

Ужо не адзін год мы чуем з вуснаý чыноýнікаý рознага рангу аб неабходнасці развіваць у Беларусі турызм, прыцягваць замежныя інвестыцыі. Шуму шмат, багата дэкларацыяý, аднак справа не надта пасоýваецца з месца. Замежнікаý па-ранейшаму са свечкаю ý руках не знайсці. Адзін з вядомых гісторыкаý Беларусі Захар Шыбека мае сваё меркаванне, як змяніць сітуацыю. На нядаýняй навуковай канферэнцыі па мясцовым самакіраванні ён ці не ýпершыню ý краіне агучыý тэорыю развіцця ý Беларусі гарадскога турызму, якім дагэтуль усур’ёз ніхто не займаýся. Са знаýцам гарадской цывілізацыі № 1 у краіне і пагутарыý карэспандэнт TUT.BY.
Захар Шыбека нарадзіýся 30 ліпеня 1948 года ý вёсцы Асінаýка Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Выпускнік гістфака БДУ (1972). Да 1991 года працаваý у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Узначальваý Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Аýтар кніг "Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада" (з Сафіяй Шыбека, 1994), "Гарады Беларусi" (1997), "Нарыс гісторыі Беларусі" (2003), "Мінск 100 гадоý таму" (2007), "Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый" (2009). Лаýрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра. Доктар гістарычных навук, прафесар. Выкладае ý Беларускім дзяржаýным эканамічным універсітэце.
Фота: Ю. Дарашкевіч, "Наша ніва"/nn.by
— Пачынаючы ад падпісання ý 2001 годзе спецыяльнай дзяржаýнай праграмы, турызм узведзены ý ранг задач нацыянальнай важнасці. Асаблівая ýвага надаецца ýязному турызму як найбольш фінансава перспектыýнаму. Аднак паломніцтва замежных гасцей у нашу краіну пакуль не назіраецца. У 2008 годзе Беларусь наведалі каля 92 тысяч турыстаý заміж планаваных 120 тысяч. Гэта кропля ý моры для 10-мільённай краіны. Так, асобныя турысцкія праекты — Белавежская пушча, Аýгустоýскі канал, адпачынак у беларускай вёсцы — набылі пэýную папулярнасць. Але ýсе яны ляжаць па-за межамі горада, бо стаýка робіцца менавіта на сельскі турызм. Па гарадскім жа міжнародным турызме Беларусь не толькі адстае ад іншых краінаý свету – ён саступае нават сельскаму (аграэкатурызму).
— Чаму ж нашы гарады засталіся па-за ýвагай айчыннага чынавенства? Чаму ý іх не бачаць турыстычнага патэнцыялу?
— Мы слаба ведаем айчынную гісторыю. І рэч яшчэ ý тым, што беларускія гарады маюць ніжэйшы культурны патэнцыял, чым гарады іншых краінаý.
Па-першае, у складзе царскай Расіі беларускі горад амаль не пераняý культурных традыцый Вялікага княства Літоýскага — яны захоýваліся пераважна ý памешчыцкіх маёнтках. Калі ý еýрапейскіх гарадах адбывалася несупыннае назапашванне матэрыяльных і духоýных каштоýнасцяý, у Беларусі цягам многіх стагоддзяý помнікі культуры знішчаліся войнамі і акупацыйнымі рэжымамі.
Па-другое, ад падзелаý Рэчы Паспалітай да распаду СССР беларускія культурныя скарбы актыýна вывозіліся ý Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кракаý, Берлін, Кіеý. Шмат іх засталося ý Вільні, перададзенай Сталінам сучаснай Літве. Прычым вывозіліся з Беларусі не толькі творы, але і творцы. Таленавітая інтэлігенцыя знаходзіла непараýнана большыя магчымасці ý Варшаве, Маскве і Пецярбургу... Апроч таго, спачатку царызм, а потым бальшавізм на карані вынішчаý і высылаý у Сібір беларускую інтэлігенцыю, якая папросту не паспявала збірацца ý гарадах, каб разгарнуць нацыятворчую дзейнасць.
Па-трэцяе, нізкі культурны патэнцыял нашых гарадоý — таксама вынік недастатковага капіталаýкладання. Раманавы не пабудавалі у Беларусі Прагі, як Габсбургі ý Чэхіі. Недафінансаванне культуры адбывалася і ý савецкі час. Да прыкладу, у канцы 1980-х у БССР на тэатральную дзейнасць вылучалася ý 5-6 разоý менш, чым у рэспубліках Прыбалтыкі і Закаýказзя. Нешматлікія фундаментальныя архітэктурныя і скульптурныя творы з’яýляліся пераважна ý сталіцы.
— Як развіваць гарадскі турызм у Мінску, які войнамі ды дзеяннямі ýладаý амаль пазбаýлены гістарычнага ландшафту, аýтэнтычнасці? Ці мажліва збудаваць турыстычна прывабны прадукт на пустым месцы?
— Мінск з’яýляецца яркім выключэннем, бо тут, сапраýды, выпадае развіваць турызм на руінах Старога горада. Выйсце з гэтай сітуацыі мне бачыцца ý двух накірунках. Першы з іх — у павелічэнні ролі экскурсавода, які павінен аднаýляць Стары горад у захапляльных расповедах. Ад таго, наколькі цікава ён гэта зробіць перад групай турыстаý, залежыць запатрабаванасць турыстычнага прадукту. Сёння спецыялістаý у турызме рыхтуюць 17 ВНУ краіны, аднак іх выпускнікі пакуль цяжка спалучаюць глыбокія гістарычныя веды з майстэрствам турыстычнага мэнэджменту.
Другі накірунак палягае ý тым, што развіццё турыстычнага бізнэсу ý Мінску, як і ý іншых гарадах, мае арыентавацца на аднаýленне і адраджэнне разбураных помнікаý шматвяковай гісторыі нашага народа. Найперш — духоýных храмаý. На жаль, захаванне і аднаýленне дасавецкай спадчыны пакуль не стала прыярытэтнай дзяржаýнай задачай, хоць пэýныя крокі ý гэтым накірунку зроблены. Напрыклад, летась былі агучаныя планы па рэстаýрацыі фрагментаý Мінскага замчышча на плошчы 8 Сакавіка. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак.
— Спадар Захар, вы прапануеце выкарыстоýваць замежны досвед ды актыýна ствараць у гарадах інфраструктуру забаý (выставы, кірмашы, фестывалі, канцэрты), бо пазнавальны турызм добра спалучаецца з падзеевым. Ці ёсць за мяжой сувымерныя нашаму маштабу гарады, у якіх мы маглі б павучыцца?
— Мінск не адзіны зруйнаваны ý вайну горад. Гэтакі ж трагічны лёс меý і германскі Дрэздэн, ангельскія Ковентры, Манчэсцер, сталіца Польшчы — Варшава. Усе яны былі фактычна адроджаныя з попелу. Гістарычныя будынкі там узнаýляліся "з нуля" з максімальным выкарыстаннем аýтэнтычных матэрыялаý. Спачатку, канечне, трэба наладзіць тэхналогію іх вырабу. Нядаýна ý Вільні было скончана аднаýленне Нізкага замка, над праектам якога літоýцы працавалі некалькі дзесяцігоддзяý!
Апроч вышэйзгаданага, паміж намі і імі ёсць адно істотнае адрозненне: разбурэнні на Захадзе канчаюцца вайной. У Мінску яны працягваліся і пасля яе. Савецкія ýлады імкнуліся зрабіць са звычайнага губернскага горада, які не меý ні каралеýскіх, ні вяльможных палацаý, выбітную сталіцу, прапагандовую афішу СССР на заходніх рубяжах. Гэта і стала адным з матываý разбурэння.
— Аднак вы не прапаноýваеце пазбаýляцца савецкай архітэктурнай спадчыны, а раіце мяняць ідэалагічныя падыходы да яе. Да прыкладу, нагадваць, што "любы помнік савецкай культуры — гэта не толькі мастацкі твор, але і помнік бальшавіцкаму таталітарызму…"
— Многія з іх былі зроблены на канвееры і маюць чыста прапагандысцкі, штучны характар. Але ёсць і тыя, што ýтрымліваюць мастацкую каштоýнасць. Натуральна, такія аб’екты трэба выкарыстоýваць, але разумна інтэрпрэтаваць. Калі перад экскурсаводам людзі савецкага часу, для якіх гэта дорага, дык і стаýленне да помнікаý савецкага часу павінна быць, прынамсі, хоць бы нейтральным. Калі ж перад вамі заходнія турысты, то не гаварыць жа пра перавагі сацыялізму і заслугі кампартыі? Агульнавядома, што савецкія каштоýнасці здабываліся на касцях людзей, на іх плоці і крыві. Менавіта так інтэрпрэтуюцца помнікі нацызму ý Германіі і фашызму ý Італіі. Ніхто не бурыць пампезныя будынкі Мусаліні ý Мілане, аднак усе ведаюць, у якіх умовах яны ýзводзіліся і якую ідэалагічную нагрузку неслі.
— Апошнім часам стала модна прыдумляць беларускія брэнды для папулярызацыі краіны за мяжой. Нават лорда Бэла з Англіі выпісвалі, дзякуючы якому брэндам Беларусі ý Financial Times стаý... БелАЗ. Што магло б стаць брэндам нашага гарадскога турызму?
— Думаю, былыя мястэчкі — найкаштоýнейшая спадчына нашай гарадской цывілізацыі. Турыстычны аспект гэтай тэмы абсалютна не даследаваны. Кожнае мястэчка на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай уяýляла сабой унікальную з’яву, у якой спалучаліся некалькі культурных пластоý. Гэта панскі маёнтак, які звычайна месціýся побач з мястэчкам і дзе захоýваліся велізарныя каштоýнасці — музейныя калекцыі, сямейныя архівы, карцінныя галерэі і бібліятэкі. Канечне, гэта асяродак габрэйскай культуры, які спалучаýся з мясцовай традыцыяй. Плюс цэлы пласт народнай культуры урбанізаваных беларусаý, якія праз мястэчка далучаліся да гарадскога ладу. Беларускае мястэчка — гэта і процьма легендаý, паданняý, забаваý, якія проста не могуць дачакацца, пакуль іх пачнуць выкарыстоýваць у турыстычным рэчышчы.
Канцэпцыя адраджэння мястэчка дасць магчымасць сістэмна падтрымліваць і развіваць нашы сярэднія і малыя гарады.
Сёння адзіную панацэю ýсе бачаць у агратурызме. У 2006 годзе выйшаý прэзідэнцкі ýказ, у якім прадугледжана яго ільготнае крэдытаванне і спрыяльныя ýмовы працы. Як вынік, да ліпеня 2009-га колькасць аграсядзібаý павялічылася з 34 да 730. Гэта добра, але недастаткова, бо роля гарадоý пры гэтым не змяншаецца…
Менавіта гарады арганізоýваюць мясцовы турызм. Турысцкія арганізацыі і большасць славутасцяý знаходзяцца ý гарадскіх цэнтрах. Прыгадаем тут шэдэýры старажытных школ дойлідства ХI-ХII стагоддзяý (Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква ý Полацку, Каложская царква ý Гродне, Благавешчанская царква ý Віцебску), сярэднявечныя помнікі ваенна-абарончай архітэктуры (вежа-данжон ХІІІ ст., замкі Наваградка, Гродна, Ліды, Крэва, Гальшан, палацава-замкавыя комплексы ý Міры і Нясвіжы). Захавалася значная колькасць барочных будынкаý у Гродна, Пінску, Нясвіжы, Слоніме, Мінску. Да помнікаý эпохі класіцызму належаць палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, руіны палацаý у Косаве і Ружанах. Сваёй гісторыка-культурнай спадчынай вылучаюцца Полацк, Гродна, Пінск, Наваградак, Мінск, Нясвіж, Слонім, Бабруйск, Віцебск, Гомель, Брэст...
Да таго ж кожны раённы ці гарадскі цэнтр мае ý сваёй арбіце цэлае суквецце былых мястэчкаý, маёнткаý, напоýненых своеасаблівай архітэктурай, духам нацыянальнай традыцыі і культуры.
У гарадскіх паселішчах беларускай зямлі нарадзілася цэлае сузор'е выдатных дзеячоý культуры, навукі, мастацтва, палітыкі, якімі ганарацца не толькі беларусы: Адам Міцкевіч, Уладзіслаý Сыракомля, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаý Манюшка, Ігнат Дамейка, Тадэвуш Касцюшка, Марк Шагал, Ота Шмідт, Барыс Кіт, Павел Сухой, Хаім Вейцман, Шыман Перэс, Менахем Бегін, Голда Мейр... Таму мемарыялізацыя і музеізацыя спадчыны нашых славутых землякоý — велізарны рэзерв для развіцця гарадскога турызму.
— Звычайна скардзяцца, што нам не хапае турыстычнай інфраструктуры — гатэляý, дарог, разгалінаванай сістэмы харчавання. Аднак не менш важны складнік турыстычнага прадукту — інтэлектуальны. Менавіта таму я акцэнтую ýвагу на важнасці гістарычных ведаý. Гісторыя — не толькі духоýная рэч, але і рынкавы прадукт, які можна прадаць. Турызм — гэта кірмаш, дзе прадаюцца гістарычныя веды, наша багатая гістарычная спадчына.
— Перафразуючы, гарадскі турызм пачне развівацца тады, калі ý дзяржаве зменіцца стаýленне да гісторыі і старыя савецкія ці імперскія канцэпты адыйдуць у нябыт?
— Калі разглядаць гістарычныя веды як тавар, то ён мусіць быць якасным, сучасным і запатрабаваным. Калі тавар зроблены па састарэлых мадэлях, хто ж яго будзе набываць? Калі гэты тавар зроблены ý Расіі для спажывання беларусамі, а мы па-ранейшаму імкнёмся выдаць яго за ýласны і нават прадаць, то наколькі гэта прыстойна для суверэннай дзяржавы? Таму гістарычныя веды мы мусім інтэрпрэтаваць адпаведна свайму статусу на міжнароднай арэне і інтарэсам беларускага народа і беларускай дзяржаýнасці.
На жаль, у нас усё яшчэ няма такога разумення, нас цягне за крысо савецкае мінулае, былая падпарадкаванасць Расіі. Менавіта таму мы часам спрабуем распавесці замежнікам пра сябе як пра расійскую правінцыю. Гарадская культура дагэтуль абслугоýваецца пераважна рускай мовай. Таму калі замежныя турысты на кожным кроку чуюць рускую мову, яны з цяжкасцю разумеюць, што знаходзяцца ý незалежнай краіне Беларусь, а не ý расійскай правінцыі. Падробкі пад культурныя ýзоры Расіі таксама ýспрымаюцца як частка яе правінцыйнай культуры. А замежнікі прыязджаюць сюды, каб пачуць пра НАШУ традыцыю і культуру, НАША разуменне свету, пра месца, якое займала БЕЛАРУСЬ у мінулым.
Таму перш чым развіваць турызм, варта замацаваць у ім нацыянальную гістарычную канцэпцыю і адмовіцца ад ідэалагічных барыкадаý, якія разводзяць беларусаý па розныя бакі. Адны вядуць прафесійную культуру ад ВКЛ, БНР, "Нашай Нівы", другія — ад БССР і "беларусізацыі" 1920-х. А ý выніку экскурсавод трапляе ý абсурднае становішча: цераз прызму якой ідэалогіі яму апавядаць — імперскую, савецкую ці нацыянальную?
— Каб урэчаісніць тое, пра што вы кажаце, неабходна дзяржпраграма развіцця гарадскога турызму?
— У нас ужо прынятыя дзве нацыянальныя праграмы (2001-05, 2006-10), але яны аказаліся малаэфектыýнымі, бо бюджэтных сродкаý на ýсё не хапае. Трэба не толькі дэклараваць свае намеры, але ствараць вакол турызму спрыяльную эканамічную атмасферу, прывабліваць інвестараý. Неабходна ýраýнаваць у правах дзяржаýныя і прыватныя турфірмы, прадставіць дадатковыя паýнамоцтвы мясцовым уладам і ільготы для рэгіянальнага турыстычнага бізнэсу. Ненармальна, калі сёння турыстычны аб’ект знаходзіцца ý раёне, а абслугоýвае яго мінская фірма, якая нават падаткі пакідае ý сталіцы. Таму раённае начальства і не зацікаýлена ý захаванні і рэстаýрацыі сваіх гістарычных помнікаý.
Як з’явяцца інвестыцыі ды ільготы, турфірмы актыýна возьмуцца не толькі за выязны, але і за ýнутраны турызм. А гэта не толькі дадатковы фінансавы рэзерв казны, але і надзвычай важная для любой дзяржавы духоýная рэч. Праз унутраны турызм вядзецца прапаганда нацыянальных і культурных каштоýнасцяý, патрыятычнае выхаванне...
Моцныя турфірмы здолеюць удзельнічаць у рэстаýрацыі і аднаýленні гістарычных помнікаý па ýсёй Беларусі. Цяпер жа гэтай вельмі адказнай справай займаюцца часам выпадковыя фірмы, адзіная мэта якіх — прыбытак. Аýтэнтычнасць, якасць працы іх не цікавіць.
— Якраз цяпер Мінкультуры разам з Мінспорту і турызму спрабуюць пасунуць з месца праблему занядбаных гістарычных помнікаý, выставіýшы каля 100 сядзібаý па ýсёй краіне на аýкцыён. Гэта крок у правільным накірунку?
— Так, гэта сучасны, рынкавы падыход да праблемы. Адна з прычын крытычнай сітуацыі ý Беларусі з захаваннем гістарычных помнікаý — адсутнасць у іх гаспадароý. Ва ýсім свеце рэстаýрацыя і ýзнаýленне аб’ектаý звязаны з іх прыватызацыяй. Гэта – шанец і для нашых панскіх двароý. Аднак пры адной умове: новыя ýласнікі будуць адраджаць іх у традыцыях мясцовай культуры пад строгім наглядам дзяржаýных спецыялістаý, якія, у сваю чаргу, будуць дапамагаць сваімі ведамі.
— Ці не збіраецеся вы прапанаваць свае меркаванні па развіццю гарадскога турызму канкрэтным дзяржаýным установам?
— Я не чыноýнік, не палітык, а проста навуковец, які робіць сваю справу. Мае кнігі, артыкулы, інтэрв’ю і ёсць уклад у развіццё айчыннага турызму. Непасрэдная ж праца з чыноýнікамі — марнаванне часу. Калі гэта разумныя людзі, якія думаюць пра справу, то могуць пазнаёміцца з маімі прапановамі ý друку. Калі ж яны не маюць дасведчанасці, культуры і ангажаванасці ý беларускую спадчыну ды пераследуюць зусім іншыя мэты, нічога не будзе.
Магчыма, карысным было б стварыць прадстаýнічую грамадскую экспертную камісію, якая б займалася пытаннямі развіцця турызму і ýплывала на дзяржаýную палітыку ý гэтай галіне. У такую камісію, незалежную ад дзяржавы, я быý бы гатовы ýвайсці.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта