Прыселі на «Прызбу»

интернет-сайт "34mag.by", 13.08.2014

Мы правялі найлепшы ўік-энд лета на тэатральна-экалагічным «Прызба-фэсце», што прайшоў паміж пустак-балот Пружанскага раёна. У рэпорце ніжэй – галоўныя моманты падзеі і кранальныя сведчанні таго, што чым часцей збягаць з горада ў кампаніі сяброў, тым больш відавочна, як жыць, з кім і для каго.


Трохдзённы форум «Прызба-фэст» – гэта тэатр, адпачынак і нефармальная адукацыя ў адным флаконе. Ініцыятыва належыць сапраўдным фанатам свайго рамяства – альтэрнатыўнаму тэатру «Крылы халопа» з Берасця і гаспадарам аграэкасядзібы «Залессе» . На працягу ўсяго ўік-энду – з пятніцы да нядзелі – гасцей прапампоўвалі па трох дысцыплінах, якія і склаліся ў лейтматыў сустрэчы: «Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва».

«Прызбу» мы даязджаем на другі дзень фестывалю. Вёска Залессе стаіць на ўнікальным месцы – пасярод абсалютна запаведнай зоны Белавежскай пушчы, абкружаная нізінным балотам Дзікае. Пакуль аўтобус, нібыта шэйкер на колах, пераадольвае кіламетры па гравійцы, Дзяніс, 26-гадовы ўрач-анколаг, а ў вольны час – старшыня берасцейскай часткі «Аховы птушак Бацькаўшчыны», робіць кароткі экскурс: «У гэтых мясцін міжнароднае значэнне – мы налічылі тут 89 відаў птушак, асаблівую цікавасць выклікаюць совы, напрыклад, барадатая кугакаўка, якая тут гняздзіцца. Балота – гэта тыя самыя "лёгкія Еўропы", праз яго калісьці пралягаў каралеўскі тракт з Кракава ў Вільню».

Сядзіба, да якой мы нарэшце дабіраемся, уключае ў сябе некалькі дамоў з хлявамі, якія яшчэ гадоў восем таму выкупіла групка сяброў – аматараў экалагічных даследаванняў. «Мы тут упершыню праводзім культурна-экалагічны фэст, хаця раней тут ладзіліся арніталагічныя лагеры, – распавядае Сяргей Сідарук, кіраўнік «Залесся». – Падрыхтоўка да "Прызбы" пачалася год таму. Хацелася не толькі сабраць неабыякавых да прыроды людзей, але і знайсці спалучэнне з сучасным мастацтвам, прыцягнуць увагу да мясцовых жыхароў – носьбітаў унікальнай культуры, якія, на жаль, не будуць тут з намі заўжды».

Хлеў падрамантавалі і знеслі адну сценку – атрымалася сцэна. У цяньку шатра – месца для лекцый. Мясцовыя ўлады падагналі біяпрыбіральні і кіёск з прадуктамі першай неабходнасці – мінералкай і марозівам, а таксама Сусану Канстанцінаўну – яна какетліва страляе вачыма на камеру і працягвае дзецям пламбір. Гамакі, арэлі ды старыя прадметы сялянскага побыту дадаюць неабходнага градусу ўтульнай шчырасці.

Удзельнікаў – каля 200 чалавек, у тым ліку з паўсотні маленькіх рабінзонаў і дзве старэйшыны – мясцовыя жыхаркі. Арганізатары прызнаюцца, што чакалі ўбачыць удвая менш людзей, але сарафаннае радыё спрацавала даволі эфектыўна. «Кухня» працуе спраўна, ежы на ўсіх хапае. У меню – грэчка з гароднінай, плоў з грыбамі і вараная капуста.

«Сусана Канстанцінаўна какетліва страляе вачыма на камеру і працягвае дзецям пламбір»

Часам чуваць англійскую, польскую ды нямецкую мовы. На запрашэнне «Крылаў халопа» на фэст прыехаў польскі вясковы тэатр «Вэнгайты» – сапраўдны табар у найлепшым разуменні слова. Увечары ля вогнішча сваімі спевамі тон задаюць наглядчыцы – бабулі Маня ды Валя, а вандроўнікі ім акампануюць ды ловяць кожны гук.

Найбольшым поспехам карыстаецца прастора крэатыўнага гультайства «Ля-Нота». Яе аўтаркі Света і Аліна, суседкі з Берасця, знайшлі ідэальнае спалучэнне бестурботнага рэлаксу з карысным баўленнем часу. Прастору ладзілі з таго, што знайшлі на месцы – атрымалася «Ля-Нота» з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і моцным ухілам у рэсайклінг. Чытальню ўладкавалі пад яблыняй, прыцягнуўшы рэдкія ў нашых шыротах часопісы пра мастацтва ды іншамоўныя кнігі, кавярню паставілі на колы распілаванага ровара, а ў імправізаванай друкарні рабілі прынты з непрыдатных у працы фарбаў. У выніку альтэрнатыўным лога фэсту зрабілася сава, асеўшы на тышотках амаль усіх гасцей.

Кожны дзень да абеду адбываліся майстар-класы: як плесці вянкі, друкаваць па тканінах, кіраваць канфліктамі і нават агучваць кіно ад менскага праекту «КІНЕМО» . Пасля абеду – лекцыі з удзелам вядомых гульцоў беларускага культурніцкага асяроддзя. Эксперты абмяркоўвалі сутнасць сацыяльнага мастацтва, а слухачы, разваліўшыся на сене, удзельнічалі ў дыскусіі і задавалі пытанні. «Людзей сюды перш за ўсё прыцягнула асяроддзе, але атрымаўшы ўік-энд у прыемных умовах, яны нечакана для сябе зрабіліся ўдзельнікамі якаснай адукацыйнай праграмы, – каментуе падзею тэатральны крытык Таня Арцімовіч. – Паслухалі пра сучаснае мастацтва, гэтая тэма ўжо не застаецца такой незразумелай. Паглядзелі "Чарнобыль" – важны спектакль, які "Крылам" не ўдалося паказаць раней у Берасці. Будучыня за такога кшталту змяшанымі фарматамі, дзе лайтова праведзены час зліваецца з новымі формамі ўспрымання мастацтва».

«"Усё па-еўрапейску", – шматзначна прамаўляе нам на вуха мужчына»

Пасля суботніх начных спеваў ля вогнішча, кіно з тапёрамі ды іншага музла лагер сціхае ўжо завідна. Правёўшы ў лагодзе перадабедзенны час, усе выпраўляюцца ў суседнюю вёску Вялікае Сяло, дзе адбываецца апошні дзень «Прызбы». У невялічкай залі мясцовага дома культуры вокны зацягнутыя чорным поліэтыленам: тутэйшыя дзеці паказваюць відовішча – тэатр ценяў. Спектакль пры ўдзеле актораў з «Крылаў халопа» пастаўлены ў працэсе падрыхтоўкі да фэсту па матывах мясцовых легенд. Польскім «Вэнгайтам» пасля дзяцей не ўдаецца сарваць воплескі – што рабіць, не падфарціла з лёсаваннем.

Калі тусоўка вывальвае на траўнік, велікасельскія дамы займаюць чакальную пазіцыю, а польскія артысты вучаць ахвочых жангляваць і танцаваць. «Усё па-еўрапейску», – шматзначна прамаўляе нам на вуха мужчына з Вялікага Сяла, кідаючы зацікаўлены позірк на прадавачку папкорну.


-------------------------------

Еще много фотографий смотрите на сайте первоисточника.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта