Не ўтрымалася

Генадзь ШАРЫПКIН
«Народная Воля», № 25
12.02.2004

Гэтай падзеi многiя чакалi з часу першых арыштаўу атачэннi Галiны Жураўковай

Пра магчымую адстаўку Галiны Жураўковай загаварылi яшчэ паўгода таму, калi распачаўся скандал вакол прадпрыемства «Белая Русь», якое падпарадкоўваецца Кiраўнiцтву справамi прэзiдэнта.

Тады былi арыштаваныя адразу шэсць падначаленых Галiны Жураўковай, у тым лiку кiраўнiк замежнаэканамiчнага ўпраўлення Юрый Матусевiч, якога дасведчаныя людзi называлi найблiжэйшым памочнiкам Жураўковай. Затрыманых падазравалi ў злоўжываннi службовым становiшчам i атрыманнi хабару, прычым у сiлавых структурах казалi, што праз дзень-другi могуць арыштаваць i саму Галiну Жураўкову. На гэтым нiбыта настойваў генеральны пракурор Вiктар Шэйман падчас асабiстай сустрэчы з кiраўнiком дзяржавы.

Аднак тады для яе ўсё склалася iнакш. Галiна Жураўкова нечакана дамаглася прыёму ў Аляксандра Лукашэнкi, пасля чаго не толькi не трапiла за краты, а яшчэ паўгода заставалася на сваёй пасадзе. Да таго ж выпусцiлi некаторых фiгурантаў справы «Белай Русi». Апошнiм часам да журналiстаў даходзiлi звесткi, паводле якiх следчым перашкаджаюць расследаваць гэтую справу i што яе ўвогуле могуць закрыць.

Аднак зноў атрымалася iнакш. З Аляксандрам Лукашэнкам сустрэлiся ўжо старшыня КДБ Леанiд Ерын i кiраўнiк Камiтэта дзяржкантролю Анатоль Тозiк. Магчыма, яны i пераканалi кiраўнiка дзяржавы пазбавiцца ад Галiны Жураўковай. Да ўчарашняга ўказа аб зняццi Галiны Жураўковай дадаецца iнфармацыя прэс-службы прэзiдэнта аб тым, што гэта зроблена «дзеля забеспячэння неабходных умоў для аб'ектыўнага i ўсебаковага расследавання крымiнальных спраў». Гаворка зноў пра справы, заведзеныя супраць падначаленых Галiны Жураўковай.

Кiм была Галiна Жураўкова для ўлады Аляксандра Лукашэнкi i чаму ён цяпер вырашыў ад яе пазбавiцца? Былы начальнiк прававога ўпраўлення Адмiнiстрацыi прэзiдэнта Аляксандр ПЛАСКАВIЦКI лiчыць, што звальненне Жураўковай сведчыць пра тое, што сiлавiкi бяруць Аляксандра Лукашэнку ў аблогу, пазбаўляючы яго патаемных крынiц фiнансавання: «Кiраўнiцтва справамi часам бывала на першым месцы ў справе напаўнення бюджэту грашыма. У Жураўковай — усе дамы, прыбытковыя галiны, напрыклад, гандаль рыбай i тытунём, у яе руках прыбытковыя прадпрыемствы адпачынку. Карацей, яна прыносiла рэальны прыбытак».

Дарэчы, Аляксандр Пласкавiцкi сумняваецца ў маральных якасцях Галiны Жураўковай. Але мяркуе, што менавiта гэта i патрэбна было Аляксандру Лукашэнку. Паводле меркавання былога супрацоўнiка Адмiнiстрацыi, Аляксандр Лукашэнка стварыў сiстэму, пры якой лягчэй не зарабляць грошы, а выцягваць iх з iншых краiн цi ад iншых кiраўнiкоў. Цяпер, паводле слоў спадара Пласкавiцкага, гэтай схеме надыходзiць канец, такую задачу выконваюць кiраўнiкi сiлавых ведамстваў, якiя i дамаглiся адхiлення Жураўковай ад улады.

А. Пласкавiцкi: «Мяркую, чэкiсты паставiлi яго перад выбарам — альбо ён яе здасць, альбо яны пойдуць далей».

Былы кiраўнiк упраўлення Адмiнiстрацыi лiчыць, што гэта не апошняя перамога сiлавiкоў. Паводле яго, гэтыя людзi не спыняцца, пакуль не выканаюць больш вялiкую задачу: «Паўцякаюць тыя, каго ён сёння кормiць, — дырэктарат, чыноўнiкi, усе астатнiя. Такiм чынам, ягоная палiтычная смерць знаходзiцца ў гэтым залатым яйку — чым менш у яго такiх прыбыткаў, тым слабейшы ён сам».

Галiна Жураўкова была кiраўнiком справамi прэзiдэнта больш як тры гады, заступiўшы на гэтую пасаду пасля адстаўкi Уладзiмiра Ганчарэнкi, якi цяпер працуе мiнiстрам сувязi. А да таго Кiраўнiцтва справамi ўзначальваў былы сябра Лукашэнкi Iван Цiцянкоў. У 1999 годзе Iван Цiцянкоў з'ехаў у Маскву i падчас прэзiдэнцкiх выбараў 2001 года нават выказваўся супраць Аляксандра Лукашэнкi. А вось Галiна Жураўкова заўсёды дэманстравала лаяльнасць да свайго начальнiка.

Алег ГРУЗДЗIЛОВIЧ.

«Радыё «Свабода».

На прэзiдэнцкую лыжню Галiна Жураўкова больш не выйдзе

Аляксандр Лукашэнка падпiсаў указ аб вызваленнiад пасады кiраўнiка справамi прэзiдэнта Беларусi Галiны Жураўковай.

Як паведамiла прэс-служба кiраўнiка дзяржавы, указ быў падпiсаны пасля таго, як 10 лютага А.Лукашэнка заслухаў даклады старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю (КДК) Анатоля Тозiка i старшынi Камiтэта дзяржаўнай бяспекi (КДБ) Леанiда Ерына аб ходзе расследаванняў крымiнальных спраў у дачыненнi да асобных службовых асоб арганiзацый, падведамасных Кiраўнiцтву справамi прэзiдэнта. Крымiнальныя справы былi заведзены па вынiках праверкi фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi гэтых арганiзацый, якая была праведзена па даручэннi прэзiдэнта ў вераснi-кастрычнiку 2003 года.

А.Тозiк i Л.Ерын паведамiлi, што сумеснай аператыўна-следчай групай КДБ i Дэпартамента фiнансавых расследаванняў КДК атрыманы доказы злачыннай дзейнасцi шэрагу службовых асоб i незаконнага атрымання iмi значных грашовых сродкаў. Працягваецца работа па выяўленнi новых эпiзодаў злачыннай дзейнасцi фiгурантаў крымiнальных спраў i iх сувязяў.

Генадзь ШАРЫПКIН.