У старонцы маёй — мёд пахучы
«Голас Радзiмы», 23.06.2005
Яшчэ з маладосці думкі і пачуцці Івана Літоша складваліся ў вершы, таму іх набралася мноства. І толькі нядаўна ва Украіне, дзе ён зараз жыве, выйшаў першы яго паэтычны зборнік “Памяць сэрца”. Нарадзіўся Іван Ахрэмавіч у 1935 годзе ў вёсцы Селішчы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, працаваў на чыгунцы, але паэтычныя здольнасці і любоў да літаратуры прывялі яго з цягам часу на філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Пасля Іван Ахрэмавіч настаўнічаў, працаваў у раённым аддзеле народнай асветы... Свае вершы піша на беларускай мове, нягледзячы на тое, што ўжо шмат часу жыве ва Украіне, на якую трапіў па волі лёсу: “з-пад Жытоміра зваба адна. Так схапіла за сэрцайка вольнае...” Сёння мы прадстаўляем чытачам вершы, дасланыя Іванам Літошам на конкурс.
Іван ЛІТОШ (Украіна)
БЕЛАВЕЖЖА
Распляло Белавежжа свой чысты світанак,
Таямніцай напоўніла аж да краёў
Неабсяжнасць лясоў, дзе шалёнай маланкай
Вырасталі гады, як дубы, з каранёў.
Прападалі стагоддзі ў гушчарах замшэлых,
На рэліктавых дрэвах — кругамі сляды,
На таемных сцяжынах ля возера Белага
Недзе трубяць зубры ад халоднай вады.
Цішыня раскалолася звонкаю зоркай,
Пушчы, птушкі, звяры тут сабе каралі.
Белавежская пушча — святая старонка
У кнізе цудаў маёй беларускай зямлі.