
На камянецкую зямлю прыйшло свята. У гэтыя памятныя днi будуць зноў i зноў упамiнаюцца iмёны славутых землякоў: i асветнiка ХVIII стагоддзя Мiхаiла Карповiча, i гiсторыка, першага прэзiдэнта Акадэмii навук Беларусi Усевалада Iгнатоўскага, драматурга Уладзiмiра Стэльмаха, лiтаратуразнаўца Уладзiмiра Гнiламёдава. Спiс можна доўжыць, пушчанскi край — радзiма многiх знакамiтых людзей. Але варта ўспомнiць i тых, хто сёння жыве i працуе на Камянеччыне.
Уладзiмiра Лявонцьевiча БЯДУЛЮ, кiраўнiка СВК «Савецкая Беларусь», ведаюць амаль ва ўсiх кутках былой вялiкай краiны. Сёння пра двойчы Героя Сацыялiстычнай Працы, у якога на носе — паўвекавы юбiлей старшынёўства, можна гаварыць не толькi як пра знакамiтага аграрыя, але i грамадскага дзеяча, прапагандыста народнай культуры, а таксама мастацкага i публiцыстычнага слова, добрай музыкi i песнi. Не кожны сталiчны дом або палац культуры можа, вiдаць, пахвалiцца такiм букетам знакамiтасцяў, якiя пабывалi на яго сцэне, як культурная ўстанова ў Расне. Працаўнiкi «Савецкай Беларусi» бывалi на канцэртах Аляксандры Пахмутавай i Мiкалая Дабранравава, Валерыя Лявонцьева i Льва Лешчанкi, Рускага народнага хору iмя Пятнiцкага i «Песняроў». Сустрэчы са Святаславам Рыхтарам, Юрыем Левiтанам, Мiхаiлам Ульянавым, Андрэем Вазнясенскiм, Яўгенам Еўтушэнкам, Iгарам Лучанком ладзiлiся ў вясковым Доме культуры дзякуючы нястомнай энергii, а таксама любовi да мастацтва расненскага старшынi.
А праблема стаўлення да кнiгi — гэта цэлая фiласофiя ад Бядулi. У Курта Ванегута я аднойчы прачытала ледзь не мальбу да нашчадкаў не адмаўляцца ад кнiг. «З iмi так добра, — пiсаў класiк сусветнай лiтаратуры. — Кнiгi шчырыя. Iм усяго i трэба, каб iх трымалi ў руках, каб iх любiлi. А камп’ютарам ад нас патрэбныя толькi грошы». I нечакана для сябе амаль тое ж, толькi iншымi словамi, пачула ад старшынi калгаса. «Некалi мы ганарылiся тым, што мы — чытаючая нацыя. А зараз кнiгу адсоўваюць камп’ютар i тэлевiзар», — гаворыць Уладзiмiр Лявонцьевiч. Гэтай несправядлiвасцi нястомны аматар кнiгi процiпаставiў свой невялiкi ўклад у выдавецкую справу i стаў заснавальнiкам праекта па выданнi кнiжак Мiхаiла Шыманскага «Это нужно живым» i «Прийти и поклониться», напiсаных да 60-годдзя Вялiкай Перамогi.
Не без удзелу Бядулi змагла паехаць на конкурс «Мiнi-мiс свету» салiстка танцавальнай студыi «Непаседы» Расненскага Дома культуры Саша Шкурдода. Сваiм майстэрствам, пластыкай, самабытнасцю вясковая дзяўчынка пакарыла сэрцы строгага мiжнароднага журы, i тытул «Мiнi-мiс свету» тры гады таму быў аддадзены Беларусi.
Талентамi Бог не абдзялiў камянецкую зямлю. Расцiць iх i выхоўвае дырэктар Высокаўскага цэнтра пазашкольнай работы Людмiла ДУДАР. Фальклорны гурт «Катрынка» нядаўна стаў узорным калектывам. Але школьнiкi не толькi пяюць i танцуюць народныя творы. Яны вядуць пошукавую работу. Ходзяць у экспедыцыi, знаходзяць народных выканаўцаў, запiсваюць песнi, потым праводзiцца iх апрацоўка ў стылi фольк-мадэрн, i ў новым варыянце творы даносяцца да слухача. «Катрынка» ганарыцца тым, што з’ўляецца прапагандыстам народнай песнi ў маладзёжным асяродку. Дарэчы, катрынка — гэта не скарочанае дзявочае iмя — гэта старадаўнi iнструмент, па-руску «шарманка». Удзельнiкi гурта з задавальненнем тлумачаць сваю назву, расказваюць пра музей, створаны сваiмi рукамi, пра свае песнi i аранжыроўкi, пра гастролi, у тым лiку замежныя. Аб’яднаць i заразiць юных высокаўцаў любоўю да народнага слова, музыкi, танца змагла яна, Людмiла Рыгораўна Дудар.
Камянеччына — асаблiвы край, край Белавежскай пушчы. Векавы лес з’яўляецца не толькi нацыянальным багаццем, запаведнай зонай, крынiцай натхнення творчых асоб, але, я сказала б, рэлiгiяй мясцовых людзей. Не ўсiх, вядома, некаторых, якiя надзелены асаблiвым дарам — разумець каштоўнасць прыроды i яе асаблiвае прызначэнне i несцi гэта разуменне iншым. Да такiх можна смела аднесцi дырэктара Камянюкскай сярэдняй школы Валянцiну ФРАЛОВУ.
Яшчэ ў 1989 годзе педагог-лiтаратар выступiла iнiцыятарам праекта экалагiчнай школы, у час калi пра экалогiю наогул вельмi мала гаварылi. Праз шэсць гадоў школа атрымае статус экалагiчнай. А пазней Валянцiна Уладзiмiраўна, ужо дырэктар школы, напiша: «Нiхто не можа даць дакладныя прагнозы на развiццё краiны, свету ў цэлым. Дык вось, калi будзем iсцi ад каранёў зямлi, будзем заўсёды на правiльным шляху ў сваiх мэтах, надзеях, веры, выхаваннi. Нашы дзецi вельмi ганарацца тым, што жывуць у пушчы. Гэта пачуццё гонару за малую радзiму мы выхоўваем у школе. I ў iм жа чэрпаем духоўныя сiлы для работы з дзецьмi».
Валянцiна Фралова вырасла i жыве ў пушчы. Жыццё некалi вырашыла прысвяцiць выкладанню лiтаратуры. I заўсёды разважала над вышэйшым прызначэннем чалавека, iмкнулася спасцiгнуць заканамернасцi развiцця асобы i прыйшла да высновы, што адказы трэба шукаць у адносiнах людзей з навакольным светам. Так нарадзiлася iдэя. А ўвасабленнем яе стала сённяшняя Камянюкская школа з яе мноствам гурткоў i клубаў. Тут дзецi з задавальненнем застаюцца на падоўжаны дзень. Яны падвязваюць i ўцяпляюць дрэвы, вядуць назiраннi, працуюць i адпачываюць у экалагiчным лагеры. У школе працуе цiкавая дзiцячая грамадская арганiзацыя «Экаполiс». Новыя яе сябры атрымлiваюць прыгожы значок з выявай зубра i выконваюць «экаполiсныя» запаветы, адзiн з якiх гаворыць: «Вывучай навакольны свет i ўмей рабiць яго прыгажэйшым». Тым, хто вызначыўся высокай культурай, асаблiва трапяткiм i беражлiвым стаўленнем да прыроды, 1 верасня ўручаюць медаль «За чалавечнасць».
Перад пачаткам гэтага навучальнага года дырэктар школы ў абласным упраўленнi адукацыi атрымала ганаровы сертыфiкат у намiнацыi «Рэалiзацыя аўтарскiх педагагiчных калектываў» за стварэнне мадэлi сельскай школы «Экаполiс». Многiя выпускнiкi Камянюкскай школы становяцца бiёлагамi, медыкамi, эколагамi, настаўнiкамi. А галоўны набытак педагогаў — што вучнi не зломяць дрэва, не пакрыўдзяць жывёлiну, не пакiнуць смецце на лясной паляне. На думку Валянцiны Уладзiмiраўны, тут было б проста грэх не выхоўваць адпаведным чынам дзяцей. Камянюкi — не проста вёска ў лесе. У мястэчку жывуць захавальнiкi прыроды, вучоныя, навуковыя работнiкi аддзелаў нацыянальнага парку. У вёсцы тры бiблiятэкi, адна з якiх — навуковая. I цалкам лагiчна, што праект школы, якая нарадзiлася ў гэтым храме прыроды, адзначаны ў магiстратуры пры Нацыянальным iнстытуце адукацыi «за гуманiзм i рэалiзм».
Не толькi за ўсплёск iнтэлектуальнай экалагiчнай думкi могуць дзякаваць пушчы яе жыхары. Аднойчы лес стаў музай i для мастака-рэзчыка Iрыны КУШНЯРУК. Нарадзiлася i вырасла таленавiтая дзяўчына на Магiлёўшчыне. А ў Камянюкi прыехала па размеркаваннi. I лепшага месца для пошуку сюжэтаў i натхнення, здаецца, не прыдумаеш. З нечай лёгкай рукi першую персанальную выставу мастачкi ў Брэсце назвалi «Пушчанская чараўнiца». I гэта словазлучэнне надзiва ёй падыходзiць. Яе карцiны, фiгуры з дрэва нясуць у сабе асаблiвае адчуванне Белавежскай пушчы, дзiўнае спалучэнне казачнага i рэальнага. Работамi Iрыны Кушнярук аздоблены Музей прыроды, рэзiдэнцыя беларускага Дзеда Мароза, пляцоўкi для адпачынку на слонiмскай i ваўкавыскай трасах. Многiя з яе твораў знаходзяцца ў асабiстых калекцыях аматараў мастацтва Францыi, Бельгii, Iталii, Аргенцiны, ЗША ды iншых краiн. Разны абраз «Нараджэнне Iiсуса Хрыста» з удзячнасцю прыняў у дар Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Аляксiй II.
Дарэчы, на свяце можна будзе ўбачыць работу Iрыны, вынiк творчага пленэра, дзе яна была адзiнай жанчынай. Нялёгкая гэта справа — пiлой i сякерай пiлаваць i выдзёўбваць з дубовага бервяна скульптуру. Нездарма мастачку называюць не толькi таленавiтым, але i працавiтым чалавекам.
Працавiтых тут, на шчасце, большасць. Камянецкi раён, адзiн з буйнейшых сельгасвытворцаў вобласцi, летась быў першым у рэгiёне па вытворчасцi збожжа i цукровых буракоў, а па нарыхтоўцы кармоў выйшаў лепшым па краiне. Сёлета за паказчыкi таксама не сорамна. Хлебны каравай сабраны самы важкi ў вобласцi. А ўсё дзякуючы такiм сцiплым працаўнiкам, як трактарыст ААТ «Вiдамлянскае» Галiна Васiльеўна IВАНЮК.
Калi ў канцы лiпеня Брэст адзначаў свята горада i спёка даходзiла да 35 градусаў, мой стары знаёмы нечакана спытаў: «А ўяўляеш, як зараз у камбайне?». I я адразу ўспомнiла пра Галiну Васiльеўну, бо ведаю яе.
Больш за дваццаць гадоў яна працуе на трактары. А кожнае лета перасаджваецца на камбайн. Многае перамянiлася за апошнiя гады ў гэтай гаспадарцы, мянялiся кiраўнiкi, але кожны ведаў, што за Галiнай Iванюк не трэба правяраць якасць ворыва, не варта за яе машынай шукаць каласка ў полi. Галiна Васiльеўна вызначаецца тым, што нiколi не скардзiцца на цяжкасцi. На рабоце была ў першых радах, дзяцей чацвёра з мужам выгадавалi. А муж — не толькi апора i падтрымка ў сям’i, але i першы настаўнiк на працы быў, сам Валерый Рыгоравiч сорак гадоў араў, сеяў, убiраў ураджай на роднай зямлi. За сваю бездакорную працу механiзатар Галiна Iванюк двойчы была адзначана кiраўнiцтвам дзяржавы, два iмянныя трактары зараз працуюць на палях «Вiдамлянскага».
Багатая гэта зямля добрымi i шчырымi людзьмi. Зайдзi ў кожны гарадскi дом, у кожную вёску — i дакладна знойдзеш чалавека, якi варты быць адзначаным нават не адным газетным радком. Узяць хоць бы сям’ю ЛЕЛЮКОЎ з Камянца. Звычайныя людзi, а ўчынак здзейснiлi, якi дазваляе паставiць iх у адзiн шэраг з любой знакамiтасцю. Тры гады назад, прачытаўшы зварот Кобрынскага дзiцячага дома ўзяць на лета дзяцей у сем’i, Надзея i Рыгор, а таксама трое iх дзяцей узялi на канiкулы малых Уладзiка i Насцю. Дзецi правялi лета, потым, як i было дамоўлена, iх адвезлi ў Кобрын. Надзея праз нейкi час паехала праведаць малых. А выхавацелi ёй расказалi, як дзецi цяжка перажывалi расстанне з новымi знаёмымi, хлопчык крычаў па начах, клiкаў маму. Тады ёй не дазволiлi нават убачыць малых, каб не траўмiраваць iх болей. Мацi сямейства прыехала дадому ў слязах. Пасля доўгай сямейнай нарады ўсе аднадушна рашылi Уладзiслава i Настассю забраць да сябе. Цяпер у Лелюкоў пяцёра дзяцей.
А Сцяпан СЯМЁНАВIЧ i Вольга Дзянiсаўна СЯМЁНАВЫ з вёскi Лускалы могуць быць узорам не толькi для сваiх чатырох дзяцей, але i для ўсiх маладых. Шэсцьдзесят гадоў пражылi яны ў згодзе, сям’я iх — равеснiца Перамогi. Усю вайну прайшоў хлопец з Чувашыi, а лёс свой знайшоў тут, на Камянеччыне. Тут жылi, працавалi, дзяцей гадавалi, тут адсвяткавалi брыльянтавае вяселле.
Умеюць на Камянеччыне i працаваць, i весялiцца, шмат тут майстроў i ўмельцаў, i проста добрых людзей. У гэтым змогуць упэўнiцца ўсе, хто прыедзе на свята.