
Вы верыце ў казку? Яна ж — побач!
Вы знаёмы з сапраўдным Дзедам Марозам i Снягуркай, гаспадарамi казачнага палаца, якi знаходзiцца ў Белавежскай пушчы? У сапраўднага беларускага, белавежскага Дзеда Мароза ёсць 40 памочнiкаў. Хто гэта? Такiя ж Дзяды Марозы i Снягуркi, якiя знешне крышачку адрознiваюцца ад галоўных. У памочнiкаў Дзеда не такiя вартыя бароды, а ў памочнiц унучкi будуць карацейшыя косы. Па праўдзе, памочнiкамi Дзеда Мароза i Снягуркi былi студэнты Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры. Я таксама вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай ролi.
…Як халодна ранiцою на дварэ. А мы ўжо сабралiся ля унiверсiтэта. Думаеце, проста стаялi, сонныя, i мерзлi? Не! Студэнты гэтай творчай навучальнай установы — народ ну вельмi вясёлы. Многiя ўжо да паступлення ў навучальную ўстанову не раз спрабавалi сябе ў якасцi казачных персанажаў. Стандартны «варыянт» — работа на разнастайных дзiцячых ранiшнiках ды вечарынках у школе. Трэба бегаць, скакаць, вадзiць карагоды — а iнакш i быць не можа, бо гэта свята — Новы год. Памятаю, ад такой рухавасцi ў мяне аднойчы адвалiлася барада, прыйшлося яе зняць, але гэта не азмрочыла свята.
…Пад’язджаем да Белавежскай пушчы. Цiкавае назiранне: да яе яшчэ некалькi кiламетраў, а снегу абапал дарогi стала больш. Дзiўна! «Дык вось дзе схавалася спадарыня Зiма!» — сказаў нехта ў аўтобусе.
Каля ўваходу ў «казачны» комплекс нас сустракалi Дзед Мароз i Снягурка. Самыя сапраўдныя. Так хацелася памацаць дзядулю за бараду — праверыць, цi не адвалiцца яна, як калiсьцi ў мяне. Снягурка гасцiнна запрасiла нас да сябе ў пакой, дзе мы пераапранулiся, «ужылiся» ў ролю памочнiкаў i пайшлi працаваць… Не, не працаваць, а весялiць народ.
Якiя ў нас былi пачуццi, калi мы ў «вобразах» самых галоўных навагоднiх персанажаў насiлiся па казачнай зямлi сядзiбы Дзеда Мароза? Неперадавальныя. Мы дапамагалi Снягурцы забаўляць гасцей, пiлi чай з Дзедам Марозам, даглядалi (гладзiлi, кармiлi) сапраўдных(!) ручных ласёў, гулялi ў снежкi, вадзiлi карагоды ля самай высокай i прыгожай святочнай ёлкi нашай краiны. Нашы юныя Снягуркi ахвотна давалi iнтэрв’ю i фатаграфавалiся…
У той дзень мы акунулiся ў казку. Што значыць — казка ўнутры цябе? Гэта радасць… Успомнiце, якiя радасныя бываюць дзецi (ды i за дарослымi можна паназiраць — не прагадаеш), калi да iх прыходзiць Дзядуля Мароз, як яны хвалююцца перад тым, як расказаць верш казачнаму персанажу, хоць ужо даўно пазналi ў iм фiзрука цi маму аднакласнiка Сашы. Вось гэта дзiцячае хваляванне — казка…
А вы верыце ў казку? Праверце! Хутка ж Новы год…