
Не забыліся пра зуброў, ласёў і нават земнаводных.
З генеральным дырэктарам КУП "Брэстаблдарбуд" Пятром Скарабагацькам гутарым аб прынцыпах гаспадарання ў новых умовах
— Толькі ўзмацніўшы вытворчы складальнік, калектыў можа дабіцца стабільнасці, — лічыць Пётр Андрэевіч. — Толькі шляхам павышэння арганізаванасці на вытворчасці — па ўсіх накірунках, шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, павышэння ўзроўню канечнага прадукту. Прычым дабіцца патрэбнага эфекту важна меншай колькасцю людзей і механізмаў пры самай строгай эканоміі энергарэсурсаў, у тым ліку газу, электраэнергіі, ГЗМ. Здавалася б, усё проста, прапісныя ісціны, але яны "працуюць". Вось пры ўсіх гэтых умовах можна стабілізаваць эканоміку ў калектывах у той сітуацыі, калі цэны на матэрыяльныя рэсурсы значна выраслі. І толькі гэта дазволіць разглядаць пытанне аб павышэнні заработнай платы, што зараз становіцца ці не галоўным.
У такім ключы працуюць усе шаснаццаць нашых прадпрыемстваў у раёнах Брэстчыны і ў самім абласным цэнтры. Каб мець магчымасць разлічыцца з падаткамі, выплаціць людзям заработную плату, аплаціць надзвычай дарагія энергарэсурсы і мець сродкі для далейшага развіцця — адным словам, каб дабіцца збалансаванасці гаспадарчага механізма. Вось над чым працуюць нашы калектывы, такую задачу мы ставім.
Думаю, усё ў нас атрымаецца. Мы не дапусцім скарачэння рабочых месцаў, што вельмі важна зараз. Галоўнае — захаваць калектыў, а яшчэ — выдаць больш прадукцыі: больш адрамантаваць кіламетраў, больш выканаць паверхневай апрацоўкі, ямачнага рамонту і наогул ліквідаваць ямачнасць, навесці парадак на вясковых вуліцах, якія мы прынялі на свой баланс. Такая наша паўсядзённая работа, якую можна падзяліць на асноўныя накірункі ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі.
Адна з іх — праграма адраджэння Прыпяцкага Палесся. Па гэтай праграме прадугледжаны вялікія аб'ёмы работ. Згодна з ёю, нам патрэбна асвоіць сёлета толькі ў Столінскім, Лунінецкім і Пінскім раёнах каля 10 мільярдаў рублёў. Мы актыўна прыступілі да работы ў Лунінецкім і Пінскім раёнах, там чыста арганізацыйныя пытанні зняты, у тым ліку па праектна-каштарыснай дакументацыі. Па Столінскім раёне прыступілі да іх вырашэння. Частку сродкаў прапануем накіраваць на капітальны рамонт вуліц райцэнтра. Капітальны рамонт чакае і сельскія вуліцы раёна.
Вялікая работа выконваецца ў адпаведнасці з яшчэ адным указам Прэзідэнта — па будаўніцтве абходу навокал Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Указ быў падпісаны летась у маі, і ён даў нам права ўсё рабіць паралельна — праектаваць і распачынаць падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва. Праз месяц была пракладзена траса — пакуль на паперы, і мы прыступілі да рэалізацыі праекта.
Новая аўтатраса агульнай працягласцю амаль 200 км праходзіць па не вельмі простай мясцовасці, але яна ў многім з'яўляецца тыповай для Беларусі, а таму і цікавай для турыстаў, бо падкрэслівае прыгажосць краю — у асноўным ідзе па лясах, а на некалькіх участках — па самой Белавежскай пушчы, па палях, балотах з глыбінёй залягання торфу два і больш метраў, перасякае ціхія рачулкі... Часткова супадае з дарогамі, якія існавалі раней, але яны ў асноўным будаваліся некалі без усякіх тэхналогій. Проста бульдозерам ссунулі з двух бакоў грунт — вось і ўся дарога. Спатрэбілася пачынаць з нуля.
Аб'ект складаны, хоць бы таму, што ўвод у строй дзейных запланаваны на лістапад гэтага года. На добры лад яго толькі праектаваць патрэбна год. А нам неабходна амаль за гэты тэрмін пабудаваць — з усімі пад'ездамі, з'ездамі, падыходамі. Спатрэбіцца аднаўляць і тэхналагічныя дарогі, прасёлкі: імі карысталіся падчас будаўніцтва, і яны прыйшлі ў такі стан, што нагадваюць франтавыя дарогі.
У якасці заказчыка мы адказваем больш чым за 70 кіламетраў абходу (а гэта 44 працэнты ад агульнай працягласці трасы па Брэсцкай вобласці). У нас на падрадзе працуе каля дзясятка арганізацый. А вось 23 кіламетры трэба пабудаваць уласнымі сіламі. Задача нашым прадпрыемствам — па сілах, хоць яны раней ніколі не выконвалі такіх маштабных аб'ектаў: земляное палатно — 10 метраў, сама шаша — шырынёй 9 метраў, плюс усе спадарожныя элементы. З нашых філіялаў на трасе заняты Брэсцкае, Бярозаўскае, Драгічынскае, Жабінкаўскае, Ганцавіцкае, Ляхавіцкае, Высокаўскае і Кобрынскае ДРБУ. Усе яны паспяхова спраўляюцца з пастаўленай задачай. У тэмпе, яшчэ летась, убралі з будучай трасы лес (спілавалі дрэвы і выкарчавалі пні) і расліннасць, знялі ўрадлівы слой зямлі і вывезлі чарназём, з істотным апераджэннем тэрмінаў зрабілі земляное палатно, выканалі аснову з пяшчана-гравійнай сумесі і ўжо зараз паклалі фактычна ўвесь ніжні слой асфальтабетоннага пакрыцця.
КУП "Брэстаблдарбуд" адным з першых атрымаў дазвола Дэпартамента "Белаўтадар" на ўкладку верхняга слоя асфальтабетоннага пакрыцця і зараз вядзе яе. Для гэтага па ініцыятыве Белгіпрадара прымяняецца новы, вельмі эфектыўны, вельмі моцны матэрыял: шчабёначна-масцічны асфальт з дабаўленнем цэлюлозы.
Такім чынам, практычна дарога ёсць, праезд забяспечаны на ўсёй яе працягласці. Хоць зусім нядаўна не верылася, што ў гэтых суцэльных лясах, балотах сучасная дарога наогул будзе.
Аб'ект пачынаецца ад пагранічнага пераходу Пясчатка на беларуска-польскай мяжы і акружае пушчу па перыметры. Сучасная дарога з асфальтабетону дасць новае жыццё ўсяму рэгіёну. Толькі ў нас каля 70 вёсачак, у якіх з прыходам дарожнікаў пачынаецца новая старонка іх біяграфіі — актывізуецца гаспадарчая дзейнасць, з'явіцца магчымасць для больш імклівага развіцця сацыяльнай базы гаспадарак. цалкам рэальным робіцца экатурызм, у тым ліку замежны, а гэта — прамыя фінансавыя ўліванні ў рэгіён. Больш упарадкаванымі стануць транспартныя патокі.
І ведаеце, якая яшчэ карысць? Зараз жыхары абласнога цэнтра, навакольных гарадоў і пасёлкаў пачалі актыўна скупляць дамы ў вёсках па новай трасе — пад дачы, і вёсачкі зноў ажываюць. А чаму б і не? Машына ў гараджаніна ёсць, дарога цудоўная, паўгадзіны язды — і ты ў казачным царстве Берандзея. Самі пабачыце, якая там прыгажосць.
Асабіста мне грэе душу і тое, што старыя бацькі ў аддаленых раней вёсках зараз будуць часцей бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў. Адным словам, ідэя з "акальцаваннем" пушчы — цудоўная, цалкам апраўданая, яна прынясе велізарную карысць усяму краю. З усведамленнем гэтага і працуем.
Так атрымалася, што найбольш складаныя ўчасткі трасы трапіліся нам. Для прыкладу скажу, што ўпершыню ў сваёй практыцы нам давялося выконваць пад дарожным палатном праходы для зуброў — на тых сцяжынах, што яны натапталі за многія дзесяцігоддзі. Такое патрабаванне экалагічнай экспертызы, ды і проста па-чалавечы зразумелы клопат пра захаванне флоры і фаўны. Аднаўленне паўнацэннага зубрынага сямейства ў Белавежы — наш агульны клопат. Гэтыя пераходы — дастаткова складаныя інжынерныя збудаванні. Кожны манціравалі з 18 буйнагабарытных жалезабетонных блокаў вагой па 12 тон і памерамі 5 на 2,5 метра. Такіх пераходаў на нашым участку тры, імі змогуць карыстацца і алені, дзікі, касулі...
Альбо наступная пазіцыя. У балотах Белавежскай пушчы — вялікая папуляцыя земнаводных, і спрадвечныя шляхі яе міграцыі таксама на нашым участку. Ёсць тут і тыя рэдкія віды жаб, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Давялося пракладваць 25 праходаў праз земляное палатно і для іх — жалезабетонныя трубы са спецыяльнымі галерэямі ўздоўж землянога палатна, якія накіроўваюць рух "мігрантаў" у правільным напрамку. Усяго патрэбна было выканаць па індывідуальных чарцяжах, а потым устанавіць больш за 3 тысячы жалезабетонных канструкцый на працягу 3 кіламетраў аўтадарожнага абходу. Так што спецыяльна для "братоў нашых меншых" пракладваем кіламетры труб (мантаж іх завершаны) і кіламетры накіроўвальных дэталяў. Зразумела, гэта цягне за сабой дадатковыя расходы, але робіцца ўсвядомлена: каб зменшыць нагрузку на экалогію Белавежскай пушчы, і яна надалей была красой беларускай зямлі.
Каб адвесці пагрозу затаплення і падтаплення мясцовасці, укладзены водапрапускныя трубы. Завяршаюцца работы на будаўніцтве двух новых мастоў — праз раку Белая ў Камянецкай зоне і раку Левая Лясная ў Пружанскай. (Гэта толькі на нашым участку.)
Адным словам, у калектывах прадпрыемства ідзе напружаная работа па выкананні Указа Прэзідэнта. Вядзецца яна згодна з графікам, з пачатку будаўніцтва асвоена больш за 78 мільярдаў рублёў, у тым ліку ўласнымі сіламі — 21 мільярд. І я не сумняваюся, што здача аб'екта адбудзецца ў вызначаны тэрмін. Тым больш, што мы абапіраемся на новыя тэхналогіі і новыя падыходы да арганізацыі вытворчасці. Тут мы, можна сказаць, "наперадзе планеты ўсёй".
А калі сур'ёзна, то "Брэстаблдарбуд" стаў пляцоўкай укаранення новых рэсурсазберагальных тэхналогій для мясцовых аўтамабільных дарог, распрацаваных намі сумесна з галіновым інстытутам "БелдарНДІ". Можна гаварыць пра шырокае прымяненне бітумных эмульсій, а на іх аснове — так званых халодных тэхналогій. КУП "Брэстаблдарбуд" пры навукова-тэхнічным суправаджэнні дзяржаўнага прадпрыемства "БелдарНДІ" першым у СНД укараніла на мясцовых дарогах сучасную энергазберагальную тэхналогію ўстройства пакрыццяў з эмульсійна-мінеральных сумесяў з паскораным тэрмінам фарміравання.
Магу назваць таксама тэхналогію абяспыльвання і стабілізацыі гравійных пакрыццяў метадам "Сэндвіч" (паўпрапітка), а таксама прыгатаванне і ўкладку асфальтабетонных сумесяў у эканомрэжыме, паверхневую апрацоўку на аснове бітумных эмульсій, халодны рэсайклінг (рэгенерацыю) асфальтабетонных пакрыццяў і іншыя. Усе яны даюць значны эканамічны эфект, вы зможаце ўбачыць іх падчас паездкі.
Не дзіва, што мы пастаянна перавышаем прынятыя на сябе абавязацельствы па эканоміі і беражлівасці. Дарэчы, не магу не сказаць хаця б коратка пра вынікі першага квартала, яны — цудоўныя. Усе паказчыкі — эканамічныя, фінансавыя, аб'ёмныя — выканалі. Стратных прадпрыемстваў у нас няма, а вось прыбытак — ёсць. Выкананы не просты і не лёгкі паказчык рэнтабельнасці. Забяспечаны разумныя суадносіны росту заработнай платы да росту прадукцыйнасці працы. У калектывах ідзе вельмі напружаная работа, і думаю, што праграма другога квартала таксама будзе выканана. Бо і ў красавіку не "падкачалі": аб'ём выкананых за студзень — красавік работ да адпаведнага перыяду мінулага года склаў у сённяшніх цэнах 179,7 працэнта. Інвестыцый у асноўны капітал пайшло ў 7,7 раза больш. Значыць, клапоцімся і пра заўтрашні дзень.
Траса пачынаецца каля дзяржаўнай мяжы
Нашымі "гідамі" на трасе абходу былі начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела "Брэстаблдарбуда" Міхаіл Казлоўскі і начальнік сектара падрыхтоўкі работ і тэхразвіцця Святлана Скачкова. Пакуль ехалі да дзяржаўнай мяжы, адкуль і бярэ пачатак новая дарога, Міхаіл Уладзіміравіч расказвае пра справы "цякучыя".
— У сябе ў калектыве з мэтай пашырэння новых, рэсурсазберагальных тэхналогій працягваем праводзіць традыцыйныя семінары-ўзаемаправеркі. Апошні быў у Броннай Гары ў Бярозе, гаспадары дэманстравалі калегам работу цэха па вытворчасці бітумных эмульсій. Размова ішла пра далейшае пашырэнне іх прымянення ў практыцы дарожнага будаўніцтва, у тым ліку на абходзе навокал Белавежскай пушчы. Разглядалі сам ход яго будаўніцтва, а таксама пытанні якасці работ і энергазберажэння. Наведалі аб'екты на тэрыторыі Камянецкага і Пружанскага раёнаў. Такія семінары даўно сталі акадэміяй вытворчага вопыту, яны шмат даюць кіраўнікам і спецыялістам дарожна-будаўнічых упраўленняў.
— Скажыце, акрамя вас — вашага вялікага калектыву, новыя тэхналогіі, заснаваныя на прымяненні эмульсійна-мінеральных сумесяў (ЭМС), у вобласці нехта яшчэ асвоіў?
— Пакуль не асвоіў ніхто. Мы ж імі карыстаемся шырока — пры будаўніцтве дарог і выкананні добраўпарадкавання ў аграгарадках, на пад'ездах да жылых домікаў. Нашы заказчыкі ахвотна ідуць на прымяненне ЭМС, бо яны — надзейныя і адначасова больш эканамічныя, больш выгадныя. Абыходзяцца працэнтаў на 30 — 35 танней, чым традыцыйныя.
Задача па эканоміі заўсёды актуальная, асабліва зараз. З-за вялікіх аб'ёмаў работ, выконваемых беларускімі дарожнікамі, узнікае праблема гранітнай шчабёнкі. Стаяла нават пытанне аб закупе яе для выканання абходу за мяжой, ва Украіне, але ж гэта ўсё — валюта. Каб больш ашчадна выкарыстоўваць дэфіцытны матэрыял, вырашана спачатку максімальна пусціць у справу мясцовыя гравійныя пяскі і наогул мясцовыя будаўнічыя матэрыялы, з уласных кар'ераў. Напрыклад, выкарыстоўваем даламітавую шчабёнку, якая больш танная, хоць па сваіх моцнасных паказчыках, безумоўна, уступае граніту. А ўжо потым у справу ідзе гранітная шчабёнка — там, дзе без яе ніяк не абыдзешся.
— Вуліцы населеных пунктаў, якія вы параўнальна нядаўна прынялі на свой баланс, шмат дастаўляюць клопатаў?
— Дабавілася амаль 5 тысяч кіламетраў, фактычна на тыя ж рабочыя рукі і тыя ж грошы. А што гэта такое — вуліцы ўнутры населеных пунктаў — вы цудоўна ўяўляеце. Тым не менш, спраўляемся, у дзве мінулыя суровыя зімы ўсе дарогі і вуліцы адстаялі, не дапусцілі перабояў у рабоце транспарту, забеспячэнні населеных пунктаў прадуктамі харчавання, у функцыянаванні фермаў і іншых гаспадарчых аб'ектаў.
Усе свае "падшэфныя" дарогі і вуліцы падрыхтавалі да эксплуатацыі ў летні перыяд яшчэ да 1 мая — да райцэнтраў, аграгарадкоў і гэтак далей. У тым ліку ліквідавалі ямачнасць, у многім з дапамогай тых жа эмульсійных тэхналогій.
— Тэма бяспечнасці дарожнага руху таксама актуальная. Скажыце, ці былі выпадкі ДТЗ па віне дарожнікаў?
— Такіх выпадкаў на мясцовых дарогах Брэстчыны не зафіксавана, каб здарылася ДТЗ менавіта па дарожных умовах. Праблема гэта комплексная — бяспека руху. Тут і "ляжачыя паліцэйскія"; устаноўка інфармацыйных шчытоў і пано; будаўніцтва транспартных развязак (хацелася б, каб на іх узвядзенне выдзяляліся сродкі, бо патрэба ў такіх развязках ёсць, асабліва на перасячэннях з дарогамі рэспубліканскага значэння); і праблема вандалізму на дарогах. Фактаў вандалізму пакуль хапае, зараз пайшла мода на размалёўванне дарожных знакаў фарбамі з балончыкаў. Таму з мэтай кантролю мы арганізавалі "лятучыя атрады", праводзім растлумачальную работу з насельніцтвам.
Гэта і пытанне якаснай дарожнай разметкі — на год запланавана выканаць разметку на 3,5 тысячы кіламетраў, выканалі ўжо больш за 50 працэнтаў.
— На абходзе, калі прадпрыемства пачынала працаваць, што было самым складаным?
— На любым аб'екце даволі складана, калі паралельна вядуцца праектаванне і само будаўніцтва. Калі дарожная тэхніка ідзе адразу за геадэзістамі, а наперадзе стаяць леснікі і "раскрываюць" трасу, без іх згоды і дазволу мы не маглі ссячы ніводнага дрэўца, нават маленькага. А далей рухаюцца бульдозеры і карчуюць дрэвы. Спатрэбілася магутная тэхніка, каб на дзясятках кіламетраў пракласці трасу па новым напрамку. Даліся ў знакі і балоцістыя ўчасткі. Выкананы цэлы комплекс работ. Загадзя склалі графікі на кожны від работы — на тую ж высечку лесу, на расчыстку, разбіўку трасы і гэтак далей. Давялося працаваць з сумежнымі арганізацыямі, каб яны хутчэй выконвалі свае аб'ёмы і не стрымлівалі нас. Пакуль яны не выканалі падрыхтоўчыя работы, мы не маглі адсыпаць першы слой землянога палатна. Да складанасцяў можна якраз аднесці вялікія аб'ёмы земляных работ, у тым ліку адсыпку пад'ездаў да кар'ераў і іншых тэхналагічных дарог. Планаванне на самой справе дапамагло працаваць прадуктыўна, з меншымі затратамі сіл і сродкаў. Мы сапраўды першымі з падрадчыкаў змаглі завершыць устройства ніжняга слоя на сваім участку трасы і прыступіць да ўстройства верхняга слоя на ўчастку Высокаўскага ДРБУ.
Паралельна разам з праектнымі інстытутамі вырашалі пытанні з экспертызай, з экалогіяй — па ўзгадненні асобных пазіцый праектаў: мастоў, аб'язных дарог, схем транспарціроўкі будаўнічых матэрыялаў і г.д.
Да размовы далучаецца Святлана Рычардаўна:
— Былі, дарэчы, праблемы з жалезабетоннымі канструкцыямі для ўстройства праходаў зуброў. Гэта індывідуальная распрацоўка Белгіпрадара. Канструкцыі серыйна не выпускаюцца, размяшчалі на прадпрыемствах будаўнічай індустрыі спецзаказ. Звярталіся нават на Гомельскі завод ЖБВ.
І труба для жаб — таксама не просценькая, як здаецца. У яе ўнутры сцяжка, па якой земнаводныя мігрыруюць. Побач укладваюцца накіроўвальныя прыстасаванні — метр на метр. Сотні такіх прыстасаванняў ствараюць нешта накшталт галерэі, якая "падказвае" квакухам накірунак шляху. Не было тэхналогіі іх вытворчасці. "Метадам тыку" нашы філіялы выбіралі правільныя ўхілы. Над тэмай працавалі і Акадэмія навук, і "Гісторыка-культурная спадчына" — вялі археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі выяўлены нават стаянкі першабытных людзей. Яны клапаціліся, каб мы нічога не парушылі.
Спатрэбілася цвёрдая каардынацыя агульных намаганняў з боку штаба. Штодзённа праводзіліся планёркі, якія дапамагалі здымаць пытанні.
Каб стварыць для падарожнікаў належныя ўмовы сэрвісу, па маршруце прадугледжаны да 20 кавярняў, пляцоўкі для стаянак аўтамабіляў і адпачынку вадзіцеляў. Там цёплыя туалеты, з водазабеспячэннем — вадой гарачай і халоднай.
Вось яшчэ што цікава: у праграме нашых работ — і рэстаўрацыя фарнага касцёла ў вёсцы Лыскава, які стаіць якраз на дарозе, на абходзе. Рэстаўрацыйныя работы ў касцёле і навокал яго ўжо вядуцца. Там наогул цэлы гісторыка-культурны комплекс, які патрэбна захаваць.
М. Казлоўскі. Усе ўкладзеныя ў абход сродкі акупяцца на працягу нейкіх пяці – сямі гадоў. Асаблівасць гэтага праекта такая: траса праходзіць у асноўным у баку ад населеных пунктаў, каб не загазоўваць вёскі і не загружаць іх вуліцы "чужым" транспартам. Але да вёсак будуць выкананы пад'езды, жыццё ў іх адновіцца. Таму людзі пачнуць часцей заставацца ў сёлах, а хто паехаў адсюль — той вернецца.
Дзякуючы таму, што будзе створаны належны сэрвіс на трасе, на ёй павялічыцца грузапаток — праз Пясчатку часцей пойдуць машыны з грузамі, бо абход якраз і разлічаны на аўтатранспарт з грузамі. Калі ехаць з Польшчы, то не патрэбна "наразаць кругі" праз Брэст. Калі вы ў пушчу — таксама зручна, праз 25 кіламетраў рэзідэнцыя Дзеда Мароза. І ў Літву зручна ехаць. А каму на ўсход, калі ласка — той жа "дальнабойшчык" можа хутка "выскачыць" пад Баранавічамі... Усё гэта садзейнічае захаванню магістральнай дарогі, і паралельна з'яўляецца як бы другі транспартны "калідор". Ён будзе злучаць Камянецкі і Пружанскі раёны з М-1 у раёне Івацэвічаў.
Акрамя таго, гэта штуршок для развіцця аграэкатурызму. І нашы, і замежныя турысты змогуць паглядзець і Белавежскую пушчу, якая ахоўваецца ЮНЕСКА як сусветны помнік прыроды, і прыехаць спецыяльна на даволі экзатычнае паляванне на зубра — такіх паляўнічых "з-за мора" мы ўжо бачылі. Сама ж дарога прынясе шмат зручнасцяў мясцоваму насельніцтву, адкрые новыя перспектывы для далейшага развіцця гаспадарчага жыцця раёнаў. А калі ў строй дзейных уступяць гасцініцы, кемпінгі, кавярні — людзі паедуць сюды і на сямейны адпачынак, рэгіён пачне зарабляць грошы.
...Калі мы выехалі на пачатак трасы, нашы "гіды" расказалі: спачатку планавалася, што пойдзе яна ад Валкастаўца да мяжы з Гродзенскай вобласцю. А потым было прынята рашэнне злучыць абход міжнародным калідорам з Польшчай. З'явіўся дадатковы ўчастак, былі выдзелены адпаведныя сродкі. Магчыма, з цягам часу нашы заходнія суседзі захочуць збудаваць такі абход і навокал сваёй часткі пушчы.
(Зробім кароткае адступленне. Аўтары маюць права памарыць: калі б гэта здарылася даволі хутка, то паток турыстаў быў бы забяспечаны не толькі польскаму боку (а ён быў бы забяспечаны там дакладна), але і беларускаму. Але хто можа ініцыяваць такое будаўніцтва ў Польшчы, акрамя саміх палякаў? Нашы МЗС ці Міністэрства спорту і турызму? Дэпутаты? Грамадскасць? Адказу мы не ведаем. Але калі нехта можа паўплываць, то гэта была б удзячная справа.)
Праязджаем непадалёку ад дзяржаўнай мяжы, за калючым дротам бачым кантрольна-следавую паласу. Блізкасць мяжы не мяшае працаваць дарожнікам, а надае яшчэ больш высокую ступень адказнасці: людзі разумеюць, што першыя ўражанні замежных гасцей будуць залежаць і ад іх работы.
С. Скачкова. Кантроль за ходам будаўніцтва вядзецца пастаянна, яго ажыццяўляюць як самі выканаўцы — майстры і прарабы (уваходны, прыёмачны і іншыя віды кантролю), так і інжынерныя службы ўпраўленняў і прадпрыемства ў цэлым. Гэтае пытанне пастаянна ў цэнтры ўвагі аператыўнага штаба будоўлі. Працуюць свая служба кантролю якасці і лабараторыя. А ёсць яшчэ будаўнічая інспекцыя. Тэхнагляд ажыццяўляюць прадстаўнікі Белдарцэнтра. Асаблівых нараканняў па якасці не было.
Адзін раз у два тыдні штабы праводзіць кіраўніцтва галіны — намеснік міністра транспарту і камунікацый РБ — дырэктар дэпартамента "Белаўтадар" Анатоль Міхайлавіч Лыцін, з аб'ездамі ўсіх участкаў. Вынікі падводзяцца з удзелам адміністрацыі і зацікаўленых службаў тых раёнаў вобласці, па чыёй тэрыторыі праходзіць траса.
Вёска Валкаставец. Дарога тут прыняла амаль завершаны выгляд.
— Бачыце, ляжыць верхні слой. Дарэчы, тут наогул дарогі не было, — расказваюць нашы праважатыя. — Выканалі ўвесь аб'ём работ, з двухслойным пакрыццём, умацавалі абочыну, выканалі пад'езды, у тым ліку да дачных участкаў.
Разварочваемся, каб паглядзець на новую вуліцу і пад'езды да фермы, зробленыя "па ўсёй навуцы" Жабінкаўскім ДРБУ-103 па ўзгадненні з Камянецкім райвыканкамам і старшынёй "Агра-Нівы". Перакрыжаванне ў цэнтры вёскі (раней на гэтым месцы стаяла велізарная лужына, а дарога была звычайная, грунтовая) нагадвае складанае інжынернае збудаванне. Адзін з яго элементаў — новы аўтобусны прыпынак. Дарожнікі рыхтуюць па ўсёй трасе грунтоўныя прыпыначныя пляцоўкі, з павільёнамі, якія абароняць пасажыраў ад дажджу ці завеі. Пляцоўкі аздоблены тратуарнай пліткай, да іх будуць весці тратуарныя дарожкі з асфальту. Кожны такі прыпынак па трасе будзе мець сваю назву і свой сімвал — выяву зубра ці аленя, вавёркі і г.д.
Менавіта да гэтай вёскі маршрутны аўтобус раней не даходзіў, патрэбна было пешшу дабірацца да Амелянца, а зараз вёску звяжа з навакольным светам маршрутная лінія.
Знаёмімся са старшым майстрам ДРБУ-103 Анатолем Крэчкам.
— Добраўпарадкаванне мы ў асноўным выканалі: асфальтаўкладку завершылі, пад'езды — таксама. Засталося завершыць павільён, нанесці разметку, зрабіць дарожку для пешаходаў і з'езды ў двары, будзем выконваць іх уручную, — расказвае Анатоль Аляксандравіч. — Агульны кошт аб'екта — прыкладна 700 мільёнаў. А дарожнабудаўнічую тэхніку — асфальтаўкладчык і каток — павезлі на іншыя аб'екты.
— Насельніцтва ў вёсачцы не многа, — расказвае выканаўца работ. — Але зараз тут ёсць шыкоўная дарога, не кожны райцэнтр альбо аграгарадок такую мае. Ужо з'явіўся попыт на дамы, якія пустуюць, хутка гараджане раскупяць іх на дачы. Ёсць "купцы" і з Брэста. Не дзіўна, бо прыгажосць навокал — казачная. Да таго ж месцы — грыбныя, тутэйшыя жыхары кажуць, што на адных лісічках за сезон можна зарабіць да мільёна.
Раней Анатоль Крэчка працаваў у агульнабудаўнічай арганізацыі. Да дарожнікаў перайшоў не толькі з-за таго, што заробкі большыя. Яму падабаецца калектыў, у якім заўсёды, лічыць ён, можна знайсці паразуменне на ўсіх узроўнях.
Што ж, калі ў выканаўцаў такі настрой, працаваць сапраўды лягчэй.
— Участак дарогі ад Ваўкастаўца да Амельянца выканала Драгічынскае ДРБУ-177, — каментуе сітуацыю на наступным участку трасы Міхаіл Уладзіміравіч. — Засталося выканаць верхні слой пакрыцця з шчабёначна-масцічнай сумесі. Устанавіць знакі і нанесці разметку. Зараз пад'язджаем да "зоны адказнасці" Ганцавіцкага ўпраўлення — яно выканала ўвесь абход Амелянца. Давайце заедзем у кар'ер.
Кар'еры для адсыпкі землянога палатна — гэта асобная "песня". Каб атрымаць зямлю пад 16 кар'ераў побач з трасай, а не за сотні кіламетраў, давялося папрацаваць.
С. Скачкова. Кар'еры ўдалося атрымаць побач з дарогай, якая будуецца. Інакш было б падаражэнне будоўлі. Спачатку планавалася, што мы будзем прывозіць грунт на дрэніруючы слой землянога палатна з дальняга кар'ера Амневічы, а гэта Баранавіцкі раён. Пасля лабараторных аналізаў мы спынілі свой выбар на мясцовых залежах, якія прапанавалі распрацоўваць. Нам пайшлі насустрач, і ў выніку мы змаглі вазіць грунт на дрэніруючы слой з блізкіх, мясцовых кар'ераў Амелянец і Стаўпавіскі, бо тут добры каэфіцыент фільтрацыі. Зараз мы з вамі на кар'еры Амелянец, ён з'явіўся ў чыстым полі. Як бачыце, усё яшчэ працуе экскаватар, падыходзіць пад пагрузку тэхніка. Пасля завяршэння работ добраўпарадкуем тэрыторыю і на гэтым месцы заплешчацца возера. А навокал будзе зона адпачынку — яшчэ адна радасць для турыста і мясцовага жыхара.
Едзем далей. У зоне адказнасці Ляхавіцкага ДРБУ-200 рабочыя ўмацоўваюць водапрапускныя трубы. Якраз на гэтым участку зроблены праход для зуброў — мы змаглі спусціцца з трасы і заглянуць унутр сур'ёзнага збудавання. Мясцовыя жыхары расказваюць, што зуброў тут многа. Любяць прыйсці ў вёску, паласавацца на ферме сенам ці сіласам, потым лягуць за плотам і доўга так, важна адпачываюць. Адпачылі — падняліся і вярнуліся ў пушчу.
Складанасць была ў тым, што насып давялося ўздымаць да 4-х метраў, таму павялічыўся аб'ём земляных работ. Але быў прыкладзены максімум намаганняў, каб не выбіцца з графіка, выканаць своечасова ніжні слой і не адстаць ад іншых упраўленняў.
С.Скачкова. Калі прыступілі да адсыпкі землянога палатна, месцы міграцыі зуброў і земнаводных яшчэ не былі вызначаны, навукоўцы працавалі паралельна з праекціроўшчыкамі і будаўнікамі. Нас гэта крыху стрымлівала, бо маглі выканаць земляное палатно і раней. Справа аказалася не хуткай: вучоным Акадэміі навук давялося ўздымаць шматгадовыя звесткі па міграцыі, знаходзіць канкрэтныя звярыныя сцежкі. Сёння дзякуючы навукоўцам у нас ёсць вялікі і досыць важны раздзел "Уздзеянне аб'екта на навакольнае асяроддзе", дзе падрабязна ўказана, у якіх канкрэтных месцах адбываецца міграцыя, якіх "жыхароў" пушчы, у якую пару года, у якой колькасці і гэтак далей. А таксама — якія тут вадаёмы, падземныя крыніцы, балоты, якая дзе расліннасць... Выканана велізарная праца.
З Амелянца дарога вядзе на Панасюкі — тут Высокаўскае ДРБУ-137 таксама цалкам завяршыла работы. Ад Панасюкоў да вёскі Стаўпавіскі — трохі больш за два кіламетры. Тут працуе субпадрадчык, брэсцкая фірма "СТІМ", якая раней забяспечвала дарожнікаў Беларусі спецыяльнай тэхнікай. А зараз яны пашырылі сваю спецыялізацыю, набылі асфальтаўкладчыкі, каткі і іншыя механізмы і самі пракладваюць трасу. За імі працуе чацвёрты трэст.
І знаў мы вяртаемся на ўчастак, за які адказваюць Высокаўскае і Брэсцкае ДРБУ. Верхні слой дарогі гатовы, засталося крыху работы па рэкультывацыі паласы адводу, нанясенні разметкі, устаноўцы дарожных знакаў.
Непадалёку — новы мост праз раку, на якім наводзяць апошнія штрыхі рабочыя мостаатрада. Канструкцыя моста не зусім стандартная, тут спатрэбіўся нетрадыцыйны падыход, бо размяшчаецца мост якраз на "віражы", на павароце русла. Мы пераехалі раку яшчэ па старым, але абсалютна дакладна было зразумела, што доўга ён не пратрымаецца, бо знаходзіцца ў аварыйным стане. На слабыя парэнчы абаперліся двое мясцовых мужчын, праводзілі нас спакойнымі позіркамі. Да дарожнікаў тут прывыклі.
Што датычыць самой вёсачкі за мостам, то яе чакаюць асфальтаванне вуліцы і наогул добраўпарадкаванне. Пашанцавала бэзаваму раю.
Брыгады ўпраўленняў "Брэстаблдарбуда" працуюць на трасе з 8 і да 8-мі. Тэхніка начуе там, дзе заспеў вечар, на арганізаваных стаянках, якія ахоўваюцца. Каб працаваць светлавы дзень, патрэбны бытавыя ўмовы. Вось і паставілі дарожнікі свой бытавы гарадок: у некалькіх шчытавых доміках размясціліся не толькі бытоўкі, але і кухня, дзе можна пагрэць ежу і паабедаць. Ёсць тут і экспрэслабараторыя, і міні-здраўпункт, і нават зала пасяджэнняў, у ёй у моцны дождж можна правесці збор аператыўнага штаба будоўлі. Дзякуючы парадку, які пануе ў доміках і на тэрыторыі, "Брэстаблдарбуд" выйшаў пераможцам галіновага конкурсу па добраўпарадкаванні бытавых гарадкоў для рабочых.
Тут мы сустрэлі майстра Высокаўскага ДРБУ-137 Сяргея Шумілу, са сваім калектывам ён працуе на ўчастку ад Стаўпавісак да Асіннікаў.
— Сёння ўстанаўліваем накіравальныя бар'еры для пераходу земнаводных — вядзём мантаж гэтых спецыфічных блокаў, выкананых па спецзаказе. Засталіся таксама ўмацавальныя работы на адкосах. У калектыве я з 2006 года, прыйшоў адразу пасля заканчэння Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта. Родам з гэтых мясцін, з Камянецкага раёна, і прыемна, што навокал пушчы ідзе такое будаўніцтва. Самі для сябе будуем шыкоўную дарогу.
Сустрэліся на аб'екце і з начальнікам Высокаўскага ДРБУ-137 Сяргеем Дзямко. Сяргей Якаўлевіч таксама мясцовы, выпускнік таго ж БІСІ. Паслуговы спіс за плячыма значны: майстар, майстар па штучных збудаваннях, прараб, галоўны інжынер.
— Увод абходу навокал Белавежскй пушчы — наша асноўная задача гэтага года. Разумею сваіх калег, якія па-добраму зайдросцяць, што ў нас у раёне — такая будоўля дзяржаўнай важнасці. Цяпер можна чакаць паступлення інвестыцый у эканоміку раёнаў. Думаю, што справімся ва ўстаноўлены тэрмін — да 1 лістапада. Як бачыце, асноўная частка работ выканана, і на ўчастку нашага ДРБУ вядзецца ўкладка верхняга слоя.
Ніхто не здымаў з нас таксама адказнасць за ўтрыманне сеткі дарог мясцовага значэння. У нашым ДРБУ на абслугоўванні больш за 800 кіламетраў дарог. Вялікую дапамогу аказвае наша галаўное прадпрыемства — "Брэстаблдарбуд", без чаго ўсюды паспець было б вельмі складана. Яно ўзяло на сябе клопат па цэнтралізованай пастаўцы будаўнічых матэрыялаў. Дапамагаюць і па іншых накірунках — фінансавых, арганізацыйных, тэхнічных. "Аблдарбуд" імкнецца забяспечыць нас працай і працу гэтую прафінансаваць.
Ёсць праграма адраджэння сельскіх населеных пунктаў 2011-2015 гадоў, якая з'яўляецца працягам праграмы развіцця аграгарадкоў. Неяк так склалася, што Брэсцкі "Аблдарбуд" заўсёды браў на сябе асноўны цяжар па гэтых праграмах. А ў раёнах старшыні выканкамаў і іх намеснікі па будаўніцтве ведаюць, што на гэты адказны ўчастак можна смела пасылаць раённыя філіялы "Брэстаблдарбуда" — мясцовыя ДРБУ. Яны ў стане выканаць гэтую работу ў тэрмін, якасна, без лішніх "рэбусаў", як у народзе кажуць, — сведчыць Сяргей Якаўлевіч.
Шукаем для сябе і так званыя дагаварныя работы, каб цалкам загрузіць калектыў і забяспечыць яму дастойны заробак, а таксама каб мець фінансавую магчымасць развівацца далей. Заключаем прамыя дагаворы, часцей за ўсё з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, жыллёва-будаўнічымі кааператывамі. У асноўным размова ідзе пра асфальтаванне і добраўпарадкаванне тэрыторый, праездаў, двароў, пляцовак. У нас два асфальтабетонныя заводы, нармальная тэхнічная аснашчанасць, якая дазваляе выконваць работы на любым аб'екце ад нуля да ўводу ў эксплуатацыю. Ідзе пастаяннае абнаўленне асноўных фондаў, дзякуючы "Аблдарбуду" мы набываем новыя механізмы.
Стараемся працаваць комплексна, выконваць усе віды не толькі асноўных, профільных, але і спадарожных работ. Напрыклад, маем сертыфікат на ўкладку тратуарнай пліткі, бардзюрнага каменю. Думаю, практычна ўсе нашы ДРБУ сертыфікаваны на такія віды работ, — падкрэсліў кіраўнік ДРБУ-137.
...Калі вярталіся, Міхаіл Казлоўскі расказаў пра пажылую жанчыну, якая была ў пушчы падчас міжнароднага семінара ў складзе адной з замежных дэлегацый. Усе сабраліся ад'язджаць, а яна ўсё стаіць і паўтарае: "Божа, якое паветра! Тут бы паставіць наш домік — я б больш нічога не хацела. Якое чыстае паветра!".
А мы ад сябе можам дабавіць: і якія дарогі! Пабольш бы такіх дарог, нават магістральных.
Публікацыю падрыхтавалі Уладзімір Хількевіч, Алена Даўжанок і Яўген Пясецкі (фота).
![]() |
| Работы па ўмацаванні адкоснай часткі сведчаць, што ўчастак дарогі, лічы, гатовы. |
![]() |
| — Тут новая дарога пройдзе праз Камянецкі раён, — расказвае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства Міхаіл Казлоўскі. |
![]() |
| На ўчастку дарогі Амелянец — Панасюкі верхні слой пакрыцця зроблены з шчабёначна-масцічнага асфальтабетону з дабаўленнем цэлюлозы. |
![]() |
| Старшы майстар ДРБУ-103 Анатоль Крэчка: "А прыгажосць навокал — казачная!". |
![]() |
| Дарога прынясе новае жыццё ў Ваўкаставец. |
![]() |
| Дарожныя рабочыя Жабінкаўскага ДРБУ-103 Раман Нікіцюк, Аляксандр Мельнічэнка, Генадзь КурохЦін і Аляксандр Міхалюк. |
![]() |
| Пад'езды да жывёлагадоўчых фермаў — таксама клопат дарожнікаў. |
![]() |
| Будзе над ракой Белай новы мост. |
![]() |
| "Каманда" Ганцавіцкага ДРБУ-100: Уладзімір Равінскі, Аляксандр Дулік, Уладзімір Сукач і Аляксандр Крысюк. |
![]() |
| Віктар Стасюк — родам з гэтых мясцін. Будуе дарогу сабе і землякам. |
![]() |
| Кар'ер Амелянец пасля рэкультывацыі стане прыгожым возерам. |
![]() |
| У перасоўным бытавым гарадку ўсё зручна і камфортна. Наш "гід" Святлана Скачкова і майстар Сяргей Шуміла расказалі, што ў кароткі час адпачынку тут прымаюць і праграмы "Космас-ТБ". |
![]() |
| Начальнік ДРБУ-137 Сяргей Дзямко. |
![]() |
| Майстар ДРБУ-137 Міхаіл Лукашэвіч і дарожны рабочы Яўген Якубоўскі. |
![]() |
![]() |
| Унікальныя пераходы для гаспадароў пушчы — зуброў — не парушаць ход іх спрадвечнай міграцыі. |
![]() |
![]() |
| А гэта — "шпацырштрасэ" для земнаводных. |
![]() |
| Такі прыгожы і зручны пад'езд да жылых дамоў на новай вуліцы зрабілі дарожнікі ў вёсцы Відомля. |
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта