Яшчэ не куры, але ўжо курыныя

Аляксандр АЧАРЭТНI, «Звязда», № 78, 3 травеня 2005 г.

Цi ведаеце вы, якiх птушак больш за ўсё на нашай планеце? Перакананы, здзiвiцеся, калi даведаецеся! Не, не галубоў, якiя тысячамi снуюць у нас пад нагамi, не вераб’ёў, не малых якiхсьцi птушак, а фазанаў!

Так-так, менавiта фазанаў. Калi гаварыць больш дакладна, хатнiх курэй. А куры нашы — гэта i ёсць самыя сапраўдныя фазаны. Дакладней, адна з птушак вялiкага сямейства фазанавых. У дзiкiм выглядзе хмызняковыя банквiйскiя куры жывуць у трапiчных лясах Паўднёвай Азii. Вельмi здзiўляюцца часам падарожнiкi, калi чуюць у трапiчных нетрах знаёмае iм з дзяцiнства «Ку-ка-рэ-ку!», праўда, у воклiчы дзiкiх пеўняў адсутнiчае апошнi склад «ку!», дый меншыя яны за нашых хатнiх стракатачак, больш стройныя i лётаюць добра.

Цяпер жа куры жывуць паўсюдна: на буйных птушкафабрыках, на падворках нашых вяскоўцаў, у iндыйскiх, папуаскiх, негрыцянскiх вёсках... Абсалютна немагчыма дакладна падлiчыць, колькi курэй налiчваецца ва ўсiм свеце. Дакладных звестак няма i нiколi не будзе. Аднак вучоныя мяркуюць, што курэй на нашай планеце не менш чым 5,5 мiльярда, г.зн. па адной курыцы на кожнага жывога чалавека. Ну, а вядомых вераб’ёў на Зямлi таксама хапае — яны займаюць ганаровае, другое пасля курэй, месца.

Аднак пакiнем пакуль курэй у спакоi, звернемся да iх блiжэйшых сваякоў.

У Беларусi ў дзiкiм выглядзе водзяцца два вiды блiжэйшых курыных родзiчаў — звычайная перапёлка i шэрая курапатка. Абодва гэтыя вiды з’яўляюцца любiмымi трафеямi паляўнiчых. Праўда, у апошнiя гады ў Белавежскай пушчы iнтрадуцыраваны яшчэ адзiн вiд сямейства фазанавых — паляўнiчы фазан. Аднак гэтая птушка знаходзiцца там пакуль у паўдзiкiм стане. Iншыя прадстаўнiкi атрада курыных, якiя водзяцца ў нашай рэспублiцы — глушэц, цецярук, рабчык i белая курапатка, — адносяцца да iншых сямействаў i не з’яўляюцца тэмай нашай сённяшняй размовы.

Фазанагадоўля як асобная галiна птушкагадоўлi iснуе ўжо даўно i з кожным годам набывае ўсё большую i большую папулярнасць, у тым лiку i ў нас у Беларусi. Аднак у нашай краiне, у адрозненне ад замежных, фазанагадоўля — гэта справа аматараў-энтузiястаў. На буйных фермах i птушкафабрыках гэтых птушак у нас пакуль не разводзяць.

Першыя спробы штучнага развядзення звычайных фазанаў у Еўропе былi зроблены ў пачатку ХVI стагоддзя. Птушак гэтых разводзiлi для папаўнення дзiчынай паляўнiчых угоддзяў, для дэкаратыўных мэтаў i як мясных птушак (у гэтай сувязi мы ўжо не гаворым пра звычайных хатнiх курэй).

Асаблiвае развiццё фазанагадоўля набыла з канца ХIХ стагоддзя. У Расiйскай iмперыi, напрыклад, былi створаны буйныя гадавальнiкi па развядзенню фазанаў паблiзу Пецярбурга, у Падмаскоўi, у запаведнiку Асканiя-Нова, у Арлоўскай вобласцi i Белавежскай пушчы. Згодна з падлiкамi Нiжагародскага аддзела Iмператарскага таварыства правiльнага палявання, развядзенне паляўнiчага фазана ў гадавальнiках Расii ўжо ў 1904 годзе давала да 13 працэнтаў чыстага прыбытку. Аб’ект асноўнага развядзення — паляўнiчы фазан — уяўляе сабой сумесь розных падвiдаў (рас) звычайнага фазана. Менавiта гэтая птушка вырошчваецца i ў нас у Белавежскай пушчы.

Яркасць i прыгажосць апярэння фазанавых птушак зачароўвае i здзiўляе кожнага, нават вельмi далёкага ад прыроды i пазбаўленага сантыментаў чалавека, у першыя ж хвiлiны знаёмства з гэтымi птушкамi. Разгорнутае веерам доўгае пер’е надхвосця паўлiна, з-пад якога вiдаць кароткi карычневы хвост гэтай птушкi, цi апярэнне залатога фазана, якое размалявана ўсiмi колерамi вясёлкi i адлiвае жоўтым металам, прыносiць вялiкую эстэтычную асалоду чалавеку, што прысутнiчае падчас шлюбных гульняў гэтых птушак. Вось чаму папулярнасць фазанавых птушак расце з году ў год, i многiя птушкаводы-аматары мараць завесцi розныя iх вiды на сваiх падворках. Гэтая акалiчнасць стварыла значны попыт на ўсе вiды дэкаратыўных фазанавых птушак, з якiх прасцей за ўсё набыць розныя падвiды звычайнага фазана, шэрых курапатак, кеклiкаў i звычайных паўлiнаў. Усе гэтыя птушкi цудоўна прыстасоўваюцца да капрызных умоў беларускай прыроды, добра жывуць у вальерах i нядрэнна размнажаюцца ў няволi.

Звычайнага фазана ў заходнiх краiнах апошнiм часам усё часцей разводзяць у гастранамiчных мэтах, асаблiва ў краiнах з развiтой мясной птушкагадоўляй: ЗША, Канадзе, Вялiкабрытанii i iнш. Тэндэнцыя да выкарыстання дзiчыны, у прыватнасцi, паляўнiчых фазанаў, звязана з насычэннем рынку мясам куранят-бройлераў i iндычак, а таксама з пагаршэннем якасцi мяса хатняй птушкi з-за iнтэнсiфiкацыi прамысловай вытворчасцi.

Улiчваючы значную «хуткаспеласць» паляўнiчага фазана, гэтую птушку мэтазгодна разводзiць не толькi на птушкафабрыках, але i на хатнiх падворках.

Дзе набыць рознага вiду фазанавых? Як вядома, пры вялiкiм жаданнi можна ўсё, хоць нескладана даць i некалькi канкрэтных «наводак». Па-першае, варта звярнуцца ў заапарк. У гэтых установах нярэдка прадаюць лiшкi курыных птушанят (i не толькi). Акрамя таго, можна звярнуць увагу на аб’явы ў спецыялiзаваных перыядычных выданнях. У Беларусi безумоўны лiдар сярод такiх выданняў — часопiс «Гаспадар». Апроч таго, нашы нешматлiкiя аматары птушак нярэдка вясной прадаюць птушанят фазанавых на рынках. У Мiнску найперш гэта рынак «Ждановiчы». Лiдарам па колькасцi прадаваемай птушынай экзотыкi на постсавецкай прасторы з’яўляецца маскоўскi рынак «Садавод». Часта ў гэтай сувязi згадваецца вядомы маскоўскi «Птушыны рынак», але, на жаль, гэтая «мека» аматараў жыўнасцi ўсёй СНД ужо некалькi гадоў як закрыта. Можна патэлефанаваць i на нашы беларускiя птушкафабрыкi. Наконт наяўнасцi ў iх фазанаў сказаць нiчога нельга, аднак перапёлкi i цацаркi (апошнiя не адносяцца да фазанавых, але самi па сабе птушкi цiкавыя) на некаторых птушкафабрыках ёсць.

Яшчэ адносна гастранамiчнай накiраванасцi фазанагадоўлi. Як вядома, пакупнiк заўсёды мае рацыю не толькi ў нас, але i ва ўсiм свеце, i за свае грошы ён жадае набыць не проста тушку птушкi, а вельмi экзатычную, з пункту гледжання чалавека, тушку. Тушкi ж птушак з каляровым апярэннем недасведчаны пакупнiк прымае за крышку бруднаватыя. Менавiта таму заходнiмi птушкаводамi была выведзена белая морфа паляўнiчага фазана. Белыя фазаны — гэта ўжо не паўдзiкая, а зусiм хатняя птушка, якая не ў стане пражыць без удзелу чалавека.

Фазанавыя — гэта найбольш вялiкае i багатае на вiды сямейства курападобных (galliformes), якое аб’ядноўвае 182 вiды вельмi разнастайных па велiчынi, афарбоўцы апярэння i ўмовах жыцця птушак. Яны распаўсюджаны амаль паўсюдна, па зразумелых прычынах адсутнiчаючы толькi ў Антарктыдзе i на аддаленых ад мацерыкоў акiянiчных астравах. Многiя вiды фазанавых птушак аклiматызаваны ў мясцовасцях, дзе яны да гэтага нiколi не вадзiлiся.

Большасць фазанавых — насельнiкi адкрытых прастораў, парослых густой раслiннасцю i хмызнякамi. Аргусы, звычайны i iспалiнскi паўлiны жывуць у глухiх лясах. Iншыя вiды — кеклiкi, турачы, некаторыя фазаны — селяцца ў гарах, аддаючы перавагу скалiстай мясцовасцi.

Большасць фазанавых адносiцца да аседлых птушак, якiя не перамяшчаюцца вельмi далёка ад наседжаных месцаў. Толькi звычайная перапёлка, якая жыве i ў нас у Беларусi, адносiцца да пералётных птушак.

Харчуюцца фазанавыя птушкi пераважна раслiннай ежай — насеннем, зялёнымі часткамi, каранямi i клубнямi розных раслiн — з невялiкiмi дабаўкамi раслiнных кармоў. Гэты факт вельмi важны пры ўтрыманнi птушак на падворках. Аднак птушаняты большасцi птушак гэтага сямейства ўжываюць у асноўным жывёльную ежу, толькi пазней пераходзячы на раслiнную. У хатнiх умовах з гэтым нескладана справiцца, кормячы птушак сечанымi яйкамi з адварнымi мяснымi i рыбнымi адходамi. Як бачыце, кармленне фазанавых прынцыпова не адрознiваецца ад кармлення звычайных хатнiх курэй — iх блiжэйшых сваякоў.

Амаль для ўсiх фазанавых характэрны цяжкiя токавыя (шлюбныя) паводзiны. Асаблiва прыгожыя падчас такавiшча аргусы i паўлiны, якiя разгортваюць сваё доўгае пер’е надхвосцяў у выглядзе веера. Узаемаадносiны палоў гэтых птушак вельмi разнастайныя, ёсць сярод iх манагамы (птушкi, якiя жывуць парамi, як, напрыклад, наша шэрая курапатка); ёсць i полiгамныя (гарэмныя) вiды. Самцы падчас такавiшча ахоўваюць свае ўчасткi ад сапернiкаў, у некаторых вiдаў (паўлiнавыя фазаны i iнш.) барацьба за гнездавую тэрыторыю адбываецца i памiж самкамi. Гняздо звычайна робiцца на зямлi, i толькi некаторыя вiды (рагатыя i глянцавыя фазаны) прыстасоўваюць яго на кусце цi дрэве, часта выкарыстоўваючы для гэтага гнёзды iншых птушак.

Многiя вiды фазанавых занесены ў Мiжнародную чырвоную кнiгу, але даволi добра размнажаюцца ў няволi — у заапарках цi вальерах аматараў. Таму ў няволi яны больш шматлiкiя, чым у месцах натуральнага пражывання.