Барадатая прыгажуня патрабуе нацыянальнай абароны

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», №56, 01.04.2005

1 красавіка — Сусветны дзень птушак

Нягледзячы на марознае надвор’е, вiдавочна, што да нас завiтала вясна. Першымi яе «заўважылi», менавiта тыя вiды крылатых, якiя зiмуюць у айчынных лясах i балотах. У трэцяй дэкадзе сакавiка—пачатку красавiка пачынае гнездавацца бадай самая таямнiчая сава краiны — барадатая кугакаўка, якая сёлета была выбрана птушкай Беларусi 2005 года. Аб жыццi гэтай цiкавай птушкi сёння нам раскажа «запаведны рэжысёр краiны» — аператар экалагiчных фiльмаў, дырэктар па развiццю грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Беларусi» Iгар БЫШНЁЎ.

Ужо шосты год запар у нашай краiне выбiраецца i аб’яўляецца птушка года. Раней гэта былi добра вядомыя ўсiм летуны: белы бусел, сiтаўка, авальга, дамавы верабей i ластаўка. Сёлета ўпершыню арнiтолагi выбралi даволi рэдкую барадатую кугакаўку. Гэта было зроблена спецыялiстамi наўмысна, каб прыцягнуць увагу шырокай грамадскасцi да праблем соў.

З усiх кугакавак менавiта барадатая дасягае найбольшых памераў. Яна лiчыцца амаль самай буйной начной драпежнiцай. Аднак яе буйныя памеры — гэта толькi выгляд. Пад пушыстым апярэннем хаваецца шчуплае цельца. Пры размаху крылаў 1,35—1,6 метра самцы важаць у сярэднiм каля 850 грамаў, а самкi — кiлаграм i 200 грамаў. Назву сваю сава атрымала за цёмную афарбоўку клiна пер’я пад дзюбаю, так званую «бараду». Велiчынёй барадатая кугакаўка амаль з пугача, але без «вушак», яе хвост больш доўгi, а апярэнне больш шэрае. Вонкавы выгляд барадатай кугакаўкi даволi тыповы. Яна часта прымае выпрастаную, амаль вертыкальную позу. На вялiкай акруглай галаве знаходзяцца маленькiя ярка-жоўтыя вочы, што надае позiрку гэтай птушкi асаблiвую моц.

Яшчэ адной яскравай адметнасцю, якая адрознiвае барадатую кугакаўку ад астатнiх соў, з’яўляюцца характэрныя толькi ёй канцэнтрычныя кольцы на тварным дыску.

У сакавiку самец кружыць каля гнязда ў пошуках сваёй сяброўкi i пачынае спяваць. Яго шлюбныя сiгналы складаюцца з тузiна манатонных нiзкiх гукаў «уф-уф» i «ух-ух», а рытм паскараецца адначасова з панiжэннем частаты. Калi самка зацiкавiцца кавалерам, то пачынае «ўздыхаць» побач, а калi яна самца нават не чуе, то апошнi працягвае пошукi.

Сямейныя пары ў кугакавак ствараюцца на даволi працяглы тэрмiн, але цi ходзяць у гэты час самцы «налева» — невядома.

Месцаў пастаяннага жыхарства барадатай кугакаўкi ў Беларусi вельмi мала. Гняздуецца яна звычайна ў забалочаных лясах. Больш за ўсё гэтых птушак жыве ў Белавежскай пушчы, на балоце «Дзiкае», лесабалотных комплексах «Выганашчанскi» i «Альманскiя балоты».

Гэтая птушка не вельмi любiць вандроўкi i зазвычай зiмуе на Беларусi. Сваё гняздо барадатая прыгажуня сама не будуе, а селiцца ў «кватэрах» iншых вялiкiх птушак, асаблiва драпежных. Роднае жытло яна крыху перабудоўвае ды высцiлае дробнымi галiнкамi пераважна хвойных дрэў.

У красавiку ў кугакаўкi ўжо ў наяўнасцi поўныя кладкi з 3—5 яек. Увогуле барадатыя совы вельмi клапатлiвыя бацькi. Самка «бязвылазна» сядзiць на яйках больш за месяц, а самец пiльна ахоўвае гнездавы ўчастак i своечасова прыносiць «жонцы» корм. Ахова «святога месца» пачынаецца за дзесяткi метраў да гнездавога дрэва.

— У мяне ёсць здымак птушанят кугакаўкi, — расказвае Iгар Бышнёў. — Гэта птушка з усiх буйных соў лiчыцца самай агрэсiўнай. На самай справе яна вельмi мiрная i вызначаецца сапраўднай адвагай, калi яе птушанятам нешта пагражае. Кугакаўка звычайна амаль заўсёды атакуе любую жывёлiну, якую бачыць побач з гняздом. Усе арнiтолагi гэта ведаюць. Я нават спрабаваў выкарыстаць гэтую агрэсiўнасць для вiдэаздымкаў. У мяне ёсць спецыяльная экiпiроўка (матацыклетны шлем на галаву, ватоўка на плечы), i толькi потым «прапануем» сябе для атакi. Двойчы за апошнiя гады сава дзяўбла мяне ў галаву перад здымкамi, але толькi тады, калi я быў ля гнязда адзiн. Калi ж людзей было больш (аператар з камерай цi памочнiк), то сава сядзела побач, злавалася, але чамусьцi не атакавала.

— А вы калi-небудзь чулi палёт савы? Калi яна праляцiць нават побач, то здзiўляешся, наколькi бясшумна яна лятае. Не чуваць нi лёгкага свiсту, нi маху крылаў, а сава ўжо ўзнiкае побач, як прывiд. Калi кугакаўка атакуе недзе з боку цi з тылу, можна «злавiць» адрэналiну поўны мех. Справа ў тым, што ўсё пер’е соў варсiстае, а па краях яно мае махры, якiя згладжваюць усе свiсты i iншыя гукi, што ўзнiкаюць пры трэннi пяра аб паветра i пяра аб пяро.

Асноўны корм барадатай кугакаўкi — мышы i iншыя грызуны. Як паказалi назiраннi арнiтолагаў, за шэсць летнiх месяцаў адна барадатая прыгажуня з’ядае каля 700 мышэй. Падрослыя птушаняты кугакаўкi патрабуюць ежу пастаянна, таму барадатая драпежнiца вядзе паляванне таксама i ўдзень. Гэтая унiкальная рыса дазваляе ёй здабываць больш ежы для таго, каб пракармiць усiх сваiх дзетак. Больш гнёздаў гэтых соў у нашых мясцiнах эксперты заўважаюць у «мышыныя» гады. Менавiта 2005 год павiнен стаць спрыяльным для кугакаўкi, бо ўжо зараз назiраецца пiк колькасцi грызуноў.

Паводле апошнiх даных, на Беларусi засталося не больш як 50—100 пар гэтых прыгожых птушак. Кугакаўка — паўночны вiд, занесены ў Чырвоную кнiгу нашай дзяржавы. Атрымлiваецца, што на 200 тысяч беларусаў засталася прыкладна адна пара барадатай кугакаўкi.

Аднак гэта не спыняе браканьераў i iншых злмыснiкаў. Асноўнай прычынай знiкнення вiду з’яўляецца менавiта браканьерскi адстрэл з мэтай вырабу чучалаў.

А забiць кугакаўку зусiм нескладана. Па-за сваiм гняздом гэта адна з самых даверлiвых птушак. Людзi, дапамажыце барадатай прыгажунi выжыць у беларускiх лясах! Для гэтага трэба проста не чапаць яе.