

Ранняй вясной пачынаецца рух соку ў клёна, бярозы, набухаюць пупышкі ў дрэў і кустоў, якія цвітуць да распускання лісця (вольха, асіна, таполя). Але мала хто ведае, што менавіта ў гэты час прыгожыя кветкі з’яўляюцца яшчэ ў аднаго куста – воўчага лыка, або ваўчаягады звычайнай (воўчніка). Часта ў народзе воўчымі ягадамі называюць плады крушыны, жасцёру, хоць гэта зусім іншыя расліны.
Воўчае лыка – куст да 1,5 м у вышыню, цвіце 15-20 дзён да распускання лісця. Гэта самы ранні меданос. З адной кветкавай пупышкі ў пазухах леташніх лісцяў раскрываецца адразу некалькі кветак, якія "сядзяць" прама на ствале куста, бо ў іх няма кветканожак. Па форме – трубчастыя, афарбоўка лілова-ружовая, нагадвае колер бэзу. Пах кветак моцны, але ён адурманьвае, ад яго можа разбалецца галава. Плады яркія, іх ахвотна з’ядаюць птушкі і такім чынам садзейнічаюць рассяленню расліны. Прадаўгавата-адваротналанцэтнае лісце распускаецца пасля цвіцення воўчага лыка.
Адкуль такая назва? Афіцыйна "воўчае" з-за таго, што ўсе часткі расліны ядавітыя, а "лыка", відаць, з-за таго, што кара лёгка аддзяляецца ад драўніны. Існуе і легенда наконт гэтай назвы: быццам воўк спазніўся на сход, падчас якога раслінам раздавалі назвы ў гонар розных звяроў, і ад злосці ўчапіўся кіпцюрамі і зубамі ў куст, што рос побач. Звяры і згадзіліся назваць гэтую расліну воўчым лыкам, каб супакоіць драпежніка.
Лацінская назва – Daphne mezereum – была дадзена Карлам Лінеем. У Рэспубліцы Беларусь сутракаюцца два віды: ваўчаягада звычайная і ваўчаягада пахучая, апошні – рэдкі, падлягае ахове. Ва ўсіх частках яе ўтрымліваецца ядавітае рэчыва – мезерэін, сок выклікае раздражненне скуры, а пры траплянні ўнутр арганізма – моцныя атручванні, якія часам могуць прывесці і да гібелі. Аднак, у пэўных дозах, часцей вонкава, прэпараты і настойкі ваўчаягады прымяняюцца ў лекавых мэтах: як антыбактэрыяльны, супрацьпухлінны сродак і інш. Памятайце, што ні ў якім разе нельга прымяняць ваўчаягаду ў лекавых мэтах без кансультацыі з урачом!
Хоць расліна і ядавітая, але паражаецца вірусамі і гніллю, часам на яе нападае і тля. У некаторых краінах, як у суседняй Польшчы, воўчае лыка занесена ў Чырвоную кнігу. І ў нас яно патрабуе прафілактычнай аховы. Любуйцеся гэтым першацветам і не знішчайце яго!
Таццяна ПАТАПЧУК,
старшы лабарант НП "Белавежская пушча".
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта