
Адны паламаліся, бо перадачы трэба пераключаць на хаду, іншыя па адваротнай прычыне.
У Белавежскай пушчы некалькі веламаршрутаў. Парк пракатных велікаў складзены з айчынных "Спадарожнікаў". Майстар па рамонту, які глядзіць за імі, патлумачыў:
– Вось гэты веласіпед, глядзіце – шэсць перадач, а тут тры, схаваныя ў тарпедзе задняга кола. На такім веласіпедзе – ну канешне, ужо скруцілі – на ім крУціце, крУціце педалі, потым зрабілі паўзу, пераключылі перадачу і паехалі далей. А на тым пераключацца трэба на хаду. У гэтым тонкасць. Яны абодва "Спадарожнікі", мінскага завода, прададзенага замежнікам, ліцэнзійны прадукт. Яны аднолькавыя, толькі гэты, з перадачамі ў тарпедзе, больш сучасны.

Агулам у пракаце для турыстаў ёсць некалькі дзясяткаў веласіпедаў для дарослых (падлеткам выдаюцца "АИСТЫ"-маламеркі). "Больш сучасныя" ўсё заблакаваныя на адну перадачу. Гэта значыць: што пад гару, што з гары ¬– круціш як пры Савецкім Саюзе. Велікі з адкрытай сістэмай пераключэння перадач – таксама на кожным лічы ёсць нейкая паломка, хай сабе і сумяшчальная з жыццём, але … Прыкладам, можа педаль заядаць, рычаг пераключэння перадач целяпацца.
Жанчына, якая выдае веламаршруты і веласіпеды ў арэнду, кажа пра тэхніку і людзей на ёй. "Нагрузка на ровары, натуральна. Таму і працы майстру многа. Але і людзі…ну такія бываюць пераборлівыя. Днямі ў аднаго шына спусціла на маршруце, дык прывёў веласіпед у руках і пытае: "Як так, чаму запаску з сабой не далі. У мяне на машыне запаска ёсць". Або вяртаюцца з маршрута, бо не вытрымліваюць. Кажуць, надта доўгі. І тады, бывае, на веласіпеды наракаюць".
Пытаю, ці патрабуюць людзі грошы назад у такіх выпадках незадаволенасці. "А як жа. Бывае. Але я ім раю ўзяць іншы веласіпед і адкатаць, колькі належыць. Бо мне праз касу чэк пераводзіць назад на грошы накладна".
Застаецца паведаміць нялішнюю лічбу і спадарожную ёй інфармацыю. Самы доўгі веламаршрут па Белавежскай пушчы 27 кіламетраў. Веладарожкі асфальтавыя, шырынёй у паласу дарожнага руху. Па іх ездзяць таксама аўтамабілі абслугі і турыстычныя аўтобусы, так што час пары веласіпедысту даводзіцца збочваць.

Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта