Пушчу высякаюць. Вінаваты караеды?

Галіна Абакунчык, "Радыё Свабода", 23.09.2009

Высечаны лес у Белавескай
пушчы

Дзяржаýнаму нацыянальнаму парку "Белавеская пушча" 3 кастрычніка спаýняецца 600 гадоý. Незалежныя эколягі з трывогай гавораць пра тое, што ýнікальны старажытны лес высякаецца, што пушча мае патрэбу ý абароне ад бескантрольнай гаспадарчай дзейнасьці. А дзяржаýныя чыноýнікі тым часам плянуюць распачаць у пушчы будаýніцтва рэстаранна-гатэльных комплексаý.

Дзяржаýны нацыянальны парк "Белавеская пушча" — гэта найбуйнейшы ý Эýропе лясны масіý памерам 167 тысяч гектараý зь дзясяткамі і нават сотнямі відаý расьлін, жывёл і дрэý. Аднак зараз тут вядзецца актыýная высечка лесу, і гэта — адно з пытаньняý, якія сёньня хвалююць грамадзкасьць. Вось як гэта тлумачыць генэральны дырэктар Нацыянальнага парку "Белавеская пушча" Мікалай Бамбіза:

"Гэта вельмі проста: з 2001 году на тэрыторыі Белавескай пушчы праводзіцца комплекс мерапрыемстваý па барацьбе з караедам-тыпографам — гэта нікому не сакрэт. І адзіны сродак, які рэкамэндаваны навукай і практыкай, што калі гэтае дрэва населенае жуком, то яго неабходна высякаць. Таму за гэтыя пні не перажывайце — за 10-15 гадоý іх відаць ня будзе".

Грамадзкі актывіст і незалежны эколяг Валеры Дранчук — адзін з актыýных дасьледчыкаý экалягічнай раýнавагі ý Белавескай пушчы. Сёлета на загад адміністрацыі яго выдалілі з пушчы і забаранілі знаходзіцца нават паблізу. І гэты факт", лічыць спадар Дранчук, сьведчыць пра жаданьне замоýчваць праýду пра так званую"санітарную высечку лесу:

"Няхай Мікалай Бамбіза дапусьціць грамадзкасьць да экспэртызы, каб пабачыць гэтыя санітарныя высечкі: які іх адсотак, у якіх кварталах. Я асабіста магу сьцьвярджаць, бо я там ня раз бываý і размаýляý з падначаленымі Бамбізы: эксплюатацыя Белавескай пушчы як была, так і ёсьць".

Навукоýцы заяýляюць, што першыя паселішчы ý Белавескай пушчы зьявіліся больш за 14 тысяч год таму. Менавіта пасярод зоны заказьніку ý 2003 годзе створана сядзіба беларускага Дзеда Мароза. Як заявіý намесьнік кіраýніка спраý прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Раманоýскі, гэта адзін з пасьпяховых праектаý, распачатых на загад Аляксандра Лукашэнкі. Таксама з ініцыятывы кіраýніка краіны распрацоýваецца праграма ýзьвядзеньня на тэрыторыі Белавескай пушчы забаýляльна-гатэльных комплексаý, паведаміý Мікалай Бамбіза:

"На дзейнасьць Белавескай пушчы вельмі пільную ýвагу зьвярнуý кіраýнік дзяржавы. І паводле ягонай прапановы будзе зробленае сацыяльна-экалягічнае кола, і вакол гэтага кола будуць будавацца гатэлі, рэстарацыі, кемпінгі — увесь сэрвіс. Ахвотныя ёсьць: хтосьці хоча ý зоне заказьніку, хтосьці яшчэ дзе — таму будзе зроблена рыса, за якую капітал не павінен трапляць. А ýскраіны Белавескай пушчы патрэбна разьвіваць, бо калі ёсьць попыт, то павінна быць і прапанова".

Паводле спадара Бамбізы, плянуецца, што турыстычная інфраструктура будзе разьвівацца за кошт айчынных і замежных інвэстараý. Аднак разьвіцьцё такога бізнэсу нэгатыýна паýплывае на экалёгію Белавескай пушчы, кажа эколяг, былая супрацоýніца Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" Іна Зеніна:

"Турызм можна разьвіваць па-рознаму. Калі ён будзе разьвівацца, як сядзіба Дзеда Мароза… Яе „ляпнулі" проста ý зоне заказьніку, гэта было зроблена з парушэньнем закону, і нават Рады Эýропы была рэкамэндацыя вынесьці яе з тэрыторыі заказьніку. Мы ýжо бачылі, як гэта робіцца насамрэч: грамадзкасьць не дапускаецца, кантролю ніякага няма. І калі гэтым будзе займацца Кіраýніцтва спраý, дык мы пабачым тое ж, што і на Нарачы: куча народу і гэтулькі ж праблем экалягічных. Увогуле, ці патрэбны там масавы турызм? Калі мы хочам сапраýды дабіць гэты міт пра Белавескую пушчу і ад яе пакінуць толькі сьпевы, то, я думаю, што гэтыя пляны — якраз тое, што для гэтага патрэбна".

-------------
"У 1992 г. рашэньнем ЮНЭСКО Дзяржаýны нацыянальны парк „Белавеская пушча" ýключаны ý Сьпіс сусьветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 г. яму прысвоены статус біясфэрнага запаведніка, а ý 1997 г. ён узнагароджаны Дыплёмам Рады Эýропы. На тэрыторыі Дзяржаýнага нацыянальнага парку "Белавеская пушча" знаходзіцца ýрадавая рэзыдэнцыя Віскулі. У 1991 годзе ý гэтай рэзыдэнцыі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, якія аформілі распад СССР".


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта