Глушэц наведаўся ў вёску на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка

Міхась ДУБРОВІЦА, интернет-сайт "Белорусская Лесная газета", 23.04.2015

Аматары дзікай прыроды добра ведаюць пра непрадказальныя паводзіны глушцоў падчас такавання. Сведкам такога выпадку стаў навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка Дзяніс Іўковіч.


Жыхары адной з вёсак, якая месціцца на тэрыторыі запаведніка, паведамілі, што на адным з надворкаў, дзе ніхто не жыве, з’явіўся глушэц. І сапраўды, калі навуковец з таварышамі прыехалі туды, дык убачылі, як дзікая баравая птушка ганарова шпацыруе амаль у цэнтры населенага пункту. Нават пабачыўшы людзей, глушэц спакойна збіраў гальку і пашчыпваў зялёныя лісты трускавак.

Зрэдку ўзлятаў на стары плот і хадзіў па ім. Пасля пачаў уважліва глядзець на аўтамабіль. І хто б мог такое ўявіць — раптам лясны госць, гучна махаючы крыламі, з плота пераляцеў на машыну Іўковіча! І… задрамаў. Недзе праз паўгадзіны ўсхапіўся і накіраваўся назад у двор — да купіны пяску, што засталася ад раскіданай хаты.

Назаўтра вяскоўцы паведамілі, што смелая птушка вярнулася ў лес.


Да ведама

Глушэц — самая буйная птушка з баравой дзічыны. Даўжыня самцоў — да 110 см, маса — да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя.

Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б'юцца паміж сабой (такуюць). Падчас спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гэты факт выкарыстоўваюць паляўнічыя: падыходзячы да птушкі, рухаюцца тады, калі глушэц спявае. Толькі ён сціхае, паляўнічы таксама замірае. Любы рух можа ўстрывожыць птушку.

Палёт глушца даволi цяжкi, пры старце птушка гучна хлопае крыламi i пасля таго, як дасягне вышыні верхавін дрэў, з нерухомымi крыламi планiруе ўнiз.

Аседлая птушка: селіцца ў лясах Еўропы і Азіі. Арэал у Еўропе разарваны: Шатландыя, Альпы, Дынарскія горы, Карпаты і ад Цэнтральна¬Усходняй Еўропы i Скандынавii да Усходняй Сiбiры.

Насяляе вялiкiя комплексы бароў з участкамі густога лiсцевага падлеску і падросту, а таксама з добра развiтым слоем ягадных кусцікаў, паблiзу тарфяных балот. У гарах селіцца на вышыні да 1500—2000 м.

У Беларусі водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей на мохавых балотах Паазер'я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. У Бярэзінскім запаведніку вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.

Корміцца ігліцай, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі.

Тое, што паядае гальку, таксама не навіна. Мне самому даводзілася бачыць у Віцебскай вобласці, як глушэц на лясной дарозе глытаў каменьчыкі. Дарэчы, ад легкавушкі не ўцякаў, а сыходзіў павольна і паважна.

У зобе знаходзяць каменьчыкі да 60 грамаў. У былыя часы ў Сібіры, разбіраючы дабытых глушцоў, гаспадыні знаходзілі і выдатныя залацінкі. Тады гаспадар кідаўся ў тайгу ў пошуках мясцовага Кландайка.

Гняздуюцца глушцы на зямлі. Гняздо ў ямцы памiж купiнамi раслін (напрыклад, верасу i сухой травы), звычайна прыкрытае елкай, кустом, паваленым дрэвам, часам паміж каранёў каля асновы дрэва. У выключных выпадках — у старых гнёздах іншых відаў птушак нават на вышыні 3—5 м над зямлёй. Высцiлка з сухой травы i лiсця з прымессю iглiцы i моху.

Адкладвае 6—8 (зрэдку да 12—16) яек. Самка выседжвае іх 25—28 дзён.

У месцах, дзе сустракаецца разам з цецеруком, утварае міжвiдавыя гiбрыды, якiя завуцца межнякамі (часцей за ўсё бацькам межнякоў з'яўляецца цецярук).

Мяса жорсткае, перад абскубаннем здабыты глушэц мусіць вісець уніз галавой некалькі дзён у халодным праветрываемым месцы. Пасля абскубання абсмаліць, вытрыбушыць, адцяць галаву і крылы. Маладых птушак дастаткова замачыць нанач у малацэ, старых лепш у марынадзе (з дадаткам ядлоўцу і імбіру) на працягу 2—3 дзён. Глушца лепш тушыць, чым запякаць.

Колькасць гэтых птушак скарачаецца. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне XVII ст. глушэц быў знішчаны і зноў завезены ў 1837 годзе са Швецыі.

У Беларусі паляванне на самцоў дазваляецца з 20 сакавіка па 10 мая з 3 да 9 гадзін.

Фота Дзяніса IўКОВІЧА


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта