
Красавалася залатая восень. Як зараз помню той дзень - 8 кастрычнiка 1966 года. Мяне выклiкалi на нараду ў аддзел адукацыi. Аўтобус у Зэльву прыбываў рана, i я меў некалькi гадзiн вольнага часу.
Зазiрнуў, як зазвычай, у кнiгарню, а калi выйшаў на вулiцу, нечакана сустрэўся з Ларысай Антонаўнай. Мы, як заўжды, цёпла павiталiся. Яна з лагоднай усмешкай стала распытваць пра здароўе жонкi. Так было пры кожнай сустрэчы. Непадробныя сардэчныя пачуццi, жаданне дабра ўсiм, да каго якога ставiлася прыхiльна, адчувалi, канечне ж, не толькi мы з жонкай.
Пагутарылi аб кнiжных навiнах, аб розных жыццёвых праявах. Перадаўшы прывiтанне Iвану Пятровiчу, я пачаў развiтвацца. Але яна перапынiла мяне:
- Заходзьце, калi ласка, да нас пасля нарады. Будзем чакаць. Ёсць многа цiкавых навiн... i новыя вершы.
Нарада скончылася, i я адразу накiраваўся ў знаёмы дом. На адкрытым усiм вятрам ганку мяне сустрэў Iван Пятровiч. У руках ён трымаў раскрыты часопiс "Полымя". Зайшлi ў дом. Стол ужо быў накрыты. Ларыса Антонаўна рухава снавала па хаце, ставячы розныя прысмакi. Яна была ў добрым настроi, i яе гасцiннасць не мела межаў.
За сталом iшла ажыўленая гутарка. Iван Пятровiч знаёмiў нас з новымi публiкацыямi ў "Полымi" i ЛiМе, а Ларыса Антонаўна, падлiваючы гарбату, цiха, але настойлiва запрашала паласавацца пячэннем i толькi што спечаным пiрагом, iншымi ласункамi. Адмовiцца, не пакаштаваўшы чаго-небудзь, азначала пакрыўдзiць дбайную гаспадыню. Як было не выказаць захаплення цудоўным кулiнарным майстэрствам гэтай незвычайнай жанчыны! Я даведаўся, што па просьбе суседзяў i знаёмых Ларыса Антонаўна многiм пякла адмысловыя вясельныя караваi...
Калi размаўлялi аб сучасных майстрах беларускай лiтаратуры, многа цёплых слоў выказала паэтка пра Уладзiмiра Караткевiча. Па-мацярынску клапацiлася аб яго здароўi, радавалася, што ён даў згоду рэдагаваць на грамадскiх пачатках зборнiк яе вершаў (што потым i зрабiў, пражыўшы ў Генiюшаў некалькi тыдняў). Са слоў Ларысы Антонаўны я даведаўся, што яна сябруе з яго мамай i што нават высветлiлася: яны - далёкiя родзiчы. А па духу - дык i блiзкiя!
Надзвычай простая i шчырая, спагадлiвая i добразычлiвая беларусачка Ларыса Антонаўна нiколi не крывiла душой, не прыстасоўвалася нi да якiх рэжымаў, заўжды гаварыла праўду, якой бы яна нi была. Падкупляла яе даверлiвасць, жаданне дабра людзям. Помню, яна шмат разоў папярэджвала мяне наконт асцярожнасцi, баючыся, каб я не трапiў у "чорны спiс" яе наведвальнiкаў.
Кожны раз пры сустрэчы Ларыса Антонаўна чытала свае толькi што напiсаныя, "свежыя", як яна казала, вершы. Чытала з натхненнем, горда i ўзнёсла, з крыху ўзнятай галавой... Словы гучалi мiлагучна, выразна i пераканаўча, адчувалася, што яны iдуць з глыбiнi сэрца. Асобныя строфы цi радкi паўтарала, падкрэслiваючы значэнне таго цi iншага слова.
Крыху пазней, ужо ў 70-я, яна сама перадрукавала на машынцы некалькi вершаў i падаравала мне.
А вось цяпер, стоячы ля гасцiннага стала, спакойна, але ўрачыста чытала на памяць свой новы верш "Зубры". Стаiўшы дыханне, я слухаў яе голас, а бачыў - Белавежскую пушчу, дзе некалькi разоў быў на экскурсii са сваiмi вучнямi i дзе мы любавалiся магутнымi зубрамi.
Прачытаўшы верш, Ларыса Антонаўна паўтарыла некаторыя строфы - цiха, са шкадаваннем, болем i сумам. Як быццам пра лёс усёй Беларусi было сказана.
Я не адразу знайшоў словы, каб перадаць сваё ўражанне да вершаў:
- Вось бы ўключыць яго ў школьную праграму! А вашы зубры, Ларыса Антонаўна, здаецца, гэта вобраз лепшых людзей нацыi: барацьбiтоў за свабоду, незалежнасць i адраджэнне Бацькаўшчыны. Тут i Францыск Скарына, i Кастусь Калiноўскi, i Францiшак Багушэвiч, i Максiм Багдановiч, i Янка Купала, i Якуб Колас... Iх цяперашнiя аднадумцы i паслядоўнiкi...
- Шчыра дзякую, сябрачка, - адказала яна. - Вы разумееце правiльна. Дай вам Бог плёну ў працы на нiве выхавання нашай моладзi...
Я папрасiў дазволу перапiсаць гэты верш - гэта калi яшчэ ён будзе надрукаваны? Яна, узяўшы аркушык са школьнага сшытка, напiсала шэсць строф - тыя, якiя толькi што чытала:
Непрыгожыя, барадатыя
з нетраў пушчы iдуць зубры,
на плячах - вехi-грывы кудлатыя
i цяжкiя нясуць гарбы.
То палягуць, то зноў паднiмуцца,
растрывожыўшы трэскам глуш,
ногi моцныя аж пружыняцца
пад цяжарам магутных туш.
Сваёй пушчаю крочаць, стройныя,
цёмна-бурыя, як дамы,
неабласканыя, неасвоеныя,
першабытныя, так як мы.
Без хлуснi, без лiсiнага нораву,
ў цеснай дружбе - свая сям'я,
вытрывалыя, непакорныя, -
да такiх належыць зямля.
Ўсе прыходзiлi, ўсе iх нiшчылi -
ад чужынца дабра не пачуць,
а яны грамадой недалiчанай
страпянуцца i зноў жывуць.
Калi пушча цвiце пралескамi,
плешча сонца вясну з гары,
беларускiя, белавежскiя,
з новай сiлай равуць зубры.
У кнiзе "Белы сон" паэтка дадала яшчэ дзве страфы: Адна пучша - зямля нам маткаю,
мора жытняе без гранiц,
мы адною жывём чалядкаю,
з адных сiлу бяром крынiц.
Ўсё гляджу на сям'ю зубрыную.
З вадапою ў гушчар брыдуць.
I здаецца, цяжкай хвiлiнаю
будзем жыць, бо яны жывуць.
Потым верш быў надрукаваны i ў кнiзе "Невадам з Нёмана", якую рэдагаваў Уладзiмiр Караткевiч.
Пасля вяртання на Радзiму паэтка мусiла часцей за ўсё пiсаць у стол, але не пiсаць не магла. Паколькi амаль нiдзе не друкавалася, аб ёй мала хто ведаў нават на Зэльвеншчыне. Працавала пры маўклiвым "нейтралiтэце" тагачаснай крытыкi. Як быццам выдатнай паэткi i не было на свеце... Можа, гэтая змова маўчання, адасобленасцi i рабiла яе асобу надзвычай прыцягальнай для патрыятычна настроенай беларускай iнтэлiгенцыi i моладзi? Яе лёс усведамляўся як увасабленне лёсу найлепшых беларускiх талентаў. Ларыса Генiюш (i не толькi яна) прайшла праз страшныя выпрабаваннi ГУЛАГа i не стала на каленi перад ворагамi, якiя iмкнулiся задушыць яе творчасць i беларускасць.
Ларыса Антонаўна любiла моладзь, бачыла i шанавала маладых "зубранят", была пераканана, што яны прадоўжаць слаўныя традыцыi сваiх знакамiтых продкаў.
Аўтар матэрыялаў,змешчаных на гэтай старонцы, -
Пётр МАРЦIНОЎСКI,
жыхар вёскi Дзярэчын Зэльвенскага раёна, паэт, краязнаўца.
"Народная Воля", № 184, 01 октября 2004 г.