцэфалiт, расказвае ўрач-энтамолаг Цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Фрунзенскага раёна сталiцы Ганна БIРЫШ. Ад клешчавога энцэфалiту церпiць галаўны i спiнны мозг чалавека. Усходнi энцэфалiт развiваецца больш бурна, працякае асаблiва цяжка i можа нават завяршыцца лятальным зыходам. У сiбiрскую тайгу без прышчэпкi ад клешчавога энцэфалiту лепш увогуле не сунуцца.
Нам жа, так бы мовiць, «пашанцавала»: у Беларусi цыркулюе вiрус заходняга клешчавога энцэфалiту. Першыя прыметы хваробы могуць з’явiцца праз тры, пяць, дзесяць цi чатырнаццаць дзён пасля ўкусу кляшча. Захворванне пачынаецца з галаўнога болю, млоснасцi, ванiтаў, дрыжыкаў, ныючых боляў у канечнасцях. У першыя тры—пяць дзён тэмпература ў хворага павышаецца да 37—38 градусаў. На чацвёрты-пяты дзень наступае доўгачаканая палёгка сiмптомы хваробы знiкаюць. Аднак на дзесяты—пятнаццаты дзень у iнфiцыраванага чалавека зноў развiваецца моцны галаўны боль, якi суправаджаецца млоснасцю, ванiтамi, а тэмпература цела павышаецца да 39—40 градусаў. З’яўляецца боль у пазваночнiку, назiраецца напружанне ў патылiцы, могуць узнiкнуць i сутаргi. Пры своечасовым звароце да ўрача хвароба вылечваецца, а iмунiтэт да клешчавога энцэфалiту захоўваецца на ўсё жыццё.
Куды больш складана абстаяць справы з клешчавым барэлiёзам або хваробай Лайма. Да 80-х гадоў медыкi ўвогуле нiчога не ведалi аб клешчавых барэлiёзах. Сваю назву хвароба Лайма атрымала ў гонар амерыканскага гарадка, дзе група школьнiкаў пасля паходу ў лес захварэла на вострае запаленне суставаў. Усе яны, як высветлiлася пазней, сталi ахвярамi кляшчоў. У Беларусi афiцыйна першы выпадак быў зарэгiстраваны ў 1993 годзе. А ў наступныя гады колькасць выяўляемых выпадкаў пастаянна расла, што тлумачыцца цiкаўнасцю медыкаў да гэтай хваробы i паляпшэннем яе дыягностыкi. Летась было зарэгiстравана ў Беларусi 182 выпадкi Лайм-барэлiёзу.
Асноўная клiнiчная праява клешчавога барэлiёзу чырвоная пляма на месцы ўкусу (яна гарачая навобмацак, суправаджаецца пякотай i свербам). Пачырваненне паступова расце i можа дасягаць у дыяметры ад 1—10 да 60 сантыметраў. З агульнатаксiчных сiмптомаў у iнфiцыраванага часцей за ўсё адзначаюцца пастаянная слабасць i санлiвасць, хаця хвароба на першым этапе можа суправаджацца таксама лiхаманкай, млоснасцю, галаўным болем, мiгрыруючым болем ў касцях i мышцах.
Усе гэтыя сiмптомы праходзяць i без спецыяльнага лячэння, аднак iнфекцыя ў арганiзме застаецца i можа «тлець» там гадамi. Пры гэтым пад нябачным ударам аказваюцца суставы, органы нервовай i сардэчна-сасудзiстай сiстэмы чалавека. Хвароба Лайма ўдала «маскiруецца» пад артрыты, полiартрыты, радыкулiты, неўрыты, арытмiю i г.д. Захворваннi суставаў часта набываюць хранiчную форму i цягнуць за сабой дэструкцыю касцей i храстковых тканак, а лячэнне не прыносiць станоўчага вынiку. Яно i зразумела: ну хто, скажыце, лечыць сардэчныя захворваннi цi захворваннi суставаў антыбiётыкамi? Нiхто. Таму i не наступае доўгачаканай палёгкi. Змагацца трэба з першапрычынай хваробы, а не з яе наступствамi.
У медыкаў ёсць усе падставы меркаваць, што большасць захворванняў на Лайм-барэлiёз як сярод гарадскога, так i сярод сельскага насельнiцтва не выяўляецца, а праходзяць у медыцынскай статыстыцы пад iншымi дыягназамi. Тым больш, што эндэмiчнай па клешчавому барэлiёзу з’яўляецца практычна ўся тэрыторыя Беларусi.
Галоўнае для чалавека, якi стаў «здабычай» кляшча, устанавiць, цi быў iнфiцыраваны яго крыўдзiцель, каб своечасова распачаць прафiлактычнае лячэнне. Зрабiць гэта можна ў энтамалагiчнай лабараторыi блiжэйшага да месца жыхарства цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii. Добры спосаб выцягнуць кляшча, якi да вас ужо прысмактаўся, на паверхню цалкам, разам з хабатком гэта змазаць месца ўкусу i 5 сантыметраў вакол яго тлустым крэмам, алеем цi вазелiнам, пакласцi на месца ўкусу тампон з вазелiнам, а зверху лiпкую ленту цi пластыр. Калi паразiт пачне задыхацца, ён сам вылезе на паверхню i прыклеiцца да ленты. Аднак, чым далей крывапiйца п’е вашу кроў, тым большую дозу ўзбуджальнiка ён там пакiне.
Таму, каб паскорыць працэс, можна паспрабаваць капнуць на месца ўкусу алей i пачакаць колькi хвiлiн, калi клешч ад недахопу кiслароду аслабiць хватку i пачне выпаўзаць. Трэба тут жа схапiць яго пiнцэтам i даставаць вярчальнымi рухамi па гадзiннай стрэлцы, каб не адарваць хабаток. Калi вашы намаганнi нiчым не скончылiся, абавязкова звярнiцеся ў палiклiнiку да iнфекцыянiста, хiрурга цi траўматолага.
На жаль, поўнасцю застрахавацца ад сустрэчы з кляшчамi амаль немагчыма. Прасцей абаранiць сябе падчас паходу ў лес, куды можна экiпiравацца належным чынам. Унiверсальны касцюм — гэта запраўленыя ў боты штаны, кашуля цi куртка з доўгiмi рукавамi на гумках, галаўны ўбор. Усе адкрытыя ўчасткi абавязкова змазваюцца рэпелентамi. Вядома, што значна большая рызыка стаць ахвярай кляшча ў зборшчыкаў ягад: чым больш чалавек сядзiць на адным месцы, тым больш у насякомага магчымасцi прысмактацца да яго. А вось у iншых месцах такi ахоўны касцюм будзе выглядаць ужо недарэчна.
Праблема заключаецца ў тым, што сёння «падхапiць» кляшча можна таксама i на беразе вадаёма, i ў прыгарадным цягнiку i нават у гарадскiм скверы. У Мiнску iнфiцыраваных кляшчоў знаходзiлi ў парку Чалюскiнцаў, Батанiчным садзе, Лошыцкiм парку, Севастопальскiм скверы, у лясным масiве на вулiцы Ангарскай. У гарадскую кватэру клешч можа трапiць, напрыклад, разам з букетам кветак, прывезеных з дачы. Або «прычапiцца» да сабакi i кошкi, а затым «нацэлiцца» на вас. Таму пасля загарадных прагулак абавязкова трэба агледзець не толькi ўсiх членаў сям’i, але i вашага хатняга любiмца.
Сур’ёзна рызыкуюць i аматары казiнага малака. Козы з’яўляюцца пераносчыкамi клешчавой iнфекцыi, таму iх малако абавязкова трэба кiпяцiць. Гэта фактычна адзiны спосаб пазбегнуць заражэння...