Літаратурная Камянеччына

Падрыхтаваў Адам МАЛЬДЗIС, «Голас Радзiмы», 11.08.2005.

Як вядома, сёлета Дзень беларускага пісьменства і друку пройдзе ў Камянцы Брэсцкай вобласці. Раздаюцца скептычныя галасы, што, маўляў, Камянеччына прамога дачынення да гэтага свята не мае. Але ці не мае? Давайце, паважаныя чытачы, зробім уяўную экскурсію па літаратурных мясцінах Камянеччыны і пераканаемся, што мае. Як і кожны іншы раён Беларусі.

Горад Камянец

КАМЯНЕЦКАЯ (“БЕЛАЯ”) ВЕЖА. Помнік абарончай архітэктуры ХІІІ стагоддзя. З 1960 года выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Вежы прысвечаны вершы Алеся Бачылы, Казіміра Камейшы, Язэпа Пушчы, Васіля Сахарчука, Яраслава Смелякова, Міхася Рудкоўскага, Міхася Стрыгалёва, паэма Алега Лойкі “Белая вежа”.

***

Ніна ГАРАГЛЯД, паэтэса, ураджэнка хутара Паўлінава Пінскага раёна, жыве ў Камянцы, працуе ў раённай газеце “Навіны Камянеччыны”.

Mіхал Францішак КАРПОВІЧ (4.10.1744 — 5.11.1803), публіцыст, багаслоў-асветнік, палітычны i царкоўны дзеяч. Нарадзіўся ў Камянцы ў дробнашляхецкай сям’i. Вучыўся ў Брэсцкім езуіцкім калегіуме (1751 —1761). Як прафесар філасофіі працаваў у Варшаве, Кракаве i Вільні. З’яўляўся арганізатарам “народных школ” у Беларусі i Літве. Аўтар двух тамоў “Казанняў”, дзе выступаў супраць жорсткасці феадалаў. Пісаў вершы з нагоды розных падзей у жыцці мясцовых магнатаў. Нягледзячы на духоўны сан, прымаў удзел у паўстанні 1794 года, уваходзіў у склад Літоўскага паўстанцкага ўрада. Пасля паражэння паўстання паўлегальна жыў на Сувальшчыне (Польшча). Меў багатую бібліятэку.

Святлана КУРЫЛЁВА, празаік, нарадзілася 25.4.1928 у Жытоміры ў сям’i вайскоўца. Скончыла Харкаўскі універсітэт. Аўтар зборнікаў “Жаўранкі на вуліцы” (1965), “І нялёгка, i няпроста” (1975), “Формула поспеху” (1979), “Дабрыня” (1983). Жыве ў Камянцы.

Вільгельм КЮХЕЛЬБЕКЕР [10(21).6.1797 — 11(23).8.1848], рускі паэт-дзекабрыст. Быў у Камянцы ў 1826 годзе праездам у Варшаву, калі пасля паўстання ратаваўся ад арышту.

***

Вёска Бушмiчы Вярховiцкага сельсавета

Тут нарадзіўся Уладзімір Стэльмах [2(15).12.1907 —27.1.1974], драматург, тэатральны дзеяч, тэатразнавец, акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. З сялянскай сям’і, якая жыла ў Бушмічах да 1915 года. Пасля вяртання з бежанства ў 1920 годзе пасяліліся ў вёсцы Пятроўшчына пад Мінскам. Адукацыю атрымаў у Белпедтэхнікуме i ў студыі БДТ-2, Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў дырэктарам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы і Беларускага тэатра юнага гледача. Аўтар п’ес “Шляхі” (1930), “Тры крыжыкі” (І932), успамінаў “Тэатр і час” (1973). Быў добра знаёмы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Кандратам Крапівой, Міхасём Чаротам, Міхасём Зарэцкім і іншымі.

Вёска Вiдамля, цэнтр сельсавета

Кастусь КАЛІНОЎСКІ, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт, ураджэнец вёскі Мастаўляны (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча), бываў тут у стрыечнай сястры, калі прыязджаў на Берасцейшчыну для стварэння паўстанцкіх атрадаў у красавіку 1863 года.

Вёска Войская, цэнтр сельсавета

Радзіма Плакіда ЯНКОЎСКАГА (20.9.1810 — 11.3.1872), празаіка, паэта, публіцыста, перакладчыка. Нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара. Вучыўся ў базыльянскай школе ў Брэсце, потым у Віленскім універсітэце. Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Стаў уніяцкім, потым праваслаўным святаром. Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў кнігі прозы на польскай мове “Засценак” (1841), “Хвілінка” (1842), “Апавяданні” (1843), “Складзеная аповесць” (1843, разам з Юзафам Крашэўскім), “Фанабэрыя пана старосты Канеўскага” (1873), камедыю “Прадчуванне” (1842) і іншыя. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Уільяма Шэкспіра, Іагана Вольфганга Гётэ і іншых. На рускай мове (у “Литовских епархиальных ведомостях”) з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

Вёска Воўчын, цэнтр сельсавета

Палацава-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя Чартарыйскіх, пасля Панятоўскіх. Сюды з Варшавы часта прыязджаў польскі паэт, ураджэнец Віцебска, Францішак КнЯзьнІн. У 1778 годзе тут жыў польскі паэт, драматург, перакладчык Ігнацій БЫКОЎСКІ. Яны сябравалі, перапісваліся. Ад тых часоў засталіся рэшткі касцёла ў стылі позняга барока (1733), дзе нейкі час, да пераносу ў Варшаву, быў пахаваны ўраджэнец Воўчына, апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст ПанЯтоЎскІ, які апекаваўся пісьменнікамі, сам добра ведаў літаратуру, асабліва англійскую паэзію, перакладаў “Гамлета” У. Шэкспіра на польскую мову.

Вёска Высокае, цэнтр сельсавета

Вільгельм КЮХЕЛЬБЕКЕР, pycкi паэт-дзекабрыст. У 1826 годзе быў у Высокім праездам, ратуючыся ад арышту пасля паўстання 1825 года.

Радзіма Яраслава МАРКЕВІЧА (нарадзіўся 12.6.1942), польскага паэта i празаіка.

Вёска Вярховiчы, цэнтр сельсавета

Радзіма Віктара ГЕЛЬТМАНА (23.12.1796 —16.7.1874), польскага публіцыста i рэвалюцыянера. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі жыў у Варшаве, дзе заснаваў студэнцкую арганізацыю “Саюз вольных палякаў”. Быў рэдактарам яе органа “Dekada Polska”. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў. Памёр у эміграцыі ў Бруселі. Яго багатая публіцыстычная спадчына засталася ў рукапісах.

Вёска ЗабалаццеДзмiтравiцкага Сельсавета

Радзіма Васіля ЖУКОВІЧА (нарадзіўся 7.11.1940), паэта, празака, перакладчыка. Аўтар лірычных, публіцыстычных i гумарыстычных вершаў, якія склалі зборнікі “Суседства” (1982), “Цана цішыні” (1985), “Твая місія” (1988), “Разняволенне” (1990), а таксама кніжак прозы, вершаў для дзяцей. Па словах паэта, яго родныя мясціны жывуць у дзесятках вершаў, ім прысвечана аповесць “Як адна вясна”.

Вёска Камянюкi, цэнтр сельсавета

Адміністрацыйны цэнтр БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ, унікальнага помніка прыроды сусветнага значэння. У пачатку ХVІ стагоддзя паэт i дыпламат Мікола ГYCOЎCКI прысвяціў гаспадару Белавежскай пушчы паэму “Песня пра зубра”, у якой апяваў сілу i прыгажосць буйнейшай жывёліны нашых лясоў i павагу людзей да яго. Аркадзь КУЛЯШОЎ прысвяціў Белавежскай пушчы паэму “Грозная пушча”, дзе ацаніў яе як “цэлы край са сваім першародным жыццём”. Уладзімір КАРАТКЕВІЧ прысвяціў Белавежскай пушчы нарыс “Зялёны шум”, называў яе “самым лепшым кутком” нашай краіны. У Камянюках працуе Музей Белавежскай пушчы.

Гісторыка-краязнаўчы музей адкрыты ў КАМЯНЮЦКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЕ. Матэрыялы яго сабраны настаўнікамі і вучнямі школы.

Частым госцем у пушчы бывала польская пісьменніца Эліза АЖЭШКА, калі жыла ў Гродне. Першы раз яна наведалася сюды ў жніўні 1898 года, другі — на Вялікдзень 1899 года, трэці — у красавіку 1900 года. Белавежская пушча натхніла пісьменніцу напісаць кнігу “Аd astra”.

У 1862 годзе тут пабываў праездам з Гродна ў Пінск рускі пісьменнік Мікалай ЛЯСКОЎ. Пісаў з дарогі карэспандэнцыі для часопіса “Северная пчела”. Уражанні ад паездкі па Беларусі ён выкарыстаў у рамане “Няма куды”, у серыі карэспандэнцый “3 аднаго дарожнага дзённіка”. Аповесць “Жыццё адной бабы” мае прысвячэнне “Вікенцію Каратынскаму”, беларускаму і польскаму паэту, з якім ён сябраваў. На беларускай мове выйшлі кнігі М.Ляскова “Тупейны мастак” (1937), “Чалавек на варце” (1947).

У 1882 разам з этнографам і гісторыкам Зыгмунтам Глогерам Белавежскую пушчу наведаў польскі пісьменнік Генрык СЯНКЕВІЧ. У выніку паездкі была напісана навела “3 Белавежскай пушчы”, апублікаваная ў львоўскім часопісе “Lowiec” у 1883 годзе. Пра пушчу ўспамінае пісьменнік і ў рамане “Патоп”.

Вёска Кругель Ратайчыцкага сельсавета

Радзіма Уладзіміра ГНІЛАМЁДАВА (нарадзіўся 26.12.1937), крытыка, літаратуразнаўца, акадэміка НАН Беларусі, дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. У 1944-1954 гадах ён вучыўся ў Кругельскай сярэдняй школе. Выдаў кнігі “Лірычны летапіс часу” (1967), “Сучасная беларуская паэзія” (1969), “Традыцыі і наватарства” (1972), “Як само жыццё” (1980), “Класікі і сучаснікі” (1987) і іншыя. Аўтар рамана пра бежанцаў з Брэстчыны ў час Першай сусветнай вайны. Жыве ў Мінску.

Алесь РАЗАНАЎ, паэт і перакладчык, ураджэнец вёскі Сялец Бярозаўскага раёна, працаваў настаўнікам у Кругельскай школе, стварыў у ёй літаратурны гурток.

Вёска Мала-Ельня Войскаўскага сельсавета (не iснуе)

Адсюль родам Марцін МАТУШЭВІЧ (11.11.1714 —1773), празаік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў езуіцкіх установах Драгічына і Брэста. 3 1768 года брэсцкі кашталян. Аўтар успамінаў (“Wspomnienia”, т. 1-4. Варшава, 1876), дзе шырока паказаў падзеі мясцовага жыцця. Пераклаў сатыры Гарацыя. Пісаў на польскай і лацінскай мовах.

Вёска Навасёлкi Воўчынскага сельсавета

Тут 4 кастрычніка 1939 года нарадзіўся паэт, сябра Саюза пісьменнікаў Украіны Міхайла ПЯСЕНКА. Аўтар кніг “Рэха маіх вёснаў” (1976), “Барвовыя сонцы” (1979). Піша на рускай мове. Жыве ў Луганску.

Вёска Расна, цэнтр сельсавета

Тут знаходзіўся родавы маёнтак польскага пісьменніка Марціна МАТУШЭВІЧА, дзе ён жыў і працаваў над перакладамі.

Вёска Такары Агароднiцкага сельсавета

Радзіма Усевалада ІгнатоЎскага (19.4.1881 — 4.2.1931), гісторыка, грамадскага дзеяча, педагога, аднаго з першых даследчыкаў творчасці Міхася Чарота. Нарадзіўся ў сям’і народнага настаўніка. Быў ахрышчаны ў Такарскай царкве. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім і Юр’еўскім (скончыў у 1911-м) універсітэтах. 3 1914 года выкладаў гісторыю і эканамічную геаграфію ў Мінскім настаўніцкім інстытуце. У 1920-я гады займаў шэраг высокіх пасад у партыйных і дзяржаўных органах, спрыяў палітыцы беларусізацыі. У 1928-1931 гадах прэзідэнт Акадэміі навук БССР. У 1931 годзе быў беспадстаўна абвінавачаны, загінуў, не вытрымаўшы рэпрэсій. У вёсцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: “У в. Такары нарадзіўся першы прэзідэнт, акадэмік АН БССР Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч, 1881-1931”. Дошка вучонаму ўстаноўлена таксама ў Мінску на будынку былога Інбелкульта (вуліца Рэвалюцыйная, 15).

НА РЭПРАДУКЦЫІ: Камянецкая (Белая) Вежа. Малюнак для паштоўкі, выдадзенай у 1957 годзе. (З калекцыі А. Мальдзіса).