Каб не нажыць праблем…

Святлана Барысенка, газета "Звязда", 08.05.2015

З пачатку вясны ў краіне ўжо зарэгістравана каля 200 выпадкаў укусаў кляшчоў, а такія ўкусы пагражаюць клешчавымі інфекцыямі (барэліёзам і вірусным энцэфалітам). У краіне штогод выяўляецца звыш тысячы выпадкаў хваробы Лайма (клешчавы барэліёз) і звыш ста выпадкаў клешчавога энцэфаліту.

Звычайна клешч чапляецца да адзення або цела чалавека і пачынае шукаць месца для ўкусу. Кляшча можна «прыхапіць» на палявых ці лясных кветках, галінках або іх прынясе на сабе любімы сабака. Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна не толькі праз укус, але і праз ужыванне сырога казінага малака, нагадвае энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана ЯШКАВА.

Як абараніцца?

1. Правільна апранацца, калі ідзеш у лес.

Куртка павінна быць з капюшонам, каўнер кашулі — бліжэй да цела, кашуля — запраўленая ў штаны і з доўгімі рукавамі. Штаны запраўляюць у боты, галаву і шыю закрываюць хусткай або кепкай. Адзенне павінна быць светлым, аднатонным.

2. Праз кожныя 1-2 гадзіны трэба аглядаць усё адзенне. Па вяртанні з лесу абавязкова трэба яшчэ раз агледзець адзенне і цела.

3. Не варта пасвіць коз у лясной зоне, абавязкова трэба аглядаць жывёлу ў пошуку кляшчоў. Малако ўжываць толькі гатаванае (2-3 хвіліны гатавання забіваюць вірус у малацэ).

4. Стаянкі ў лесе неабходна ладзіць на ўчастках без травы, на сухіх, добра прагрэтых сонцам палянах.

5. Варта карыстацца рэпелентамі — апрацоўваць гэтымі сродкамі адкрытыя ўчасткі цела, адзенне.

6. Для прафілактыкі клешчавага энцэфаліту існуе вакцына. Прышчапіцца могуць усе, хто працуе ў месцы прыродных ачагоў інфекцыі (напрыклад, у Нацыянальным парку «Белавежская пушча»), а таксама тыя, хто выязджае ў эндэмічныя па клешчавым энцэфаліце раёны Расіі (Прыўралле, Сібір, Далёкі Усход) і іншых краін. Супраць хваробы Лайма вакцына не распрацавана.

Што рабіць, калі ўкусіў клешч?

Па-першае, як мага хутчэй выдаліць яго. Чым даўжэй клешч знаходзіцца ў вашым целе, тым вышэйшая верагоднасць заражэння. Можна звярнуцца па дапамогу ў траўматалагічны або хірургічны кабінет паліклінікі. Калі такой магчымасці няма, значыць, трэба дзейнічаць самастойна.

Можна ўзяць баваўняную нітку і завязваць у вузел як мага бліжэй да хабатка. Закручваючы канцы ніткі з дапамогай кругавога руху, вымаюць кляшча, пакрысе падцягваючы яго ўгору. Рэзкія рухі недапушчальныя.

Можна ўзяць пінцэт, прыхапіць ім кляшча бліжэй да хабатка і акуратна пачаць вымаць, варочаючы вакол восі ў зручны бок. Звычайна праз 1-3 абароты клешч выцягваецца цалкам. Нельга рабіць гэта рэзка.

Пасля выдалення скуру трэба апрацаваць настойкай ёду або 70-працэнтным спіртам і абавязкова звярнуцца да тэрапеўта, педыятра або інфекцыяніста па месцы жыхарства для атрымання прафілактычнага лячэння і ажыццяўлення медыцынскага назірання.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта