Уладзiмiр ДРАЖЫН: «Для нас лепшы турыст той, якi жадае зноў убачыць Беларусь»

"Звязда", №10, 20.01.2005

Сённяшнi стан i перспектывы развiцця турызму ў нашай краiне — тэма гутаркi карэспандэнта «Звязды» з намеснiкам Прэм’ер-мiнiстра У.Н. ДРАЖЫНЫМ.

— Уладзiмiр Несцеравiч, як здарылася, што наша краiна ў цэнтры Еўропы, якая мае выгаднае геаграфiчнае становiшча, выдатныя шляхi зносiнаў i г.д., аказалася, так бы мовiць, па-за вялiкiм уязным турызмам? Удзельная вага кошту турыстычных паслуг у аб’ёме валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краiны складае ўсяго 0,2 працэнта, а выязны турызм у 15 разоў перавышае ўязны. I гэта на фоне таго, што расходы на турызм як высокадаходную галiну гаспадаркi планеты складаюць 12 працэнтаў сусветнага валавога прадукту. Нам што, няма чаго паказаць iншаземцам?

— Вядома, ёсць, i шмат чаго. Але мець гiстарычныя славутасцi, цудоўныя краявiды для паказу i зацiкавiць тысячы людзей прыехаць i ўбачыць iх на свае вочы — розныя рэчы. Сапраўды, турысцкiх рэсурсаў у Беларусi хапае. Тут i багацце прыроднага патэнцыялу, i адносна раўнамернае размяшчэнне гiсторыка-культурных каштоўнасцяў i зручныя транспартныя сувязi ўнутры краiны i з суседнiмi дзяржавамi. Больш таго, у Беларусi дзiўным чынам удала спалучаюцца прыродная прыгажосць i своеасаблiвасць гiсторыка-культурнай спадчыны. Найбольш прывабныя турысцкiя тэрыторыi месцяцца ў межах нацыянальных паркаў, Бярэзiнскага бiясфернага запаведнiка, еўрарэгiёнаў «Буг» i «Нёман». Папулярнасцю ў турыстаў карыстаюцца Заслаўскi, Нясвiжскi, Полацкi гiсторыка-культурныя музеi-запаведнiкi. У спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО ў 2002 годзе ўключаны Мiрскi замак.

Удумайцеся ў такую лiчбу: на зямлi Беларусi больш за 15 тысяч аб’ектаў, якiя маюць гiстарычную, культурную i архiтэктурную значнасць.Таксама шмат памятных месцаў, звязаных з iмёнамi выдатных дзеячаў сусветнай гiсторыi i культуры. Адно толькi гэта дазваляе актыўна развiваць экскурсiйна-пазнавальны турызм.

Тым не менш за апошнiя гады не назiраецца вялiкага прытоку да нас замежных турыстаў. Я патлумачыў бы гэта наступнымi прычынамi. Замежны турыст аддае перавагу тым мясцiнам, дзе можна не толькi ўбачыць нешта цiкавае, але i з камфортам i не сумна праводзiць час. У нас, на жаль, мала гасцiнiц, якiя адпавядаюць мiжнародным стандартам. Беларусь — адзiная краiна ў Еўропе, якая не мае ў сталiцы нiводнага пяцiзоркавага атэля. Толькi «Гатэль Мiнск» сертыфiкаваны на чатыры зоркi. А па еўрапейскiх нормах толькi ў Мiнску павiнна быць не менш чым 30 працэнтаў чатырох-, пяцiзоркавых гасцiнiц. А ўмовы для размяшчэння замежных турыстаў у большасцi раённых цэнтраў увогуле не адпавядаюць нiякiм мiжнародным патрабаванням.

Дадайце сюды слабае развiццё сферы паслуг i сэрвiснага абслугоўвання ў месцах адпачынку i на турысцкiх маршрутах. Скажыце, чым у мiжсезонне цi ў дрэннае надвор’е можна заняць турыста на Нарачы, Браслаўскiх азёрах i iншых курортах краiны?

Неапраўдана шмат часу марнуе турыст пры перасячэннi мяжы. Быццам бы дробязь, але яна не стварае дадатковай прывабнасцi сцiпламу пакуль iмiджу Беларусi як турысцкай краiны. Дарэчы, на гэта звярнуў асаблiвую ўвагу Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 лiстапада 2004 года на нарадзе па павышэнню эфектыўнасцi выкарыстання прыродных i водных рэсурсаў у сферы турызму.

— Як вядома, да 1 мая 2005 года павiнен быць падрыхтаваны праект Нацыянальнай праграмы па развiццю турызму на 2006—2010 гг. Вы ўпэўнены, што яна не паўторыць лёс аналагiчнай праграмы на 2001—2005 гг., рэалiзацыя якой не прынесла iстотных зрухаў?

— Ведаеце, ваша выснова небясспрэчная. Я не стаў бы гаварыць, што Нацыянальная праграма развiцця турызму на 2001—2005 гады нiчога карыснага не прынесла. Толькi за апошнiя тры з паловай гады на будаўнiцтве i рэканструкцыi аб’ектаў турысцкай iндустрыi асвоена 28,2 млрд. рублёў, у тым лiку з пазабюджэтных крынiц — 1,7 млрд. рублёў. Створана нарматыўна-прававая база, паводле якой сёння працуюць турыстычныя арганiзацыi. Iдзе работа над праектамi Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб турызме» i шэрагу ўказаў Прэзiдэнта.

Хачу адзначыць, што за гэты час у цэлым у краiне ўзрасла ўвага да турызму, яго развiцця i вырашэння звязаных з iм праблемных пытанняў не толькi з боку Мiнспорту, але i iншых мiнiстэрстваў i ведамстваў. У першую чаргу Мiнiстэрства замежных спраў, Мiнкультуры, Мiнадукацыi, Мiнпрыроды, Мiнтранса, органаў мясцовай улады. Сёння ўсе вобласцi i Мiнск распрацавалi i зацвердзiлi свае праграмы развiцця турызму.

Такiм чынам, вопыт, назапашаны пры рэалiзацыi першай праграмы, дазволiў пры распрацоўцы Нацыянальнай праграмы на 2006—2010 гады не паўтараць ранейшых памылак, а сканцэнтраваць намаганнi на ключавых момантах развiцця турызму.

— Вiдаць, турызм — гэта тая галiна, дзе ўсё цесна ўзаемазвязана ў адзiным комплексе паслуг: i цiкавая, часта з iскрынкай, гiсторыка-прыродная тэматыка наведвання славутасцяў, i адпавядаючы мiжнародным стандартам сэрвiс, i сучасныя камфортныя гасцiнiцы, i прывабная культурна-забаўляльная вячэрняя праграма, i шмат чаго iншага. I калi ўсё разам будзе працаваць як адладжаны механiзм, тады можна разлiчваць на рэнтабельны вал турыстаў. Думаеце, па сiлах запусцiць такi механiзм аднаму мiнiстэрству спорту i турызму? Цi прадбачацца структурныя пераўтварэннi ў гаспадарчым механiзме галiны i сiстэме кiравання ёю?

— Сапраўды, на канчатковы вынiк iстотна ўплывае сумесная дзейнасць большасцi мiнiстэрстваў i ведамстваў. Таму вельмi патрэбна iх зладжанасць. Каардынатарам тут з’яўляеюцца мiнiстэрства спорту i турызму, якое мае на гэта дастаткова правоў.

Але разам з тым, як адзначыў летась 5 лiстапада кiраўнiк дзяржавы на рэспублiканскай нарадзе па пытаннях турызму, трэба дыферэнцыраваць адказнасць памiж усiмi ўдзельнiкамi турысцкага рынку. На блiжэйшую перспектыву iх задачы адлюстраваны ў адпаведным пратаколе даручэнняў. На наступную пяцiгодку ва ўжо названай мною будучай Нацыянальнай праграме будзе вызначана роля i месца кожнага мiнiстэрства, якое атрымлiвае даходы ад турызму.

Лiчу неабходным больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял грамадскiх турыстычных фармiраванняў. Рэкамендаваў бы аблвыканкамам i Мiнгарвыканкаму вызначыць адказных супрацоўнiкаў, якiя займалiся б у сваiм рэгiёне выключна пытаннямi турысцкай палiтыкi.

— Беларусь як маладая суверэнная дзяржава па прычыне свайго нядаўняга савецкага мiнулага вымушана вырашаць задачу стварэння прывабнага iмiджа за мяжой. На жаль, нас яшчэ недастаткова ведаюць у свеце. Якiя намаганнi прыкладаюцца i што мяркуецца зрабiць, каб выклiкаць у iншаземцаў натуральную цiкавасць да гiсторыi i прыроды Беларусi, жаданне ўбачыць яе на свае вочы? Інакш кажучы, як з выгадай прадаць беларускi турыстычны прадукт на сусветным рынку?

— Маркетынг — важны элемент ажыццяўлення турысцкай палiтыкi. Пакуль асноўныя формы яе рэалiзацыi ў Беларусi — выставачная дзейнасць i рэкламна-iнфармацыйнае забеспячэнне. З гэтай мэтай у Мiнску ладзяцца турысцкiя выстаўкi «Адпачынак» i «Турбiзнэс». У iх рабоце ў рамках семiнараў па пытаннях двухбаковага супрацоўнiцтва бяруць удзел прадстаўнiкi Кiпра, Турцыi, Балгарыi, Лiтвы, Тунiса, некаторых рэгiёнаў Расiйскай Федэрацыi. Вядома, гэтыя сустрэчы нашы спецыялiсты выкарыстоўваюць для прыцягнення ў Беларусь новых турыстаў.

Для прасоўвання нацыянальнага турыстычнага прадукту на знешнiм рынку i пашырэння мiжнародных сувязяў мы ўдзельнiчаем у вядомых буйнейшых турысцкiх выстаўках у Берлiне, Маскве, Варшаве, Вiльнюсе.

Для распаўсюджвання iнфармацыi за мяжой пра турысцкiя магчымасцi нашай краiны выдадзены буклеты «Запрашаем у Беларусь», «Даведнiк для iншаземцаў», а таксама кампакт-дыск «Турыст Беларусi». Але гэта, лiчу, першыя беларускiя ластаўкi на сусветным турысцкiм рынку. Падобных выданняў, зробленых на высокiм прафесiянальным узроўнi, павiнна быць больш.

Стварэнню iмiджа нашай краiны як турысцкага рэгiёна садзейнiчаюць мiжнародныя дакументы аб супрацоўнiцтве ў сферы турызму. Падпiсаны шэраг адпаведных дагавораў з Расiяй, Арменiяй, Балгарыяй, Польшчай, Сiрыяй, Таджыкiстанам, Iндыяй, Iранам, Кыргызстанам, Латвiяй, Лiтвой, Украiнай, Югаславiяй i Славакiяй.

— Турызм — вельмi ёмiстае паняцце. Ёсць турызм горны, круiзны, транзiтны, экалагiчны, водны, паляўнiчы, па рэках i г.д. Усё адразу i не ўспомнiш. Якiя, на ваш погляд, вiды турызму з’яўляюцца найбольш перспектыўнымi для Беларусi? Вядома, зыходзячы з яе рэальных магчымасцяў.

— На мой погляд, прыярытэтным можа стаць культурна-пазнавальны турызм з багатай экскурсiйнай праграмай, якая ўключала б у сябе агляд славутасцяў, помнiкаў, музеяў, унiкальных прыродных аб’ектаў нашай краiны.

Таксама вялiкiя перспектывы ў Беларусi мае экалагiчны турызм i агратурызм. На апошнiм мне хацелася б асаблiва спынiцца. Шмат нашых вёсак размешчаны ў маляўнiчых сельскiх раёнах, дзе можна цiкава i з карысцю для здароўя адпачыць на беразе возера цi ракi, у лесе, паласавацца стравамi смачнай беларускай кухнi i г. д. Вялiкiя перспектывы мае водны турызм. Вобразна кажучы, нашы шматлiкiя рэкi могуць стаць «залатымi жыламi» для рэгiёнаў краiны, вядома, пры ўмове iх сур’ёзнага асваення.

— Бадай, самае цяжкавырашальнае пытанне — гэта стварэнне турысцкай iнфраструктуры. Тут патрэбны грошы, грошы i яшчэ раз грошы. Дзе iх узяць?

— Згодны. Iнфраструктура вакол аб’ектаў турысцкага паказу — аснова для павелiчэння часу знаходжання турыста, а значыць, i для росту даходаў. Для паскоранага развiцця iнфраструктуры дзяржава мяркуе максiмальна прыцягваць сродкi iнвестараў праз стварэнне для iх спрыяльных умоў. Па прапановах аблвыканкамаў i Мiнгарвыканкама ў блiжэйшыя два гады будуць створаны 26 турысцкiх зон вакол перспектыўных месцаў адпачынку. Сярод iх Нясвiж, Мiр, Тураў, Полацк, Навагрудак i iншыя. Гэта дазволiць умацаваць давер iнвестараў. Са свайго боку дзяржава бярэ на сябе абавязацельства, што там не будуць узводзiцца аб’екты, якiя могуць пашкодзiць турысцкаму бiзнэсу.

Цiкавай лiчу прапанову Мiнскага i Гродзенскага аблвыканкамаў па стварэнню на базе культурна-турысцкай зоны «Мiр—Нясвiж» свабоднай эканамiчнай зоны турысцка-рэкрэацыйнага тыпу. Калi гэта iдэя будзе прынята, то яе рэалiзацыя стане сур’ёзным укладам ва ўмацаванне, так бы мовiць, iнфраструктуры гасцiннасцi, аднаўлення аб’ектаў для наведвання. Такiм чынам, ёсць магчымасць стварыць турысцкi прадукт на мiжнародным узроўнi.

— Уявiм, што да 2010 года ў перспектыўных цэнтрах развiцця турызму ўдасца стварыць сучасную iнфраструктуру. А хто будзе забяспечваць мiжнародныя стандарты яе абслугоўвання, скажам, у гасцiнiчнай гаспадарцы, прасоўваць за мяжу нашы турыстычныя паслугi, укараняць дома новыя тэхналогii i г.д.? Карацей кажучы, пытанне датычыцца квалiфiкаваных кадраў галiны.

— Для забеспячэння высокiх мiжнародных стандартаў абслугоўвання плануецца не толькi абавязковая сертыфiкацыя турысцкiх, гасцiнiчных i iншых паслуг, але i паступовае ўкараненне сiстэм якасцi турыстычнага прадукту. Сёння ў Беларусi 13 ВНУ займаюцца падрыхтоўкай спецыялiстаў для турыстычнай галiны. Сярод iх, напрыклад, Белдзяржунiверсiтэт, Беларускi дзяржаўны эканамiчны унiверсiтэт i iншыя.

Сусветная практыка паказвае, што стварэннем прывабнага iмiджа краiны займаюцца ў першую чаргу дзяржаўныя органы. У гэтым сэнсе Нацыянальнае агенцтва па турызму актыўна разгортвае сваю дзейнасць, адкрывае ў кожным рэгiёне турысцка-iнфармацыйныя цэнтры.

— Уладзiмiр Несцеравiч, а як зацiкавiць мясцовыя ўлады ўсур’ёз заняцца турызмам як шматабяцальным накiрункам гаспадарчай дзейнасцi для стварэння новых працоўных месцаў, добраўпарадкавання населеных пунктаў, папаўнення бюджэту. Адказ на гэтае пытанне пачуць ад вас хочацца яшчэ i таму, што вы доўгi час працавалi ў Нясвiжскiм раёне, дзе славуты замак Радзiвiлаў, маляўнiчыя мясцiны.

— Адным з важнейшых праграмных прынцыпаў палiтыкi ў галiне турызму стане павышэнне ролi рэгiёнаў. У сваю чаргу турызм можа стаць для iх фактарам уздыму эканомiкi, сур’ёзнай крынiцай папаўнення бюджэтаў, стварэння новых працоўных месцаў. Развiццё турызму ў раёне — гэта яшчэ i вырашэнне задачы здаровага ладу жыцця яго насельнiкаў, прыцягнення iх да заняткаў спортам. На мой погляд, мясцовая ўлада добра разумее гэту ўзаемасувязь. I ўжо бачны пэўныя неблагiя вынiкi.

Напрыклад, з адкрыццём рэзiдэнцыi Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы рэзка ўзрос прыток туды турыстаў. Як вядома, летась колькасць наведвальнiкаў гэтага найпрыгажэйшага кутка беларускай прыроды перавысiла 100 тысяч, а яшчэ нядаўна колькасць турыстаў вагалася ў межах 60 тысяч штогод. Сёння Белавежская пушча становiцца ўсё больш прывабнай для замежных турыстаў. Iх вабiць туды i вядомая рэзiдэнцыя «Вiскулi», i адначасовая магчымасць цiкава i змястоўна адпачыць. Вельмi правiльна робяць кiраўнiкi рэспублiканскага i мясцовага ўзроўню, што ўдзяляюць увагу развiццю гэтага перспектыўнага турысцкага раёна.

— Адносна нядаўна ў Мiнску прайшоў традыцыйны турыстычны кiрмаш «Турбiзнэс-2004». Такое ўражанне, што амаль усе яго ўдзельнiкi былі заклапочаныя тым, як вывезцi нашых грамадзян за мяжу. У якiх толькi краiнах не прапанавала правесцi Каляды, сустрэць Новы год, пакатацца на горных лыжах, «адключыцца» ад паўсядзённасцi. Аказваецца, прыкладна з шасцi соцень беларускiх турфiрмаў толькi крыху больш за дзесяць сур’ёзна займаюцца ўязным турызмам. Бясспрэчны лiдар тут — канцэрн «Белiнтурыст», якi прымае штогод 4,5 тысячы замежных турыстаў. Можна назваць яшчэ некалькi фiрмаў. А што iншыя? Як iх зацiкавiць уязным турызмам?

— Сёння падрыхтаваны цэлы комплекс прававых i эканамiчных мераў для стымулявання развiцця ўязнога турызму. У стадыi дапрацоўкi знаходзiцца Указ Прэзiдэнта «Аб мерах дзяржаўнай падтрымкi развiцця ўязнога i ўнутранага турызму». Гэтым дакументам будуць прадугледжаны льготы для тураператараў, якiя займаюцца прыёмам замежных турыстаў, развiццём унутранага турызму i экскурсiйнага абслугоўвання.

Для прыцягнення iншаземцаў вядзецца пастаянная работа па ўдасканаленню iнфраструктуры гасцiннасцi. Так, у рамках правядзення Дзён беларускага пiсьменства, «Дажынак», фестываляў нацыянальных культур аднаўляюцца i набываюць новы прывабны выгляд малыя гарады, вядзецца рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, створаны два горналыжныя комплексы ў Лагойскiм раёне i г. д.

Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.