
Доўгі час Белавеская пушча была падзелена мяжой: частка запаведных лясоў была на польскай тэрыторыі, частка - на беларускай. Турысты з Польшчы ды Беларусі прыяжджалі кожны ў сваю пушчу. Патрэбны былі візы й дазволы для таго, каб наведаць суседа. Цяпер мяжа засталася, але магчымасьці для наведваньня палепшыліся. Летась у Беларусі ўведзены быщ бязьвізавы рэжым на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавеская пушча". Мы паспрабавалі скарыстацца гэтым новаўвядзеньнем.

Белавеская пушча лічыцца адным з найстарэйшых запаведных лясных масіваў, што захаваліся ў Эўропе. На сёньняшні дзень пушча займае каля 1500 кв.км., з чаго каля 40% знаходзіцца ў Польшчы, а каля 60% - на тэрыторыі Беларусі. У пушчы жыве найбольшая папуляцыя найбуйнейшага прадстаўніка эўрапейскай фаўны — зубра.

Менавіта за прыродай у Белавескую пушчу штогод прыяжджаюць турысты. Распавядае гід па Белавескай пушчы ды жыхар Белавежы Лукаш Лаўрыш.
Лукаш Лаўрыш: У Белавескай пушчы ў першую чаргу глядзяць прыроду. Напрыклад, ідуць на пошукі зуброў з правадніком. Некаторыя самі шукаць караля пушчы. Зуброў можна сустрэць на лясных палянах, на лугах. Шмат цікавага ёсьць для турыстаў, якія езьдзяць на роварах. Для пешых турыстаў з польскага боку падрыхтавана прыродна-адукацыйная сьцежка "Рэбры зубра" ды шэраг іншых. Зь беларускага боку ёсьць таксама шмат цікавага. Асабліва камфортна там будзе раварыстам, бо там у старадаўнім лесе пракладзены асфальтавыя сьцежкі. Ровар - гэта найлепшы транспарт для пазнаваньня пушчы.

Нашу вандроўку па пушчы мы пачынаем з польскага боку, зь Белавежы. Штогод сюды ў сэрца пушчы на мяжы зь Беларусьсю прыяжджае ад 150 да 200 тысяч турыстаў. Раней для большасьці з наведнікаў была даступная толькі польская частка пушчы. Мала хто зь іх меў візы, каб наведаць беларускі запаведны лес. Вось ужо год уся Белавеская пушча даступная для наведваньня польскім ды замежным турыстам. Справа ў тым, што летась Беларусь увяла бязьвізавы рэжым на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Паводле словаў прэс-сакратара Падляшскага аддзела Памежнай службы маёра Катажыны Здановіч, гэта паўплывала на значны рост памежнага руху ў Белавежы. А два апошнія месяцы бягучага году сталі рэкорднымі.
Катажына Здановіч: Пункт пропуска ў Белавежы дзейнічае з 2005-га году. У асноўным празь яго ішоў лякальны рух. З 11 чэрвеня 2015, крыху больш за год таму, тут можна ўяжджаць у беларускую частку Белавескай пушчы бязь візы, толькі па пропусках. Мы заўважылі, што адразу на 40% тут павялічыўся памежны рух. Нашмат больш людзей скарысталася з магчымасьці перахода мяжы: на ровары ды пешкі. Сёлета найбольшы рух быў у часе вакацый. За першыя 6 месяцаў 2016 году мяжу перайшло 5700 чалавек, а цягам ліпеня ды жніўня - больш за 4600 чалавек.
Пераходам "Белавежа-Пярэраў" скарысталіся й мы. Увесь працэс заняў каля 15 хвілін. Мяжа працуе з абодвух бакоў хутка й спраўна. Зь беларускага боку сапраўды ў пушчы пакладзены роўны асфальт. Кажуць, што гэта прэзыдэнцкія сьцежкі здароўя: тут беларускі кіраўнік катаецца на роліках.

Варта зазначыць, што для аматараў ролікавых канькоў ды роварных вандровак тут сапраўды камфортна. Для тых, хто любіць жывы лес без асфальту, падрыхтаваныя адмысловыя адукацыйныя маршруты: "Запаведная дуброва", "Па сьлядах баброў" ды шмат іншага.

Сем’і зь дзецьмі вабіць хата Дзеда Мароза ды вальеры з жывёламі, якія жывуць у пушчы.

У Белавескую пушчу цяжка не закахацца, кажа намесьніца дырэктара Нацыянальнага парка па гандлёва-турыстычным абслугоўваньні Ніна Богуш.
Ніна Богуш: У нас вельмі шырокая экскурсійная праграма, мноства цікавінак. У пару словах гэтага не патлумачыш. Я закахалася ў пушчу, мне тут усё падабаецца: векавыя дубы, роварныя маршруты, вальеры з жывёламі, Дзед Мароз. У нас ёсьць што паглядзець.
Сапраўды. Адным з такіх цікавым да наведваньня месцам зьяўляецца Музэй народнага быту непадалёк вёскі Пярэраў.

Тут можна пазнаёміцца з асаблівасьцямі жыцьця пушчанцаў ды нават скаштаваць мясцовы выраб: самагон.

Калісьці, асабліва паўночная частка пушчы, была вядомая вытворчасьцю самагону, як кажуць некаторыя "Духа Пушчы". Сакрэтамі працы музэю падзялілася культуроляг Сьвятлана Каблукевіч.
Сьвятлана Каблукевіч: Тут абжытае месца, тут раней жылі людзі, якія працавалі ў Белавескай пушчы. З часам усе сышлі да цывілізацыі, а тут зьявілася ідэя стварыць музэй народнага быту. 21 верасьня нам будзе 2 гады. У нас ужо шмат гасьцей, сяброў, людзі вяртаюцца да нас, ім падабаецца. Гэта плюс. Быт пушчанцаў вельмі цікавы, у нас шмат традыцый, культурнай спадчыны. Мы паказваем ды расказваем пра гэта праз рытуалы ды абрады. Напрыклад, паказваем рытуал засяленьня ў новы дом, расказваем чаму людзі пакланяліся парогам. Таксама тое-сёе можна скаштаваць. Які ж быт абыходзіўся без самагонкі!
На турыстычных сьцежках у беларускай Белавескай пушчы ў будні дзень ня так шматлюдна.


У выходныя большы рух. Штогод парк наведвае больш за 200 тысяч беларускіх турыстаў. Сустракаюцца таксама й госьці з-за мяжы. Пра тое, што іх прывяло ў Беларусь, у пушчу, ды якія ў іх ўражаньні, мы запыталіся ў напатканай турысткі з Польшчы.
Караліна: Я вельмі люблю Белавескую пушчу з польскага боку. Часта сюды прыяжджаю, а вось на беларускі бок не ўдавалася паехаць. Як толькі зьявілася магчымасьць паехаць бязь візы, я адразу зрабіла пропуск і прыехала паезьдзіць у пушчу зь беларускага боку. Я рада, што ўдалося. Мне тут вельмі спадабалася. Яна моцна не адрозьніваецца ад польскай, але для тых, хто любіць камфортна езьдзіць на ровары, у Беларусі падрыхтаваны асфальтавыя сьцежкі. Вельмі камфортна па іх езьдзіцца. Апроч прыроды, тут можна наведаць цікавыя месцы. Гэта хата Дзеда Мароза, музэй прыроды ў Камянюках, ёсьць таксама музэй народнага быту ў Пярэраве. Гэтыя месцы я буду раіць усім палякам, каб наведалі іх. Асабліва музэй быту. Варта яго наведаць.
Трэба прызнаць, што адмена візавага рэжыму ў Белавескай пушчы - гэта ўдалае рашэньне беларускіх ўладаў. Тутэйшы запаведны лес варты таго, каб яго пабачылі ня толькі жыхары Беларусі, але й госьці з Польшчы ды ўсяе Эўропы.
Белавескую пушчу з абодвух бакоў мяжы наведаў Юры Ліхтаровіч




Foto: Karolina Likhtarovich
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта