Пачуць голас прыроды

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, «Звязда», № 140, 29.07.2005

Сучасных людзей трэба гэтаму вучыць, лiчыць Наталля ФЁДАРАВА, начальнiк аддзела iнфармацыi Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя

— Наталля Юр’еўна, давайце спачатку разбяромся, чым адрознiваюцца экалагiчны турызм ад сельскага?

— Згодна з iснуючым законам, экатурызм — гэта падарожжа, якое ажыццяўляецца з мэтай экалагiчнага выхавання i адукацыi. Але на практыцы немагчыма арганiзаваць такое падарожжа i ўстойлiвы попыт на яго без сеткi сельскiх мiнi- гасцiнiц, якiя забяспечваюць камфорт для турыстаў. Таму, я лiчу, што нельга падзяляць гэтыя два вiды турызму i займацца iмi паасобку. Экалагiчнае асветнiцтва неабходнае i гаспадару вясковай сядзiбы. Бо мала толькi стварыць умовы для адпачынку чужых людзей у сваiм доме. Турыстаў трэба нечым зацiкавiць. Ды i не настолькi мы яшчэ адарвалiся ад вёскi, каб гараджане ехалi туды толькi паглядзець, як доiцца карова цi расце бульба. Да таго ж, сапраўды, Беларусь мае вялiзнае прыроднае багацце. Гэта нiякае не перабольшанне. Тое, што вы бачыце на нашых рэкламных ролiках, толькi маленькая частка цуду, якi, на жаль, невядомы для большасцi нашых людзей.

I вось яшчэ што. Калi ад вёскi беларусы яшчэ не вельмi адарвалiся, дык ад прыроды яны адышлi ўжо небяспечна далёка. У вынiку людзi робяцца спажыўцамi, губляюць далiкатнасць у адносiнах да таго, што iх абкружае i, незаўважна для сябе самiх, становяцца забойцамi нерукатворнай прыгажосцi. Калi да прыроды ставiцца без павагi i чуласцi, яна помсцiць чалавеку глабальнымi катастрофамi i хваробамi. Таму ў рэспублiцы створана каля паўтары тысячы асаблiва ахоўных тэрыторый, агульнай плошчай каля 2 мiльёнаў гектараў.

— Цi на ўсiх з такiх тэрыторый можна развiваць сельскi турызм?

— Ёсць адно месца, дзе нельга гэтага рабiць. Нядаўна вялася дыскусiя, каб Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк зрабiць цэнтрам экатурызму. Гэта было б страшнай памылкай. Бярэзiнскi запаведнiк уваходзiць у сетку бiясферных запаведнiкаў свету, якiх усяго 41. Дзякуючы iм чалавецтва сочыць за станам прыроды на планеце. Таму ў Бярэзiнскiм запаведнiку забароненая ўсялякая гаспадарчая дзейнасць, гэта ўвогуле павiнна быць тэрыторыя пакою. Разам з тым не выключана стварэння ў некаторых яго частках сцежак для назiрання за навакольным асяроддзем вельмi абмежаванай колькасцi людзей, навукоўцаў.

У нас ёсць шмат iншых мясцiн, у якiх можна развiваць сельскi турызм без адчувальнай страты для прыроды. Гэта нашы нацыянальныя паркi. Яны стваралiся менавiта для таго, каб спалучаць рэжым аховы пэўных зон з магчымасцю адпачынку для людзей: Белавежская пушча, Браслаўскiя азёры, Прыпяцкi i Нарачанскi паркi. У нас амаль сто заказнiкаў рэспублiканскага значэння i каля паўтысячы — мясцовага, што зусiм не азначае iх меншай значнасцi цi цiкавасцi.

Яшчэ мы маем каля 900 помнiкаў прыроды: часткi лесу, унiкальныя раслiны, дрэвы, валуны. Для экалагiчнага турызму яны — вялiзны рэзерв, бо кожнае дрэва цi валун мае сваю гiсторыю, легенду.

Але сёння мы больш за ўсё плануем развiваць экатурызм на тэрыторыях заказнiкаў.

— Як гэта будзе выглядаць на справе?

— Навукоўцы спецыяльна адабралi каля 40 заказнiкаў, на тэрыторыi якiх будуць арганiзаваныя органы кiравання. Летась мы мелi невялiкi вопыт стварэння такiх органаў. Але, калi адмiнiстрацыя створана дзеля сябе самой, калi там няма турыстаў, сэнсу яна не мае. Менавiта развiццё экалагiчнага турызму ў спалучэннi з сельскiм павiнна забяспечыць выкарыстанне гэтых тэрыторый з карысцю i для прыроды, i для дзяржавы, i для рэгiёна, i для вёскi. Сельскi турызм — адзiн з найбольш эфектыўных сродкаў адраджэння вёскi. Калi вясковец зробiць сваю сядзiбу прывабнай для турыста, ён будзе мець дадатковы даход, а мы будзем мець гасцiнiцу, у якой экатурыст спынiцца з вялiкiм задавальненнем, будзе адчуваць сябе як дома.

— Але сам па сабе турыст, спынiўшыся ў сядзiбе, якая знаходзiцца ў прыродаахоўнай зоне, цi побач з ёй, не ўбачыць таго, дзеля чаго гэтая зона створаная.

— Канешне, яго трэба павесцi, паказаць яму i расказаць, прычым зрабiць гэта прафесiйна, з навуковай падрыхтоўкай. Адмiнiстрацыi, якiя мы ствараем у заказнiках, заклiканыя арганiзаваць такое пазнавальнае падарожжа, распрацаваць маршруты. Яны павiнны навучыць законам прыроды гаспадароў сядзiб i, праз iх, турыстаў. Калi людзi будуць трымацца гэтых законаў, яны адкрыюць для сябе тое, што дагэтуль было для iх закрытае.

Таму я ўпэўненая, што ў Закон аб турызме неабходна ўнесцi змены, якiя забяспечылi б развiццё сельскага турызму. Акрамя таго, трэба стварыць каардынуючы орган, якi вёў бы ўсе пытаннi сельскага турызму, бо тут перасякаюцца iнтарэсы многiх ведамстваў.

— Цi гатовае Мiнпрыроды арганiзаваць экалагiчнае навучанне гаспадароў сядзiб?

— Гатовае, але пакуль няма арганiзацыi, якая б нашу гатоўнасць спалучыла з iх зацiкаўленасцю. Патрэбны каталогi, вучоба, арганiзацыя. Вось пра што размова. Але ўжо тое, што мы з вамi кажам пра гэта, сведчыць: змены да лепшага не за гарамi. Ужо сёння пра многае можна дамовiцца з леснiкамi, егерамi, раённымi арганiзацыямi па ахове прыроды. Напрыклад, паглядзець глушцовае такавiшча, асцярожна паназiраць за рэдкiмi птушкамi. Чалавек не здольны ацанiць багацце свайго краю, пакуль не ўбачыць яго сваiмi вачамi, пакуль не адчуе з iм роднасць, а значыць i адказнасць за яго захаванне. Вось у чым сэнс i стварэння заказнiкаў, i развiцця ў iх сельскага турызму.