БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА. Авторская газета Валерия Дранчука.

Хартыя'97
10.09.2003

перепечатка с сайта Хартыя'97

БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА

БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА. Аўтарская газета Валерыя Дранчука. Прыродалюбнае асветна-публіцыстычнае выданне. Заснавана ў 1995. Лаўрэат Еўрапейскай прэміі Генры Форда "За захаванне культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя" - 1999. Галоўны рэдактар В.Дранчук. Выдавец ІП В.Дранчук. Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча - 2001. Е-мail:pushcha@irex.minsk.by. Тэл.кв.: 236-50-76. Тэл.mobil: 8 0296 56-66-70.

Шаноўныя калегі!

Сёлета ў лютым я зладзіў аднаасобны выпуск газеты "Белавежская пушча". Гэта, бадай, першы выпадак безнакладнага (неразмножанага, нераздрукаванага) выпуску зарэгістраванага выдання.

Ініцыятыва на абарону Белавежскай пушчы. За інфармацыйную падтрымку Белавежскай антывандальнай кампаніі па ўратаванні зялёнай спадчыны Беларусі газета "белавежская пушча", ініцыятыўная група "Асацыяцыя беларускіх зялёных" выказваюць шчырую ўдзячнасць сродкам масавай інфармацыі, перш-наперш такім як газеты "Наша свабода", "Рабочы", "Белорусская деловая газета", "Народная воля", "День", радыё "Рацыя". Наша супрацоўніцтва і надалей будзе працягвацца на разу-менні высокай духоўнай спадчыны, якой з'яўляецца біялагічная і ландшафтная разнастайнасць краіны, у тым ліку і складнік яе залатога запасу - Белавежская пушча, а таксама на неабходнасці абараняць прыродныя і дэмакратычныя каштоўнасці ад магчымых пагроз.

Слова рэдактара,

або 10 прычын, па якіх зладжаны гэты выпуск


Пасля непрацяглага перапынку газета "Белавежская пушча" аднаўляе выданне досыць нетрадыцыйна - яна не выходзіць "у свет", як бывала дагэтуль, у размножаным выглядзе, а вяртаецца ў інфармацыйную прастору безнакладным выпускам, гэта значыць, у АДНАасобным варыянце.

Гэтак, мяркую, можна зрушыць свядомасць да ўразумення стратаў, пагрозаў і небяспекі, без якіх немагчыма ўжо думаць пра Белавежскую пушчу і ўяўляць яе пракаветнае ўлонне.

Выпуск зладжаны ў адзіным экземпляры. Я хацеў бы гэтым засведчыць, што Белавежская пушча ёсць велічным АДНАасобнікам прыроднай спадчыны чалавецтва, будучыня якой становіцца знакам нашай агульнай трывогі і вымушае нестандартных дзеянняў. Не маючы аналагаў у свеце, гэты лясны рарытэт, еўрапейскі пралес, альбо "Ноеў каўчэг" еўрапейскага жывёльнага свету, як яго называюць, ператвараецца ў лясную гаспадарку, дзе пануюць валавыя паказчыкі, а не гуманітарныя каштоўнасці сусветнага ўзроўню.

Гэты выпуск і ёсць знакам перасцярогі. Тут сабраны матэрыялы-SOS, пачынаючы з артыкула "Падзенне Белавежскай пушчы", датаванага 1997 годам, і канчаючы апошнімі публікацыямі ў абарону найстарэйшай лясной спадчыны планеты.

Эпоха міфалагізацыі Пушчы як выспы дзікай ды нечапанай прыроды мусіла ў рэшце рэшт скончыцца. На гэта спатрэбілася колькі гадоў пільнае ўвагі з боку грамадства, перш-наперш незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Падупалы і моцна хворы арганізм Пушчы сёння патрабуе рашучага перагляду чалавечай дзейнасці на яе абшарах, змены стэрэатыпаў, якія тут прыжыліся за шмат гадоў, сацыяльных зрухаў на карысць чалавека - жыхара і абаронцы Пушчы.

Прыкры парадокс: Белавежская пушча -- рэдкі куточак сусветнай спадчыны -- рабуецца і прадаецца. На паверхні толькі частка айсберга, якім ёсць гандаль, карпаратыўныя інтарэсы, лесапрамысловае лобі, глабалізацыя. Мы бачым новую супер-пілараму, сетку дарог ды рухавых забеспячэнцаў, што кіруюць чарговай вандальнай аперацыяй, арудуючы ў лясных кварталах. Але не бачым астатняе, што добра схавана і часам удалечыні ад самое Пушчы. Нам даспадобы казаць жаданыя словы, што беларускі лес - гэта і духоўнасць, і стратэгія. Але праўды тут мала, як і духоўнасці. Наўзамен прыйшла стратэгія: лясы ператвараюцца ў сметнікі і стратэгічны тавар. Урэшце рэшт застаюцца сметнікі.

Гэты АДНАасобнік - яшчэ адна спроба адрадзіць духоўнасць нашых лясоў, запярэчыць ценявым стратэгам і фінансавым кілерам, ад якіх церпіць прырода і лес, а заадно і мы з вамі.

Белавежскую пушчу - трэба нарэшце ўцяміць - немагчыма адрадзіць, узнавіць або кампенсаваць. Усё, што ў ёй ёсць, -- альбо ёсць, альбо няспоўнена зноў, гэта значыць, ужо няма. Страчаны арыгінал - няспоўнены арыгінал, бо ён адзін і апошні. Няспоўненыя багацці - няспоўненая супольнасць. Арыгінальнасцю Пушчы ёсць тое, што тут найбагацейшая з захаваных у свеце супольнасць супольнасцяў. Таму і няспоўненасць палохае маштабамі стратаў. Як біялагічных, так і геаграфічных.

Газета-АДНАасобнік, як і папярэднія 25 яе выпускаў, выходзіць без колернай гамы. Гэта ўжо сталы і пэўны прынцып: колерная гама імітуе прыроду, яе непаўторную вясёлкавую чароўнасць, гаму арыгіналу. Я свядома ўнікаю спакусы замілаваць каго-небудзь малюнкамі Пушчы, або іншай навакольнай прыроды. Замена жывой прыроды ў безлічы repraductio ўціхамірвае, суцяшае і заспакойвае наша чалавечае сумленне перад варварствам штодзённага абыходжання і дачыненняў з прыродай у рэчаіснасці. Ці не голас Касандры спрабуе давесці гэта: замена прыроды ёсць яе ціхім зыходам? Чорна-белая гама гэтага выпуску вельмі жорсткая па задуме; Пушча вартая замілавання, калі ты ў ёй, перад ейнай аднаасобнай зялёна-велічнай красой, а не ў гэтым выпуску, абраным выключна формай пратэсту і ратаўнічага сымбалю.

Гэты выпуск абмяжоўвае чалавечае насычэнне, каб перавесці нашыя думкі ў кірунку бедства, што напаткала Вялікі лес.

Гэты адзіны асобнік чарговага нумару газеты працягвае традыцыю самадастатковасці выдання. Усе папярэднія тыражаваныя выпускі, якія трымалі наклад у некалькі тысячаў, былі надзвычай самадастатковыя, мелі сціслы бюджэт, гэта значыць, выдаваліся за мінімальныя грошы з чыстых рук.

Кошт гэтага нумару яшчэ больш сціслы. Ён пагатоў не можа быць вызначаны паводле калькуляцыі. Ён бяскоштавы паводле азначэння. Хутчэй, гэта выраз байкоту, сымбаль маёй незалежнасці ад ведамстваў і структур, якія ніколі не спяшаліся на дапамогу "зялёнаму" выданню на працягу сямі гадоў.

Але гэты АДНАасобнік ёсць газетай НАСАМРЭЧ больш за ўсе папярэднія выпускі, бо пагартаць яе можна толькі ў арыгінале і ў адным месцы, там, дзе газета захоўваецца. Гэтак жа і саму Белавежскую пушчу можна пабачыць на свае вочы, калі прыехаць да яе альбо ўсведамляць, што яна ёсць і што яна - здабытак не адно толькі сённяшняга дня, твайго веку і тваёй краіны, але належыць заўтрашнім пакаленням і ўсяму свету. Мы пакуль што не можам сябе заспакоіць гэтымі думкамі, бо маем выключна небяспечную сітуацыю ў Белавежскай пушчы.

Я кладу гэты асобнік, апрануты ў цвёрды абклад з сымбалічнаю зашчапкай, у ганаровае месца на зялёны алтар вольнай новай Радзімы. Я, аднак, не магу пакуль споўніць сваё трапяткое жаданне -- пакласці выпуск газеты ў музейную сховань самой Белавежскай пушчы. Цяпер гэта цалкам небяспечна. Але я маю цвёрды спадзеў зрабіць гэта ў блізкай будучыні.

З павагай Валеры Дранчук

ЗВАРОТ беларускай грамадскасці ў Савет Еўропы. Студзень 2002

Радзім Гарэцкі

Нацыянальная акадэмія навук,

Расійская акадэмія навук,

Акадэмік

Ніл Гілевіч

Народны паэт Беларусі,

Прафесар

Святлана Алексіевіч

Пісьменніца

Валеры Дранчук

"Асацыяцыя беларускіх зялёных",

галоўны рэдактар газеты "Белавежская пушча"

Уладзімір Дацкевіч

Вучоны-арнітолаг,

жыхар Белавежскай пушчы

Аляксей Мікуліч

Міжнародная акадэмія экалогіі,

сапраўдны сябра

Валянцін Яцухна

Вучоны-ландшафтнік,

доктар сельскагаспадарчых навук

Юры Хадыка

Прафесар

Мікалай Карташ

Экалагічная партыя зялёных,

старшыня Рады

Іна Зеніна

Нацыянальны парк "Прыпяцкі",

навуковы супрацоўнік

Здзіслаў Мураўёў

Таварыства аховы прыроды, ветэран запаведнай справы

Андрэй Саннікаў

Хартыя-97,

міжнародны кардынатар

Таццяна Процька

Беларускі Хельсінскі камітэт

Алесь Бяляцкі,

Беларускі праваабарончы цэнтр "Вясна"

Дэмакратычная і навуковая грамадскасць Беларусі з глыбокай заклапочанасцю абмяркоўвае мэтазгоднасць падаўжэння Еўрапейскага дыплома Савета Еўропы нацыянальнаму парку "Белавежская пушча". Выпадак па-свойму неардынарны, бо ніхто не бярэ пад сумнеў прыродна-культурную вартасць сусветна вядомай мясціны. Але Дыплом дзейнічаў на працягу пяці гадоў і выкананне яго спецыяльных умоў і рэкамендацый было адказнай праверкай ганараванага аб'екта на шчырасць і паслядоўнасць у слугаванні правілам прыродазахавання. Сёння пытанне ў тым, на што паверне гэтая высокая мера заахвочання, калі яна будзе пацверджана на новы тэрмін? Мы, хто падпісаўся, кіруемся прынцыпам "не нашкодзіць" і хочам папярэдзіць магчымасць залішне аптымістычнага рашэння Савета Еўропы, нібыта гатовага ўжо падоўжыць чын прэстыжнае ўзнагароды. Мы не ўпэўнены, што гэта будзе своечасовае і ўзважанае рашэнне, грунтаванае на рэаліях і здольнае паспрыяць карысцям эталоннай прыроднай спадчыны, якой з'яўляецца Белавежская пушча. Хутчэй за ўсё - і мы хочам пра гэта сказаць адкрыта і ўголас - чарговае міжнароднае прызнанне стане заахвочаннем усталяванай заганнай практыкі прыродакарыстання замест прыродазахавання і запаведнасці Белавежскай пушчы, канчаткова развяжа рукі прамыслова-гаспадарчаму комплексу на тэрыторыі рарытэтнага лесу. Менавіта гэтыя тэндэнцыі нясуць сёння пагрозу галоўнаму запаведнаму аб'екту Беларусі.

Маем спадзеў, што Савет Еўропы прыме да ведама перш-наперш тое, што стан аб'екта прыкметна пагоршыўся, умовы і рэкамендацыі Дыплома не захоўваліся ў поўным аб'ёме, думка грамадскасці ўсяляк адцягвалася ад іх абмеркавання, трымалася ў няведанні, крытычныя заўвагі ігнараваліся. Вакол вострых, праблемных пытанняў запаведнасці Пушчы захоўвалася напружанасць. Замест адкрытага сумленнага дыялога ўлада хітравала, хаваючы праўду і дэманструючы няшчырасць і фанабэрыю. Грамадскае ўмяшанне, мякка кажучы, не віталася і не заахвочвалася. Адміністрацыя прэзідэнта, напрыклад, адмовіла арганізатарам зялёнай акцыі "Прэс-туры ў падтрымку Орхускай канвенцыі" наведаць Нацыянальны парк і атрымаць інфармацыю на месцы, з першых рук. Жаданага выніку не далі і спробы жыхароў Белавежскай пушчы звярнуцца асабіста да прэзідэнта краіны. Сітуацыя асабліва пагоршылася ў 2001 годзе, калі на ахоўнай тэрыторыі актывізаваліся нарыхтоўкі жывога лесу, стала вядома пра намеры пачаць суцэльныя санітарныя рубкі. Паказальна, што адбылося гэта як толькі эксперт Савета Еўропы пакінуў Белавежскую пушчу (чэрвень, 2001). У парку абвастрыўся эканамічны і сацыяльны крызіс. Пачаліся звальненні, у тым ліку навуковых супрацоўнікаў парка, якія выказаліся супраць парушэнняў галоўных правіл аховы прыроды. Прамыслова-гаспадарчы, лесанарыхтоўчы сектар выцясніў апошнія, часам сімвалічныя намаганні па ахове і ўратаванні біяразнастайнасці Вялікага лесу, а ў сферы інфармавання асветы і гэтыя намаганні цяжка назваць нават мінімальнымі.

На шматлікія актуаліі, звязаныя з сённяшнім днём прыроднай вартасці Еўропы, апошнім часам адгукнуліся самыя ўплывовыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі і СНД. Дзесяткі ўсхваляваных публікацый сталі сведчаннямі таго, што ўлада насаджае амаральные, навукова неабгрунтаваныя прынцыпы кіравання ў Белавежскай пушчы. Выказваецца таксама перасцярога, што міжнароднае прызнанне ў выглядзе Дыплома будзе чарговы раз скарыстана беларускімі ўладамі ў спекулятыўных, далёкасяжных мэтах, а менавіта: для прыкрыцця дзейнасці, якая цалкам процістаіць духу Еўрапейскага Дыплома і захавання Белавежскай пушчы. На наш погляд, гэтыя публікацыі, як і думку многіх вучоных, грамадскіх дзеячоў, простых людзей і патрыётаў, шматлікіх жыхароў Белавежскай пушчы, нельга не ўлічваць, прымаючы рашэнне аб пацвярджэнні Дыплома на новы тэрмін.

Пераканаўча просім Вас не спяшацца. Мы прапануем перанесці прыняцце рашэння па Белавежскай пушчы на больш позні тэрмін, зрабіць кантрольную праверку з абавязковым выхадам на беларусскую грамадскаць, а затым, з улікам дыялога і больш глыбокіх экспертных ацэнак, прыняць узважанае рашэнне.

Студзень 2002 ПРЭС-РОЗГАЛАС НА ЗВАРОТ БЕЛАРУСКАЙ ГРАМАДСКАСЦІ Ў САВЕТ ЕЎРОПЫ

Адрасаваны ў Савет Еўропы, ліст-зварот знайшоў шырокі грамадскі водгук-розгалас, перш-наперш дзякуючы таму, што на працягу некалькіх тыдняў яго каменціравалі або так ці інакш звярталіся да ягонай праблематыкі многія СМІ, сярод іх і так званыя дзяржаўныя. Тэмай захавання адзінай Пушчы зацікавілася польскае тэлебачанне, сюжэты здымаліся ў Мінску і ў Камянюках (цэнтральная сядзіба нацыянальнага парку). Дзесяткі публікацый, радыёперадач, тэлепаказаў, нягледзячы на рознасць поглядаў і стыляў іх аўтараў, абудзілі ў грамадстве неабыякавыя пачуцці да зялёнай скарбонкі Беларусі, якая ўважаецца за каштоўнасць свету.

"БП" змяшчае фрагменты гэтай своеасаблівай панарамы зваротнай сувязі і спадзяецца, што грамадская салідарнасць захаваецца і надалей. Барацьба за Белавежскую пушчу не спыняецца!

Уладзімір Дацкевіч, вучоны-арнітолаг, нарадзіўся ў Белавежскай пушчы, бацькі і брат ахоўвалі запаведны лес; адпрацаваў у Пушчы больш як сорак гадоў:

-- Белавежская пушча не вартая Дыплома, бо не з'яўляецца ўжо прыродаахоўным аб'ектам - яшчэ з часоў меліярацыі. Сышла вада, лес пачаў сохнуць. А масавыя высечкі толькі паскараюць яго пагібель. Знікаюць рэдкія насаджэнні. Віна тут адна - гаспадарчая дзейнасць чалавека. Абставіны падзення я выкладаю ў сваёй навуковай працы. Сам я калісьці займаўся прапагандай Пушчы, але зразумеў, што трэба было не прапагандаваць, а паказваць, што Пушча марнее, што ёй пагражае пагібель.

Валеры Дранчук, галоўны рэдактар газеты "Белавежская пушча":

"Мы доўга думалі, ці варта прасіць Савет Еўропы не спяшацца з прыняццем рашэння. Ніхто не сумняваецца ў тым, што Пушча вартая ўвагі. Дый для Беларусі валодаць такім Дыпломам вялікі гонар. Але ў Пушчы наўзвоч і тэндэнцыя поўнай камерцыялізацыі прыродаахоўнага аб'екта. Я запэўніўся ў гэтым не раз, бываючы там. Мы не сталі б падымацца гарой, калі б Дыплом даваўся Пушчы ўпершыню. Тады гэта ўспрымалася б як знак заахвочання таго, што тут робіцца карыснага дзеля аховы Пушчы. Але прайшло пяць гадоў выпрабавальнага тэрміну. Не ўсе папярэднія ўмовы і рэкамендацыі выконваліся. І калі Дыплом пацвердзяць, кіраўніцтва парка, прыкрываючыся ім, смела рушыць намечаным курсам: будзе далей ператвараць запаведнік у лясгас.

Георгій Казулька, экс-намеснік дырэктара нацыянальнага парка па навукова-даследчай рабоце, кандыдыт біялагічных навук:

-- Справа ў тым, што лесагаспадарчыя метады непрыдатныя для запаведніка. Ахоўныя тэрыторыі ствараюцца, каб зберагчы экасістэму і біяразнастайнасць. Лясгасы - каб вырошчваць лес для прамысловай высечкі…

Васіль Судас, намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

--З ўсёй адказнасцю заяўляю, што ніякай прамысловай нарыхтоўкі лесу ў дзяржаўнай прыродаахоўнай установе "Нацыянальны парк "Белавежская пушча" не вядзецца. Гэта могуць пацвердзіць каля 15 журналістаў розных СМІ, у тым ліку прадстаўнік "БДГ", якія ў сярэдзіне снежня 2001 года былі там на выязной прэс-канферэнцыі (…). Чытайце іх публікацыі ў газетах.

Не ведаю, якімі матывамі кіраваліся тыя, хто падпісаў гэты Зварот, але з чалавечага гледзішча я расцэньваю яго як адсутнасць сапраўднай грамадзянскай пазіцыі ў дачыненні сваёй краіны, таму што Белавежская пушча - скарб не адной Беларусі, а Еўропы і свету.


("Белорусская деловая газета", публікацыя Марыны Загорскай "Пушчаеды: "шчэпкі" з Белавежскай пушчы могуць даляцець да Савета Еўропы", 16 студзеня 2002).

В.Дранчук:

Усе, хто падпісаўся, і я ў тым ліку, кіраваліся разуменнем таго, што прэстыжная ўзнагарода - Еўрапейскі Дыплом - павінна быць сродкам аховы і зберажэння ўнікальнай прыроды, а не служыць на карысць ценявому абагачэнню за кошт рэшткаў гэтай прыроды, што і дэманстравала ўлада на працягу пяці выпрабавальных гадоў. Гэта значыць, мы ўсе разумеем, наколькі важны гэты Дыплом для прэстыжу краіны, але з пункту гледжання галоўнага - захавання Пушчы - куды важней рэальныя стымулы, выкананне ўмоў і рэкамендацый дзеля зберажэння і ўратавання запаведніка. Усе апошнія пяць гадоў на лясных рэліктавых дзялянках назіраецца эксплуатацыя прыродных багаццяў. Як кажуць самі пушчанцы, акрамя высечак, іншых работ тут не відаць. І славу Белавежскай пушчы выкарыстоўваюць толькі ёй жа на шкоду. Фаварытам эпохі Лукашэнкі патрэбны той жа міт пра цудоўную першародную Пушчу, што і камуністам.

(Газета "День", публікацыя Ірыны Бурносенка "У Пушчы ўсё сякуць". 17 студзеня 2002.)

"Прынцыповая асаблівасць: наш Зварот падпісалі ўжо не толькі прыродаабаронцы, але і праваабаронцы. Калі хто-небудзь тут бачыць палітыку, дык ён мае рацыю: Белавежская пушча заўсёды была праблемай палітычнай. І вырашыць гэтую праблему можна толькі палітычны чынам. Гэта значыць, пры ўмове, калі да ўлады прыйдуць нармальныя людзі, цывілізаваныя міністры, дырэктары і гэтак далей.

Думаю, і палітычная партыі не застануцца ў баку. Не выключаю, што ўсё гэта ў хуткім часе можа перарасці ў новую грамадскую ініцыятыву. Бадай, гэта і ёсць той выпадак, калі неважна - "правыя", "левыя", "лібералы", "дзяржаўнікі"… Я спадзяюся на глыбокія экспертныя ацэнкі, на ўдзел шырокай градскасці ў вырашэнні праблемы, на ўзважанае рашэнне Савета Еўропы - не нарабіць шкоды! Стымулы прэстыжнай еўрапейскай узнагароды павінны працаваць на ўратаванне Вялікага лесу."


(Газета "Рабочы", інтэрв'ю Якаву Кісялёву Валерыя Дранчука "Звон для Пушчы". 25 студзеня 2002)

Спробы адстаяць прыроду Беларусі ў цэлым і Белавежскую пушчу ў прыватнасці, прадыктавана толькі сфарміраванай "экалагічнай свядомасцю", якая ставіць інтарэсы прыроды вышэй за ўсё. У Еўропе, куды адпраўлены Зварот, такое "фарміраванне" даўно завершана і менавіта там мясцовыя "зялёныя" першыя ў радах апазіцыі да ўлады. Напэўна, так насамрэч лягчэй аберагчы прыроду. Яна ж мовы не мае.

(Газета "Рэспубліка", Мая Шэндрык. "У Белавежскай пушчы забяруць Дыплом?" 22 студзеня, 2002)

"У прамінулыя часы Белавежская пушча была паляўнічай гаспадаркай вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў, расейскіх цароў і савецкага Палітбюро. Цяпер -- нацыянальная годнасць Беларусі й сымбаль нашае краіны. Менавіта з Белавежскае пушчы, з урадавай рэзідэнцыі Віскулі пачаўся адлік новай эры - распад СССР і стварэнне маладых незалежных дзяржаваў.

Пушча лічыцца Нацыянальным паркам, але дагэтуль статусу Нацыянальнага парку няма, ёсць інструкцыя, зацверджаная Берасцейскім аблвыканкамам. Паводле гэтай інструкцыі, Нацыянальны парк павінен выконваць сем наступных задач: ахова прыроды, захаванне біялагічнай разнастайнасці, правядзенне навуковых даследванняў, маніторынг, развіццё турызму, экалагічная адукацыя і самае апошняе - гаспадарчая дзейнасць, якая не супярэчыць прынцыпам аховы прыроды.

Натуральна, Белавежская пушча - гэта вялікая лясная гаспадарка, якая павінна быць рэнтабельнай і прыносіць прыбыткі. Але цяпер Пушча перажывае не найлепшыя свае часы. Не хапае сродкаў на навуковыя даследванні, на падтрыманне экалагічнага балансу. Змяняюцца кіраўнікі, звальняюцца навукоўцы, высякаюцца ўнікальныя расліны пад прыкрыццём санітарных рубак. Безліч праблемаў, якія пераходзяць ад аднаго кіраўніка да ягоных наступнікаў.

…Эколагаў, абаронцаў прыроды, "зялёных" падтрымалі палітыкі, прадстаўнікі дэмакратычных супольнасцяў. Выпадак, мякка кажучы, не зусім ардынарны: беларуская інтэлігенцыя заклікае ўплывовую міжнародную арганізацыю не спяшацца з падоўжаннем дзеяння Еўрапейскага дыплому, накіраваць у Белавежскую пушчу экспертаў, здзейсніць кантрольную праверку выкарыстання пяпярэдніх мэтавых грантаў - і толькі пасля гэтага прыняць узважанае рашэнне.

Гаворыць галоўны рэдактар газеты "Белавежская пушча" Валеры Дранчук:

-- Наведваючы Пушчу цягам апошніх пяці гадоў, пад час дзеяння Еўрадыплому, мне было бачна: тэндэнцыя ідзе да нарошчвання прамыслова-гаспадарчага патэнцыялу, менавіта гаспадарчых механізмаў. Гэта супярэчыць не толькі ўмовам і рэкамендацыям Дыплому, але нашаму заканадаўству. Белавежская пушча - не звычайны лес, не лясгас, а нацыянальны парк. Гэта наша ахоўная тэрыторыя (канец цытаты).

Сітуацыя значна пагоршылася ў 2001 годзе, калі на ахоўнай тэрыторыі актывізаваліся нарыхтоўкі жывога лесу, пачаліся вялікія так званыя "санітарныя высечкі". (…)

Валеры Дранчук: -- Што мела з гэтага Пушча - мала хто ведае. Улада не згаджаецца, каб раскрываць грамадскасці, куды ішлі гранты, сродкі ад гаспадарчай дзейнасці. Напрыклад, гадоў колькі таму быў атрыманы адзін мільён даляраў ад Усясветнага банку на развіццё біяразнастайнасці. Ён расходваўся не вельмі рацыянальна. Было шмат паездак, валютных, вельмі далёкіх, якія Пушчы мала што далі. Была закупка дарагіх аўтамабіляў, якія невядома куды падзеліся. І сёння мы можам паставіць пытанне: куды пайшоў той мільён? А той мільён павінен быў скарыстацца на даследванні, каб біялагічная разнастайнасць Пушчы пабагацела. Грошы былі патрачаныя не надта таленавіта. Каб гэты мільён быў скарыстаны рацыянальна, сродкаў бы паболела. Я кажу не толькі пра замежныя гранты. Я маю на ўвазе і гаспадарчую дзейнасць, якая мусіць быць у Белавежскай пушчы. Але і гэтая дзейнасць не раскрываецца. Сёння ніхто не скажа, колькі грошай выдаткоўваецца на Белавежскую пушчу, колькі зарабляецца, куды ідуць гэтыя грошы.

Кандыдат біялагічных навук, былы намеснік гендырэктара Нацыянальнага парку па навуцы Георгі Казулька:

--Сёння гаспадарчая дзейнасць супярэчыць прынцыпам аховы прыроды. Калі гаварыць, што Пушча - не проста нацыянальны парк, а біясферны запаведнік, у якім павінна захоўвацца дзікая прырода, першабытны прыродны лес, то сёння тут наогул няма такога паняцця - дзікая прырода. Усё максімальна накіравана на задавальненне гаспадарчых інтарэсаў, а ахову прыроды выкарыстоўваюць як прыкрыццё гаспадарчых метадаў. Праблема палягае ў тым, што ў нацыянальным парку, у запаведным лесе павінны выкарыстоўвацца спецыяльныя методыкі і тэхналогіі, якіх, магчыма, яшчэ й няма, але іх трэба распрацоўваць. Аднак сёння тут спрабуюць укараніць лясгасаўскія тэхналогіі. Яшчэ большая праблема ў тым, што практычна адсутнічаюць дыскусіі, адмеркаванне. Навука без гэтага памірае. Навука - гэта спрэчкі, дыскусіі ў цывілізаваных рамках. Вось гэтага сёння няма.

-- І ўсё ж такі, ці ёсць выйсце з гэтай складанай сітуацыі?

-- Выйсце? Павіны быць прынятыя цывілізаваныя правілы гульні. А сёння тут правілы нецывілізаваныя. Гэта залежыць толькі ад кіраўніцтва. Сёння кіраўніцтва і ў Пушчы, і ў Мінску не жадае ісці на нармальныя правілы. З боку дырэкцыі нацыянальнага парку ўвесь час гаворыцца, што навукоўцы выступаюць супраць гаспадарання, супраць высечак лесу. Гэта не так. Мы выступаем за тое, каб гаспадаранне не супярэчыла прынцыпам аховы прыроды. А гэта сёння не атрымліваецца, бо дырэкцыя Нацыянальнага праку жорстка ўкараняе метады, якія супярэчаць прынцыпам аховы прыроды. (канец цытаты).

(Іна Студзінская, радыё "Рацыя", студзень-люты, 2002)

УДЗЯЧНАСЦЬ

За інфармацыйную падтрымку Белавежскай антывандальнай кампаніі па ўратаванні зялёнай спадчыны Беларусі ініцыятыўная група "Асацыяцыя беларускіх зялёных" выказвае шчырую ўдзячнасць беларускім сродкам масавай інфармацыі, перш-наперш такім як газеты "Наша свабода", "Рабочы", " Свободные новосці", "Белорусская деловая газета", "Народная воля", "День", радыё "Рацыя". Наша супрацоўніцтва і надалей будзе працягвацца на разуменні высокай духоўнай спадчыны, якой з'яўляецца біялагічная і ландшафтная разнастайнасць краіны, тым разам і складнік яе залатога запасу - Белавежская пушча, а таксама на неабходнасці абараняць прыродныя і дэмакратычныя каштоўнасці ад магчымых пагроз.

На Зварот, які быў надрукаваны ў шматлікіх сродках масавай інфармацыі, у газету "Народная воля" даслаў свой водгук і былы намеснік дырэктара па навуцы нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Вячаслаў Семакоў. Найперш ён дзівіцца з факту, што навуковая грамадскасць Беларусі абмяркоўвае мэтазгоднасць падаўжэння Дыплома белавежскаму рэзервату. Маўляў, пра гэта ён першы раз чуе. Далей, зазначаючы, што ў Пушчы сапраўды праблем шмат, В.Семакоў не разумее аўтараў Звароту: хіба можна пагражаць пазбаўленнем таго, што ўжо заваявана іншымі. "Невялікая група людзей ўзяла на сябе адказнасць размаўляць з Саветам Еўропы аб пазбаўленні аб"екта сусветнага значэння справядліва прысвоенага яму Дыплома", - піша белавежскі апанент і прапануе надаць праблеме большай публічнасці. А за "кропку адліку" раіць узяць сам Зварот ды ягоны ліст-водгук.

"Народная воля" замовіла каментар да ліста ініцыятару Зварота, кіраўніку нефармаль-най групы "Асацыяцыя беларускіх зялёных" Валерыю Дранчуку.

АДКАЗ БЕЛАВЕЖСКАМУ АПАНЕНТУ

Зацікаўлены чытач, мяркую, заўважыў, якімі аргументамі аўтар ліста спрабуе пабіць дакумент, адпраўлены ў Швейцарыю. "Праблем у Пушчы хапае", - дзеля аб'ектыўнасці прызнае В.Семакоў, але пра іх не кажа нічога, і мусіць, не так сабе. Лесарубы з уладных вертыкаляў могуць спаць спакойна, пакуль мы будзем перажоўваць, напрыклад, байкі пра атаку шашаля-караеда, які сваім раптоўным нашэсцем напусціў жаху на ўсю Пушчу. (Менавіта гэтая біялагічная асобіна дзякуючы змастачаным адміністрацыяй "актам праверкі" і стала падставай для суцэльных санітарных рубак мінулым летам.

Насамрэч караед - гэта вялікая тоўстая "вутка", выпушчаная з уладных структураў, пад апекай якіх знаходзяцца сёння запаведныя скарбы краіны. Службам адміністрацыі, схопленым на здзелках, што блізка стаяць ад злачынстваў перад будучымі пакаленнямі, сёння хацелася б наўзамен чарговага міжнароднага скандала атрымаць як падарунак ад грамадскасці "абмеркаванне праблемы". Ці не навязвае нам Вячаслаў Васільевіч загаварыць тэму, адысці ад галоўнага, змякчыць стылістыку гаворкі? Ягоныя аргументы, прынамсі, схіляюць так думаць.

Напрыклад, ён называе падпісаўшых "свадзебнымі генераламі" (ягоны ліст па-руску), якія не маюць, на думку Семакова, аніякага дачынення да атрымання Еўрапейскага дыплома пушчанскай установай. Калі на тое, карціць запярэчыць Вячаславу Васіль-евічу, дык Зварот мог напісаць і падпісацца пад ім наогул адзін чалавек. І няважна - філолаг ці біёлаг, галоўнае - сын зямлі, наследнік спадчыны.

Бо гаворка ідзе пра парушэнні закона, міжнародных нормаў, узятых абавязацельстваў, грубае ўмяшанне чалавека ў прыродны арганізм ляснога рарытэта, дзе ўмяшанне мае незваротны характар.

"Нашэсце" караеда ў Белавежскай пушчы (і як вынік, нарыхтоўкі жывога лесу) - падстава ані не экалагічная, а цалкам эканамічная. Ці, больш дакладна, па-эксплуататарску здзірская. Я мушу казаць пра гэта як з'яву: Пушчу точыць караед нарыхтоўчы, камерцыйны, валютаздабывальны. Як не дзіўна, але нават вучоныя ўцягваюцца ў спрэчку. На жаль, адстойваюць не закон і запаведнасць, не літару міжнародных канвенцый у абарону біяразнастайнасці прыроднай спадчыны, а падтрымліваюць ілюзію навуковай праблемы, якраз і патрэбную ўладам для апраўдання вандальных тэндэнцый у запаведнай нерушы. Дапусцім, В.Семакоў мае рацыю: маўчыць біялагічная навука. Але чаму яна маўчыць? Таму што - на кароткім павадку, таму што - няма навукі экаабароны, навукі - супраць ілжэнавукі. Таму так лёгка заводзіцца "шкоднік" у выглядзе караеда-тыпографа ці іншы "унадлівы" від.

Улада правакуе хаос у галовах людзей, каламуціць, як кажуць, ваду. Чым больш грамадскасць будзе спрачацца пра караедны чыннік падзення Пушчы - тым больш верагодныя і больш маштабныя высечкі лясных скарбаў. Такая стратэгія і тактыка сённяшніх трымальнікаў айчыннай запаведнасці. І калі ўжо развешваць так званыя ферамонныя пасткі для шкоднікаў-пушчаедаў, дык лепшага месца, чым Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, нам не знайсці. Ці, можа, у Вячаслава Васільевіча Семакова, спецыяліста па лясных шкодніках, іншая думка?

Мне падаецца, што Савет Еўропы, яго Дырэктарат па культуры і прыродна-культурнай спадчыне мае сёння ў асобе нацыянальнага парка "Белавежская пушча" несумленнага, хоць і "дыпламаванага" партнёра. Мяркую, і эксперты, якія час ад часу прыязджаюць да нас, усё бачаць і разумеюць, але не спяшаюцца рабіць рэзкіх рухаў - такая спецыфіка гэтага мудрага Дыплома, што ўвасобіў векавы досвед бізуна і перніка: заахвочвай і давярай, але - правярай, патрабуй, абмяжоўвай.

Дзіўна, што В.Семакоў, які нямала зрабіў для таго, каб Еўрадыплом з'явіўся ў Пушчы пяць гадоў таму, раптам выяўляе поўнае неразуменне яго механізмаў. "Мне, - піша Вячаслаў Васільевіч, - ніколі не прыходзіла ў галаву забіраць заваяванае раней." Гэта штосьці зусім новае ў практыцы аховы прыроды, дадае белавежскі апанент. Чаго тут больш - "прасцяковага" няведання або жадання напусціць туману і заблытаць чытача? Тое, што "не прыходзіла ў галаву" дасведчанаму чалавеку, за якога, трэба думаць, трымае сябе сам В.Семакоў, - мае тым часам трыццацігадовую практыку, "блукае па Еўропе" роўна столькі, колькі існуе сам Дыплом - адкліканне ўзнагароды ў вы падку, калі ганараваны аб'ект не выконвае адмысловыя ўмовы і рэкамендацыі Дыплома. Такія прыклады ёсць. Але ёсць і выпадкі, калі пагроза страціць Дыплом вельмі хутка ўразумляла яго трымальнікаў, засцерагала ад памылак.

Дый мы, хто падпісаўся пад Зваротам, добра ўсведамлялі, што выпускаць з рук адзін з рэальных рычагоў уздзеяння на дзяржаву было б неразумна. Папраўдзе кажучы, таму-сяму і ў Мінску, і ў Белавежскай пушчы Еўрадыплом не надта й патрэбны. Або зусім непатрэбны. Нехта хацеў бы з ім развітацца - і як мага хутчэй. Развязаныя рукі. Больш зручна ўвіхацца з бензапілой. Магутная дрэваапрацоўчая лінія, набытая яшчэ за Ціцянковым, не можа прастойваць. Даўгі і крэдыт падціскаюць. Правілы экалагічнага этыкету, "навязаныя" Дыпломам, - выпадак нязручны, асцё ў горле: лесазнішчальны бізнес-праект, які планаваўся ў Пушчы з мінулага лета, давялося адкласці з вымушанай аглядкай на Еўрадыплом, на пазіцыю "зялёных".

І грамадскасць, ведаючы гэта, не заклікала Савет Еўропы забраць ганаровы знак, на чым беспадстаўна акцэнтавалі ўвагу асобныя СМІ, - інакш бы мы аддалі ўплывовы сродак абароны белавежскага лесу. Мы прасілі Савет Еўропы не спяшацца і прыняць рашэнне пасля яшчэ адной кантрольнай праверкі, з абавязковым выхадам на беларускую грамадскасць, перш-наперш, "зялёную". Друкуючы тэкст Звароту, "Народная воля" не выпадкова падкрэсліла гэтае месца буйным шрыфтом.

Мяркую, што з боку шаноўнай еўрапейскай інстанцыі мы не зачакаемся адэкватнага разумення. Што ўмовы і рэкамендацыі Дыплома ў новай рэдакцыі будуць скарэктаваныя з улікам нашай пазіцыі. Дый сама цырымонія пацверджання Дыплома на новы тэрмін не за гарамі. Якая будзе яе танальнасць?

Спадзяюся, недалёка той час, калі Беларусь прыме ўнікальны ў міжнароднай практыцы закон, які датычыць адной канкрэтнай тэрыторыі і які будзе называцца "Закон аб Белавежскай пушчы". Калі дзве краіны - Беларусь і Польшча, валодаючы адным рэліктавым лесам - аб'ектам прыроднай спадчыны ЮНЕСКА - падпішуць Пакт аб абароне Белавежскай пушчы. Гэта я і хацеў, са свайго боку, прапанаваць у якасці "кропкі адліку" для чытацкага абмеркавання. Думаю, і Вячаслаў Васільевіч не застанецца ў баку, акажа садзеянне ды возьме непасрэдны ўдзел.

І напаследак. У сувязі з "нашэсцем караеда" у нацыяанльным парку "Белавежская пушча" і сродкамі "абароны" ад яго, а таксама пагрозамі варварства на тэрыторыі іншых аб'ектаў запаведнай спадчыны краіны грамадская ініцыятыва "Асацыяцыя беларускіх зялёных" прыняла рашэнне пачаць збор сродкаў у Фонд зялёнай спадчыны Беларусі. Першыя паступленні на валютны банкаўскі рахунак будуць задзейнічаны для правядзення акцый абароны, інфармацыйнага забеспячэння і выездаў на месцы. Рады паведаміць кантактны электронны адрас ініцыятывы:

Валеры ДРАНЧУК,

кіраўнік ініцыятыўнай групы "Асацыяцыя беларускіх зялёных"

ДАРЭЧЫ

Аўтар ліста ў "Народную волю" прадставіўся як "асоба, непасрэдна зацікаўленая ў захаванні Пушчы" і больш ні слова не сказаў пра сябе. Я асабіста знаёмы з .Семаковым і таму дазволю сцісла прадставіць яго чытачам "Белавежскай пушчы" - такім, якім ведаю з 1995 года. Вячаслаў Васільевіч - вучоны, кандыдат біялагічных навук, больш за дзесяць гадоў аддаў белавежскаму лесу. Калі азіяцкі кантынент змяніў на еўрапейскі (прыехаў працаваць у Пушчу), нацыянальны парк называўся яшчэ запаведна-паляўнічай гаспадаркай. Працаваў у навуковым аддзеле, быў намеснікам дырэктара, бліжэй да пенсіі ачольваў музейную справу, вёў экскурсійнае абслугоўванне турыстаў і дэлегацый. Падчас нашых размоваў любіў казаць, што Белавежская пушча ёсць Мекай усіх жыхароў Беларусі, што гэта - сапраўдная еўрапейская тайга. Пасля, з прыходам да ўлады А.Лукашэнкі, В.В.С. было ледзь пазнаць - не адразу, але паступова ён пахіляўся да апанентаў беларускага суверэнітэту, крытыкаваў гістарычную "Пагоню" і відочна камплексаваў з нагоды вынікаў "віскулёўскае змовы". Усё больш настальгічна гучалі ў яго выкананні геапалітычныя матывы, сярод якіх выразна чуліся ноткі, знаёмыя з мікрафонаў расейска-думскай фракцыі Зюганава. "Ці не даплочваюць маскоўскія таварышы да сціплай "палучкі" пушчанскага гіда", - падумалася аднойчы. Кажуць, сам Аляксандр Лукашэнка быў удзячным слухачом В.Семакова, а гэта пра нешта ды сведчыць. Абслугоўванне сана і світы, няйнакш, патрабуе і пэўнай карэктыроўкі поглядаў.

Як таленавіты папулярызатар і "асоба зацікаўленая", В.В.С. шмат пісаў і піша пра Пушчу з яе нязменнымі таямніцамі, гаючай глухаманню ды рознымі іншымі прыкметамі рэкламнай "нечапанасці" ляснога кутка - трэба ж неяк папіхаць вазок мясцовага турбізнесу! Зрэдчас Вячаслаў Васільевіч сярдуе на зламыснікаў, якія капаюць пад Пушчу, спрабуючы развянчаць белавежскі міт і гэтым самым зарабляюць сабе палітычны капітал, вядома ж, прапануючы ўзамен сусветную славу прыроднай каштоўнасці. Было на арэхі ў свой час і газеце "Белавежская пушча" разам з яе выдаўцом - за друкаванне "інсінуацый" на адрас сусветнай спадчыны, за выкарыстанне назвы слыннага лесу дзеля асабістай (г.зн. маёй - В.Д.) папулярнасці і карысці (?), за патаемную сувязь з "бэнээфаўцамі" і г.д.

Вось і зараз Семакоў высакародна адгукнуўся, паставіў пад сваім прозвішчам "пенсіянер", а побач, як закід на высвятленне магчымай рэакцыі (маёй?), ўдакладніў: "аўтар назвы газеты "Белавежская пушча". Мушу, аднак, запярэчыць В.Семакову: ідэя і назва газеты "Белавежская пушча" цалкам належыць заснавальніку і выдаўцу газеты. Я магу пацвердзіць хіба што іншае: Вячаслаў Васільевіч быў гарачым і ці не першым прыхільнікам ідэі такога выдання, хоць праз пэўны час нам не ўдалося паразумецца. Тым не менш, я з удзячнасцю стаўлю яго ў лік арганізатараў газеты "Белавежская пушча" і спадзяюся на добрае.

ПАДЗЕННЕ БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ

Публікацыя 1997 года

Газета "Белавежскай пушча"


На пачатку тысячагоддзя Еўропа была пакрыта суцэльным дрымучым лесам. Яшчэ не стукалі па рэйках цягнікі, не куродымілі заводы, пад скляпеннямі храмаў не гучалі велічныя харалы. Усё гэта будзе. Бадай, і ўявіць нам цяпер немагчыма, што гэтага магло не быць. Там, дзе сёння стаяць гарады і няспынна віруе людскі натоўп, залаціліся сонцам паляны, у халадку глухіх ельнікаў хаваліся ў спёку дзікі ды ў маладой зеляніне грабавага лесу цёхкаў салоўка.

Важкай прыкметай першародных мясцін быў зубр - сучаснік маманта і пячорнага мядзведзя, якія таксама вадзіліся тут у незапомныя часы. Усім хапала травы, вады і паветра.

Жыццё чалавека моцна пацясніла адвечны лес. Прыладамі наступу былі агонь і сякера. Разлога дзікай прыроды цягам стагоддзяў адступала, драбілася на выспы-атокі, якія ў рэшце рэшт або знікалі з аблічча зямлі як з пагоркаў вясновы снег, або абачліва ашчаджаліся дзеля зберажэння буйнога звера - на выпадак паляўнічых забаў, ці проста былі недаступныя прагнасцям чалавека і ацалелі.

Белавежская пушча - самы вялікі ў Еўропе лясны абшар, што застаўся ад пагінулай зялёнай Атлантыды Старога Свету... Гэта, аднак, не значыць, што лёс Пушчы быў бясхмарны. Нагадаем горкую ісціну: на працягу вякоў Пушчу пілавалі, вывозілі і сплаўлялі. Усімі даступнымі сродкамі хацелі скарыстацца дзеля асабістага ўзбагачэння ці папаўнення заняпалай дзяржаўнай казны. Шалёны ўзятак з залатога дна, якім бачылі Пушчу, шмат каму кружыў галаву. Кружыць і сёння.

Уладзімір Афанасьевіч Дацкевіч з тых людзей Пушчы, хто даўно не мірыцца з дзікунствамі яе эксплуатацыі, застоем навуковага доследу, маўклівым сузіраннем. Ён мае сваю, адрозную неспакойную думку і ўважае за абавязак даводзіць яе іншым. Ён гаворыць так, як думае. Бог мой, што можа быць больш удзячнае для журналіста за магчымасць данесці да чытачоў пазіцыю нераўнадушнага чалавека! У нашым выпадку - патомнага жыхара Пушчы, вучонага-арнітолага, аўтара шматлікіх манаграфій, цікавага суразмоўцы.

Валеры Дранчук
Трэба глядзець схему і бачыць, як адгалінаванні палескіх балотаў "зайшлі" ў Пушчу. Цэлая сістэма балотаў. Цікава і люба. Усё цесна, хораша павязана: балоты далі жыццё рэкам, рэкі далі жыццё Пушчы. Але ўвесь грунт цікавасці ў тым, што гэтыя балоты маюць адрознае "грамадзянства": рэкі адных цякуць ў Балтыйскае мора, рэкі другіх - у Чорнае. Знакаміты водападзел, які робіць пушчанскі рэгіён яшчэ больш унікальным, што, дарэчы, заўжды адзначаюць батанікі. Тут зямная таямніца, адвечны гістарычны ланцуг: найперш паўстаў раслінны свет, затым жывёльны, у тым ліку зубр, а пасля ўжо і чалавек далучыўся сюды. Кніга вечнасці!

І вось цяпер, прыканцы ХХ стагоддзя мы на ўсім ставім кропку. У тое, што зрабіла вынішчальная меліярацыя, розум адмаўляецца верыць. Але гэта факт. Белавежская пушча атрымала ад так званых меліяратараў з поўнай жмені. Усе рэкі, за выключэннем Нарава, асушаны. Альбо спраставаныя. Цэлая сетка малых ручаінак, рачулак, якія насычалі гэты лес, навечна знішчана. Наступствы ўжо на вачах. Прапалі шматлікія тыпы лесу: ольсы, груды, саснякі. Няма падросту сасны, пладаноснасць сыходзіць намарна. Лес не ўзнаўляецца. Калі нешта недзе трохі вырастае - адразу ж вытоптваецца, паядаецца. Паглядзіце, год за годам катастрафічна падаюць ельнікі. Лясгасы ўжо ледзь спраўляюцца з гэтым абвалам. Але каб адны толькі ельнікі... Людзям даводзяць, што, маўляў, год засушлівы. Несур"ёзна. Засухі бывалі і раней. І не такія. Гэта набрала сілу тое, што за сабой пакінулі меліяратары. Дэфіцыт вады. Дарэчы, не толькі ў лясах, але і на сельскагаспадарчых землях. Парушыўся колазварот грунтовай вады. А гэтыя механізмы дзейнічаюць як помпа. Ледзь што - пачынаецца. Атмасферныя ападкі не засвойваюцца як раней, а па сотнях прарытых каналаў коцяць у мора. Людзі здзіўляюцца: раней было ўсё нармальна...

Я не гідролаг і не ведаю рэцэптаў, што зрабіць, каб вярнуць нашы балоты і рэкі, напаіць лясы вільгаццю. Магу толькі сумна канстатаваць: вады ў Пушчы, па вялікім рахунку, няма. Рэкі "селі" зусім, перасыхаюць; мяркую, так званым водным артэрыям прыйшоў поўны канец. Азёраў няма. Ёсць штучныя сажалкі, якія ў рэшце рэшт могуць застацца з сухім дном. Вось больш чым яскравы прыклад. Зіма 1996 года. На рэдкасць мнагаснежная, не хутка такая будзе зноў. Вясна - з вялікай вадой, ападкамі. А стары, вялікі вадаём у Перарове так і не набраў патрэбнага ўзроўню. Пра што гэта сведчыць? Дэфіцыт вільгаці ўжо такі вялікі, што лясныя штучныя сажалкі папросту нежыццяздольныя, на іх няма падстаў спадзявацца.

Асушаны землі і вакол Пушчы - а гэта тысячагектарныя плошчы. Сёння там, бадай, нічога не ро-дзіць. Нават шматгадовыя травы расці не хочуць. Адны сітнікі. Гэта ўжо апустыньванне тэрыторыі, на якой, дарэчы, адных толькі жывёлагадоўчых фермаў больш за сотню. Уся нагрузка кладзецца сюды, на пушчанскія ўгоддзі, на гэтыя рэшткі, на гэты ацалелы прыродны пласт.

Пушчанская драма адбываецца не ўвачавідкі, бо гэта вялікі лес. Аднак тое, што паддаецца назіранням, хвалюе і абурае.

У Пушчы з 50-х гадоў пануе разбойны тып высечак. Лес валяць спрэс, без пэўных на тое падыходаў. Праўда, ёсць адзін распаўсюджаны падыход - слановы. Па запаведным лесе сноўдаюцца-гудуць шматтонныя "Кіраўцы" - даўно не зважаючы, які посуд у гэтай краме. А "крама" тым часам радзее і спусташаецца: за дзесяцігоддзі планавых высечак Пушчы нанесена такая вялікая траўма, што пасля яе, бадай, немагчыма й падняцца.

Бывае, пасля якога-небудзь чарговага наезду ў Пушчу высокага прыдворнага гаспадарніка на слыху яшчэ доўга застаецца адна і тая ж фраза пра залатое дно Пушчы. Няцяжка ўявіць, як гэта развязвае рукі планавікам-карыстальнікам! І як балюча б"е па экалагічнай, ашчаджальнай этыцы, па людзях, якіх "лясгасаўскае мысленне" яшчэ не адолела.

Ёсць падставы спытаць: ці мае права лесагаспадарчае ведамства секчы помнік прыроды, які нам пакінулі продкі? Патрэбны чалавецтву такі помнік ці не? І чаму за чалавецтва адказваюць, прабачце, часовыя людзі? Сёння яны ёсць, заўтра няма.

Праўда, каб рашэнні выглядалі знешне прыстойна, часам падключаюць абслугу, напрыклад, навуковыя арганізацыі, розныя інстытуты, кафедры. Але гэта ўсё вельмі далёка ад незалежных ацэнак. Ёсць палітыка, курс, напрамак. Іх трэба падтрымаць тэорыяй. Абслужыць практыку. Так нараджаюцца праекты, канцэпцыі. Усё б добра, калі б не "вушы" міністэрстваў і ведамстваў, усё тых жа карыстальнікаў.

Я ўжо казаў пра навакольны прэс на Пушчу. Фермы валяцца. Калгасы абанкручваюцца. Таму ёсць задума гэтыя сумежныя тэрыторыі далучыць да Пушчы, стварыць нейкі гаспадарчы кангламерат кшталту канцэрна. Нічога прыродаахоўнага тут няма. Абсалютна. І нават не прадбачыцца.

Што да назвы Нацыянальны парк. Прабачце, гэта падман грамадскай думкі. Ніхто толкам не ведае, што такое нацыянальны парк. Разбілі маналітны лясны абшар на тры зоны. Навошта такое чыніць, калі хочам зберагчы для нашчадкаў гэты вялікі лес? Ён жыве адным біялагічным жыццём - дык няхай і жыве! Іншая справа, што гэта дае ўладам магчымасць гаспадарыць так, як ім хочацца. Працягваць разбой і дэградацыю, падманваць грамадства ідэяй нацыянальнага парка.

Затым. Я бачыў на схемах вылучаныя дзялянкі - абсалютная запаведнасць, тое, што ў такіх рэзерватах, як Пушча, мусіць быць святым месцам, што вякамі не забіраюць у прыроды, не кранаюць і пальцам. У нашым выпадку усё выглядае не так. Гэта былыя забалочаныя мясціны, куды не здолеў прабіцца трактар. Пакуль не здолеў. Хутка здолее, як толькі надыдзе чарга. Сёння тыя мясціны маладаступныя і пакуль што не надта патрэбныя - чорнаальшанікі, малатаварны лес уздоўж граніцы на водападзеле Ясельды і Нарава і гэтак далей. Астатняя частка Пушчы эксплуатуецца. Лясны абшар абаймаюць тысячы кіламетраў цвёрдапакрытых дарог, трубаправодныя шляхі - нафта, газ. Тры вайсковыя базы, адна, кажуць, з радыяцыяй. Вакол Пушчы - сорак піларам, апроч галоўнай, што на сядзібе. Не паветра ж яны пілуюць, праўда?

Вы толькі паслухайце, што кажуць гаспадарнікі. Не міргнуўшы вокам, яны заяўляюць, што могуць узнавіць тыпы гістарычнага лесу. Яны, бачыце, могуць! Лепш назавіце, дзе, калі, у якой кропцы свету злаўчыліся гэта зрабіць! Справа ў тым, што нідзе і ніколі. Калі Заходняя Еўропа засталася без гістарычных лясоў, там што, скажыце, калі ласка, не знайшлося разумных людзей, каб вярнуць іх? Фокус у тым, што яны і не збіраюцца гэта рабіць, бо гэта ўжо немагчыма. А нашы зухавата пахваляюцца. Маўляў, можна секчы Пушчу. Больш за тое. Не толькі можна, кажуць яны, але трэба секчы.

Ідзе вайна, адным словам.

Цяпер службы адміністрацыі досыць варухліва ўзяліся развіваць турызм. Скажыце, калі ласка, каму гэта трэба? І што тут можа атрымацца?

Ёсць, напрыклад, Карпаты. Іх пакуль што ніхто з месца не зрушыў. Іх там маглі апаганіць, загадзіць, абакрасці - але яны яшчэ горы. А як з Пушчай?

Я скажу вам самыя горкія, самыя крыўдныя, можа, самыя балючыя словы, якія мушу сказаць. Старажытная Пушча засталася ў мінулым. Той лес, які мы нядаўна ўважалі за пракаветна-казачны, велічны, першародны, - сёння ўжо страчаны. З пункту гледжання турыста Пушча не ўяўляе асаблівай цікавасці. Пра турызм, сапраўдны турызм, гаварыць, на жаль, вельмі позна. Не будзем крыўдзіць астатні лес, які расце ў Беларусі, - у чым розніца паміж тым, што пад Мінскам, і гэтым? Я ўтрырую, бо ў мяне ёсць падставы баяцца: тэмпы збліжэння абодвух гэтых тыпаў надзвычай імклівыя.

Цяпер пра тое, што зараз тут робяць Ціцянкоў і ягоныя службы, спрабуючы паставіць турызм на шырокую нагу. Гэта ўсё другі план. Яны рупяцца як мага пашырыць сервісную базу, абслугу, але не захоўваюць самае дарагое - Пушчу. Бо дзеля чаго гэта рабіць, калі першародны гістарычны лес вось-вось упадзе канчаткова? Ды яго ўжо няма. Я лічу, што няма. Паўвеку я прахадзіў тут, праездзіў і хоць сёння магу даказаць любой камісіі, што ўсё тут затурзана і спаганена. Найарыгінальныя тыпы лесу ўсе ўпалі, а што ацалела - працягвае падаць катастрафічна.

А што робяць яны? Налягаюць на гасцініцы, рэстараны, тэнісныя корты і гэтак далей. Ды ёлкі-палкі! Хто сюды паедзе? Усё ж непамерна дорага. Ну паедзе наш ценявік, каб гульнуць, развеяцца ў ціхім лесе. Збольшага ён будзе задаволены. Для "новых" тут робіцца шмат. А што для дыдактыкі, для выхавання, для дапытлівых дзіцячых душ? Дзе культура, этыка, веды, любоў да прыроды? Ёсць вальеры, музей. Але ўсім зразумела, што гэтага да ўбогасці мала, каб Белавежскую пушчу паказаць сапраўды як унікум еўрапейскі. А галоўнае - дзе намаганні па яе захаванні як аб`екта нумар адзін нашай прыроднай спадчыны? Я вельмі шкадую, але павінен сказаць: у Белавежскай пушчы ўжо няма чаго паказваць турысту.

Так мяркую не я адзін. Выказваюцца многія, але неяк цішком, не высоўваючыся. Усе астатнія маўчаць, пераважна маўчаць. Прычым, маў-чаць нашы аўтарытэты, акадэмікі. Вы ад іх не пачуеце больш-менш вымоўнага, па-грамадзянску аб"ектыўнага і смелага адказу, таму што над імі пануе палітычная абстаноўка. Яны пазбаўлены магчымасці адкрыта, ўголас гаварыць пра тое, што думаюць. Асцерагаюцца пераследу. Разумець - разумеюць, наколькі катастрафічнае становішча ў Пушчы. Часам іхняе разуменне глыбокае і роспачнае. Але каб біць у званы - не. Яны таксама прыстасоўваюцца, нават тыя, здавалася б, каму не займаць аўтарытэту і мужнасці. Можа, не ведаюць, што рабіць, або разумеюць, што гэта будзе чарговай дарэмнай справай. Што нічога не зрушыш, а толькі заплямішся. Напэўна, у кожнага свая рацыя. Людзі ёсць людзі, бог ты мой...

Праўда, спроба некалькіх беларускіх вучоных адваяваць Пушчу для навукі была, менавіта - спроба надаць ёй статус запаведніка і не дапусціць ідэю Нацыянальнага парка. Але нічога не выйшла. На палітычным узроўні іх меркаванне было адхілена.

Безумоўна, надвор"е ў Пушчы павінен рабіць эколаг, вучоны, а не нарыхтоўшчык з бензапілой ды сякерай.

Пытанні, вартыя глыбокіх наву-ковых даследаванняў, паўстаюць адно за адным. Аднак не бачна, каб навука за іх хапалася. Напрыклад, адно з такіх - узнаўленне гідралагічнага рэжыму Пушчы, аб чым я казаў. Ці тое ж высыханне ельнікаў, заняпад расліннасці... Маўчыць навука.

Я не ведаю, ці можна яшчэ што-небудзь зрабіць, каб спыніць гэты абвал, запаволіць працэс дэградацыі і збяднення Пушчы. Вельмі мала на гэта надзеі. Перамены да лепшага магчымыя хіба што ў выпадку, калі ў Беларусі наступяць палітычныя змены. Стварэнне Нацыянальнага парка было рэжымна-палітычным рашэннем і ніяк не навуковым, дый не дэмакратычным. Пушчы не патрэбны Нацыянальны парк. Тут павінен быць запаведнік, дзе б гаспадарыла навука. І не такая, каб сядзець ды шчыпаць паціху што-кольвек для дысертацый. А навука мабільная, моцная, з імёнамі і аўтарытэтамі. Не служка, а гаспадарства. Дзякуй Богу, сёння нашы інстытуты клепяць памалу маладыя кадры. Вось хай яны і прыходзяць у Пушчу. З іншымі падыходамі і задачамі. Перш-наперш, яны павінны захаваць Пушчу. Карыстацца, але ж не так. Секчы, але сем разоў адмераўшы. Няхай яны, эколагі, скажуць лесагаспадарнікам: "Калі ласка, вазьміце. Але тое, што можна." Трэба аддаць ім кіраванне. Я веру ў сумленне новых людзей у Пушчы. Я веру ў розум тых, хто атрымае тут сапраўдную свабоду дзеянняў. Дзеянняў на зберажэнне Пушчы.

Вясна, 1997.

ПРЭС-ТУРЫ "ПАД СУКНОМ"

У адміністрацыі прэзідэнта згубіўся ліст беларускіх "зялёных"

Публікацыя
: газета "Народная воля", жнівень 2001

Як адзін з аўтараў гэтага задаўненага ліста, зважаючы на бюракратычную неахайнасць прэзідэнцкай адміністрацыі, мушу праз "Народную волю" цалкам давесці да грамадскасці ягоны змест. Мяркую, гэта будзе цікава чытачам па двух прычынах. Па-першае, каб запэўніцца, што, насуперак падпісанай нашай краінай у 1998 годзе Орхускай канвенцыі аб доступе насельніцтва да экалагічнай інфармацыі і прыняцця рашэнняў, прэса Беларусі пазбаўлена праўдзівых сталых крыніц, дзе можна чэрпаць своечасовую і аб'ектыўную інфармацыю. Па-другое, літаральна апошнім часам з неафіцыйных крыніц сталі вядомыя факты чарговага ўціску на беларускія прыродныя тэрыторыі, што з'яўляюцца асабліва ахоўнымі, -- Белавежскую пушчу і Нацыянальны парк "Прыпяцкі". У звязку з гэтым актуальнасць ініцыятывы "зялёных" не выклікае сумневу.

Але спачатку ліст:

" 21 траўня 2001

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Копія: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Аб ініцыятыве правядзення прэс-тураў у Белавежскую пушчу, нацыянальны парк "Прыпяцкі" і Бярэзінскі запаведнік.

Газета "Белавежская пушча" і яе Грамадская рада, кіруючыся прынцыпамі Орхускай канвенцыі, а таксама шэрагам іншых норм, якія гарантуюць грамадзянам Беларусі доступ да экалагічнай інфармацыі і прыняцця рашэнняў, прапануе Вам разгледзець пытанне аб наведанні прыродных аб'ектаў групай журналістаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый (колькасць 15 і больш чалавек). Прапануюцца ў якасці такіх аб'ектаў нацыянальны парк "Прыпяцкі", Белавежская пушча і Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Як вядома, дзве асабліва ахоўныя тэрыторыі - Белавежская пушча і Бярэзінскі біясферны запаведнік - маюць Еўрапейскі Дыплом. Захаванне ўмоў і рэкамендацый з нагоды атрымання Дыплома, а таксама патрабаванняў айчыннага экалагічнага заканадаўства і міжнародных дакументаў, падпісаных нашай краінай, несумненна, хвалюе журналістаў і шырокую грамадскасць Беларусі. Шматлікія крытычныя публікацыі ў прэсе не пакідаюць усіх нас абыякавымі да лёсу нацыянальных прыродных каштоўнасцяў, якімі перш-наперш з"яўляюцца запаведныя тэрыторыі і аб"екты.

Усе падрабязнасці і ўскладанне (размеркаванне) абавязкаў будзе дэталёва разгледжана сумесна, калі наша прапанова атрымае станоўчы водгук. Прэс-туры ў падтрымку Орхускай канвенцыі прапануем зрабіць у ліпені і жніўні гэтага года.

За правядзенне такога мерапрыемства прагаласавалі таксама 75 удзельнікаў Злёту зялёных Беларусі 19 траўня 2001.

Абмеркаваць план дзеянняў мы гатовыя ў самы бліжэйшы час.

В.Дранчук, галоўны рэдактар газеты

А.Мікуліч, старшыня Грамадскай рады

М.Капран, каардынатар Злёту зялёных"


Цяпер дазволю сабе кароткі каментарый. Як рэдактару газеты "Белавежская пушча", мне даўно вядома, што дзейнасць самых тытулаваных беларускіх нерушаў пастаўлена ўладамі з ног на галаву. Найбольш яскравае пацвярджэнне гэтаму - "лесапільны" праект, спушчаны ў Белавежскую пушчу два гады таму (1999 год). Авантурны, рэдкі па сваім невуцтве "праект" сёння вельмі дорага абыходзіцца працоўнаму калектыву нацыянальнага парка, вымагае каласальных матэрыяльных і маральных выдаткаў, адцягвае сілы ад першачарговых задач. За непасільны крэдыт, узяты ў банку (лінія дрэваапрацоўкі куплена ў Германіі), трэба тэрмінова расплочвацца валютай, тым разам і высакаякаснай драўнінай. Менавіта гэты матыў і спанукаў прызначэнне новага дырэктара нацыянальнага парка Мікалая Бамбізы, чалавека, загартаванага выключна на камерцыйна-гаспадарчым асваенні запаведных тэрыторый краіны. Раней у ягоным ачольстве знаходзіўся нацыянальны парк "Прыпяцкі". Добра вядомы шырокай экалагічнай грамаскасці вандальны почырк гэтага гаспадарніка не хавае намераў прэзідэнцкай адміністрацыі: узяць з Пушчы як мага хутчэй і самай поўнай жменяй. На жаль, узяць там, дзе ўжо не ляжыць, калі зважаць на Закон і нацыянальныя інтарэсы. Браць давядзецца не з аднае Пушчы, бо нават яна не задаволіць апетыт прагных авантурыстаў. Ёсць планы паласавацца і запаведнай прыпяцкай драўнінай.

Пра гэтыя ды іншыя факты газета "Белавежская пушча" пісала на працягу апошніх пяці гадоў. Па сутнасці, біла ў званы (тут да месца ўспомніць рубрыку "Кліч Касандры"). Часам да публікацый спрабавалі прыслухацца, але зменам замінаў пануючы палітычны ландшафт: рабунак прыродных багаццяў на запаведных тэрыторыях быў адобраны і часткова ўзаконены "бацькам", папаўняў і папаўняе далёка не празрысты бюджэт улады.Тым часам, невялікі наклад газеты "Белавежская пушча" (цяпер выданне часова не выходзіць) не даваў магчымасці разгарнуць інфармацыйную кампанію ў належным фармаце. Таму, трымаючы на ўвазе нарастанне пагражальных тэндэнцый у дачыненні асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, газета ініцыявала прэс-туры ў слынныя нерушы Беларусі, каб і іншыя медыі, улучна з шырокім грамадскім прадстаўніцтвам, змаглі атрымаць інфармацыю з першых вуснаў ды паглядзець, як кажуць, усё на свае вочы.

Спадзяюся, пасля гэтай публікацыі аўтары ліста атрымаюць адказ з адміністрацыі прэзідэнта. Што да пазіцыі міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, тут прапанова газеты своечасова разгледжана. Прадстаўнікі Мінпрыроды абяцаюць удзел і неабходную інфармацыю.

Валеры Дранчук,

заснавальнік і галоўны рэдактар газеты "Белавежская пушча", лаўрэат міжнароднай прэміі Генры Форда "За захаванне культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя"


Нягледзячы на шматлікія напамінкі ды іншыя патрабаванні, аўтары ліста адказу ўсё ж не дачакаліся. Бюракратычная фізіяномія ўлады не паказала знешняй рэакцыі. Аднак ініцыятыва газеты "Белавежская пушча" была скарыстаная служкамі адміністрацыі па ўсіх правілах ліхадзейства, якое сёння культывуецца рэжымам. Менавіта -з мэтай ілжывай прапаганды і распаўсюджвання "сваіх" антынавуковых і безальтэрнатыўных падыходаў. Пры канцы года групу журналістаў (паводле справаздачных публікацый, пераважна з дзяржаўных выданняў) завезлі ў Пушчу, каб паказаць ім на шашаля-караеда ды спанукаць адпаведны водгук-фальсіфікат у прэсе. Іншадумцаў, вядома ж, абышлі, аўтараў ліста не запрасілі.

Даведка

УХОДАННЕ (высечка) ЛЯСОЎ


Паняцце "уходанне лясоў" мае сабой працэс высечкі лясоў з мэтай атрымання драўніны, паліва, дравеснага вугалю і вызвалення плошчаў пад патрэбы сельскагаспадарчай і здабываючай прамысловасці, без узнаўлення лясных угоддзяў (лесанасаджэнняў) або без захавання часовых цыклаў, неабходных для самаўзнаўлення. У.л. прыводзіць да вывятроўвання ўрадлівых глебаў і змывання іх рачнымі водамі, а гэта - просты шлях да глебавай эрозіі, засух, паводак, урон і шкода дзікай прыродзе. З-за таго, што ўсё менш дрэў ў працэсе фотасінтэзу паглынае вуглякіслы газ, ягонае ўтрыманне ў атмасферы ўзрастае, што ўзмацняе парніковы эфект. Знішчэнне лясоў істотна скарачае арэалы распаўсюджвання дзікіх жывёл і раслін. Змяншэнне плошчаў лясных абшараў вядзе да голаду і часткова стае прычынай паводак у раёнах з невялікай вышынёй адносна ўзроўню мора.

АЧАГ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЎСЫХАННЯ

Публікацыя ў газеце "Свободные новости", верасень 2001

Чалавечая "эрозія", якая глуміць нашу прыроду, на жаль, не ашчаджае і запаведныя куткі. Нават такія слынныя, тытулаваныя, як Белавежская пушча. Тут планамерна, з году ў год і ў згодзе з сатаной укараняюцца вандальныя тэндэнцыі лесапакарэння. Аб'ект сусветнай спадчыны чалавецтва паспешна асвойваецца гаспадарчымі службамі прэзідэнцкай адміністрацыі. Улада ставіць тут не на культуру, навуку, любоў да прыроды, а на лесанарыхтоўкі, паляўнічы "турызм", валютаздабычу.

У нумары ад 27чэрвеня "СН" змясцілі матэрыял-SOS пра тое, што на дзялянках нацыянальнага парка распачаліся суцэльныя санітарныя высечкі. Матэрыял быў распаўсюджаны ў незалежных СМІ ініцыятыўнай групай "Асацыяцыя беларускіх зялёных". Ад прыведзеных фактаў цягнула водарам пілавіння, смаловых шчэпак ды горкім дымам страчанай спадчыны - апошніх першародных лясоў нашай Бацькаўшчыны і нашай планеты. Сёння тэму гаворкі працягвае кіраўнік групы, заснавальнік і галоўны рэдактар газеты "Белавежская пушча" Валеры Дранчук. Днямі, як стала вядома, Валеры атрымаў Літаратурную прэмію імя Алеся Адамовіча за публіцыстычныя публікацыі 2000 года. Віншуем!

-- Валеры, чым скончылася дрымучая справа? Што адбываецца ў Пушчы цяпер?

- Дрымучая справа ў Белавежскай пушчы не сканчаецца, бадай, з часоў Герцэна, мяняючы хіба што формы, і гэтае варварства будзе працягвацца, пакуль на нашай зямлі не скончыцца век чужой, нялюдскай улады. Пытанне захаванасці нашых яшчэ не дабітых да ручкі запаведных тэрыторый, як, дарэчы, і іншых нацыянальных каштоўнасцяў - цалкам, лічу, палітычнае. Асабліва што да Белавежскай пушчы. Тут улада скрозь кармілася і балявала, брала, колькі ўлазіла, і нішчыла, што хацела. Камуністычная крамлёўская эліта менш секла, а дзеля гарантаванага паляўнічага "шчасця"-- сабе ж на ўцеху -- пладзіла столькі звера, што ён з'ядаў пушчу. Кебіч, калі за ім раскідалі запаведна-паляўнічую гаспадарку, не аддаў Пушчу вучоным-акадээмікам, а пагадзіўся на варыянт змовы - стварыць нацыянальны парк, тым самым абнізіць нават тую, лапікавую запаведнасць і яшчэ больш абдзіраць Пушчу. На гэта і выйшла. Не выйшла, адно што, Кебіча зрабіць прэзідэнтам. Але намеры яго ўладнага атачэння цалкам спраўдзіліся за Лукашэнкам і шмат у чым пераўзышлі сябе.

Дык вось, што цяпер? Ідзе ілжывая гульня пасля таго, як наша ініцыятыўная група падняла алярм вакол суцэльных санітарных высечак на белавежскіх лясных абшарах. Мінпрыроды парупілася стварыць так званую ўрадавую камісію. Можа, гэта і шчыры парыў галоўнага прыродаахоўнага ведамства, але пакуль што вынік нулёвы. Што робіцца ў Пушчы зараз, мала каму вядома, апроч тых, хто там жыве і ўсё бачыць на свае вочы.

- Вы знаёмы са складам камісіі? Хто яе ўзначаліў?

- Там за два дзесяткі чалавек, большасць я ведаю, а ўзначаліў камісію экс-дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі нашай Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік Віктар Парфёнаў. Наогул, такая камісія - спроба замяць і заблытаць яшчэ адну дрымучую справу. Па сутнасці, гэта гульня. З'яўленне камісіі "на месцы злачынстваў" - у Пушчы - для большасці было рытуальным. Вы разумееце? Ды разбудзі Віктара Іванавіча сярод ночы на лецішчы - і ён без запінкі скажа, навошта сякуць Пушчу. Бо ведае, не маладзён, што час такі, улада такая, навука на панэлі, што гэта, у рэшце рэшт,- менавіта палітычнае пытанне. Для яго, вучонага-акадэміка, як і для большасці, усё даўно ясна. Парфёнаў, дарэчы, быў прыхільнікам чыстага запаведніка ў Пушчы, а не нацыянальнага парка як зручнай шырмы для ўкаранення тут гаспадарча-вытворчай дзейнасці. Ён не адзін год ачольваў вучоны савет Пушчы, ведае і людзей, і праблемы, і ўсю гэтую запаведна-паляўнічую кухню. Аднойчы падчас чарговага пасяджэння гады чатыры таму ён падсеў да мяне і гэтак шчыра, са стомай у голасе сказаў:"Падымі пратаколы дзесяцігадовай даўнасці - дальбог, тое самае. Гаворым, гаворым, а прасвету няма. Калі нічога не адбудзецца, пушчы праз дзесяць гадоў капец. Яе не будзе. Будзе так сабе, захудалы лес… Надзея хіба што на прэсу, на тваю газету. Бачыш, - паказаў ён на чалавека, які ад нас сядзеў воддаль. - Гэта Жэня Смактуновіч. Граматны спецыяліст, патомны лесавод. Пушча быццам дала нам яго, каб ён сёння быў генеральным дырэктарам".

Я вам пра што? - пра тую ж камісію. Не хачу пакрыўдзіць вучонага, але, па-першае, спадар Парфёнаў яшчэ не ўсё страціў у гэтым жыцці, каб з першага закліку чыноўнікаў кідацца на пашчу дзота. На што здольная гэта камісія ў цяперашніх палітычных умовах, ды яшчэ перад выбарамі? Вярнуць Смактуновіча ў крэсла дырэктара парка, дзе яго з'елі, як кажуць, на трэція суткі? Ды гэта ж быў эксперымент улады. Пастка. Гульня ўладных шулераў. Сёння Смактуновіч апынуўся пад службовым арыштам. Новы дырэктар забараніў яму, галоўнаму ляснічаму, з'яўляцца ў пушчы, гэта значыць, слугаваць згодна сваіх абавязкаў…

Па-другое, Парфёнаў чалавек шматвопытны і, бяру грэх так казаць, не бачыць святла ў канцы тунэля. Камісія паглядзела, пераначавала ў Пушчы і раз'ехалася па дамах. Дакумент не быў там прыняты. Затым яго доўга пісалі-круцілі, ён і дагэтуль не мае якой-небудзь сілы, бо паміж членамі пачалася нейкая штучная бойка, дыскусія. Дый нават калі б быў цвёрда акрэслены дакумент з пунктамі патрабаванняў і поўная згода падпісантаў, на іх высновы ўлада не паглядзела б. Гэта не значыць, аднак, што сёння нам не патрэбны "гераічныя ўчынкі". Але ў навуцы, на жаль, я бачу іх менш і менш. Зрэшты, паглядзім, камісія пакуль не распушчана, магчыма, хтосьці і вызначыцца, разане праўду-матку. Наколькі я ведаю, гомельскі эксперт, вядомы вучоны-лесавод Іван Багінскі не падпісаўся пад высновамі камісіі, бо палічыў іх залішне мяккімі і настойвае на адэкватных пазіцыях.

Роля міністэрства прыродных рэсурсаў на чале з былым намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта Лявонціем Харужыкам уяўляецца тут надзвычай бутафорнай; гэта відаць хоць бы з таго, што менавіта само гэта міністэрства санкцыянавала незаконную рубку. Цяпер адганяюць стрэлку назад, праз нібыта "урадавую камісію". Ды дзе вы бачылі, міністрэства ніколі на ражон не палезе, калі Пушчу наважыла секчы адміністрацыя прэзідэнта. На тое і рэжым, каб дзяржчыноўнік пачуваў сябе як мыш пад мятлою.

- Вы сказалі, што паміж членамі ўрадавай камісіі ўсчалася дыскусія. На чым палягае спрэчка?

- Камісію напічкалі кім заўгодна і затым справакавалі дыскусію. Спрачаюцца, секчы ці не. Маўляў, каб збавіцца ад шашаля-караеда, трэба высекчы пяцьдзесят гектараў лесу, што ўжо заселены ім. У чым штучнасць гэтай дыскусіі? У тым, што яна наскрозь фальшывая. Не таму, што ў пушчанскіх кварталах няма караеда, ён ёсць і шкода яго вялікая. Але апроч караеда на запаведнай тэрыторыі прыжыўся абсалютна іншы, чалавечы фактар знішчэння лясной нерушы - куды больш небяспечны і разбуральны, - караед лесанарыхтоўчы, прадажны, валютаздабывальны. Механізм дзейнасці гэтага "караеда" забяспечаны пэўнай інфраструктурай, эканамічнымі выкладкамі, сістэмай здзелак і барышоў, подкупам і застрашэннем. Зазначу, механізм бескантрольны. Паспрабуй што праверыць!.. Таму асобныя дыскутанты ад камісіі і спрачаюцца пра час вылету паразітуючай мошкі. Гэта проста камедыя! Дарослыя людзі гуляюць у жучка-караеда. Побач з іхняй гасцініцай год як запушчана суперпіларама, за якую трэба разбіцца ў кроў, расплаціцца з замежным камерсантам ды банкам-крэдыторам. Расплаціцца чым заўгодна. Але адміністрацыя вымушана плаціць лесам, вядома, самым лепшым, бо піларама разлічана выключна на сыры лес, а той немец, што прадаў яе, патрабуе ўзамен супердраўніну.

Я быў у Пушчы два разы, як пачаліся суцэльныя высечкі. Апошні раз мяне мала хто там наогул бачыў. Гутарыў з людзьмі, пушчанцамі. Сведчу: з пушчанскіх дзялянак лесапавал цяпер перакінуўся на прыпяцкія лясы. Уяўляеце, лесавозы вязуць драўніну з аднаго Нацыянальнага парка (маю на ўвазе "Прыпяцкі") - у другі. Гэта што, кантраляваная дзяржава? Разумная рэсурсазберагальная экалагічная палітыка?

- Дыягназ сапраўды відавочны. Але няўжо мясцовыя жыхары - пушчанцы -- не спрабуюць абараніць свой адвечны схоў?

- Шматгадовыя традыцыі "наменклатурнай запаведнасці" плюс прыгранічная зона зрабілі сваю справу. Адкрывацца людзі не спяшаюцца, баяцца пераследу. Знайсці праўду цяжка, а страціць працу, заробак лёгка. У хамскай улады развязаны рукі па "вер-тыкалі", зверху данізу. За сем апошніх гадоў змянілася пяць дырэктараў! Апошні, Мікалай Бамбіза, доўгі час гаспадарыў у "Прыпяцкім", пашыраў там вытворча-паляўнічую базу, арыентаваную на камерцыйныя лесапастаўкі ды цвёрдавалютныя паляўнічыя туры. Пры гэтым звёў на нуль навукова-даследчую, культурна-пазнаваль-ную дзейнасць. Не паспеў сесці ў новае крэсла гендырэктара нацыянальнага парка "Белавежская пушча", як распачаў антызаконныя бескантрольныя рубкі тутэйшага запаведнага рэсурсу - з гэтага добра відаць, хто яго сюды паслаў і навошта. Вось дзе сапраўдны ачаг караеда-дачасніка, вось вам ачаг нашага нацыянальнага прыродна-ляснога ўсыхання! Пушча, так, вялікі адвечны схоў, але яна не абаронца правоў яе жыхароў, бо сама іх даўно не мае.

- Кола замыкаецца? А дзе ж пушчанская навука?

- Яна таксама без правоў, калі можна ўважаць за навуку так званы навуковы аддзел з двух ці трох кандыдатаў на паўтара дзесятка супрацоўнікаў. Хутчэй - імітацыя навукі. Там, дзе насамрэч мусілі б у цесным звязе цараваць прырода і навука, гуманітарныя каштоўнасці сусветнага ўзроўню - а Белавежская пушча і ёсць такім месцам! - пануе непісьменны, я б сказаў, вандальны леспрамгасаўскі прагматызм. Навуко-выя падыходы адлучаны ад актуаліяў прыродаахоўнай практыкі, не кажучы пра ўплыў на прыняцце рашэнняў ці ўратаванне Пушчы. Невыпадкова з парка сыходзяць маладыя навуковыя кадры. Тыя, хто збольшага ўкараніўся, вымушаны ўвесь час прыстасоўвацца. Што рабіць вучонаму, калі ўлада-монстр плодзіць монстраў-герастратаў ды саджае іх у кіраўніцкія крэслы? Да каго кідацца? Прыгадваю 80-я. Алярмічны напал савецкай навукі быў у той час куды большы. Ідэалогія гэта заахвочвала, так бы мовіць, развівала плюралізм. Цяпер зусім іншае. Беларуская ўлада хавае экалагічныя праблемы, думку грамадскасці выцясняе жорстка і планамерна. Афіцыйная прэса, у тым ліку БТ, занятыя палітычным трубадурствам і ачмурэннем беларусаў.

- Але найперш - маўчыць навука, акадэмічныя інсты-туты.

-- Не толькі навука. Вазьміце грамадскія арганізацыі, наш так званы "зялёны рух". Ён загнаны ў віртуальныя лёхі, лускае гранты ў сваіх офісных дуплах, ладзіць бясконцыя "круглыя сталы", ходзіць на мякенькіх лапках перад уладаю. Хто дзе сур'ёзна азваўся на боль нашай зямлі, стаў у пікет, арганізаваў шэсце ў абарону Белавежскага лесу, прабіўся на газетную паласу з набатам ці выкрыццём? Ёсць, скажам, такая няўрадавая арганізацыя "Экаправа". Аднойчы тэлефаную і прапаную зрабіць сумесную экспертызу аднаго выказвання дзяржаўнага чыноўніка, які ацаніў размяшчэнне той жа піларамы ў Белавежскай пушчы як законнае і цалкам прымальнае, без негатыўных, як ён мяркуе, наступстваў. Тыдзень думалі. У рэшце рэшт не згаджаюцца, маўляў, экспертыза - вельмі гучная, правакацыйная форма, трэба мякчэй, у выглядзе юрыдычнай кансультацыі.

Тым часам, ведаю з уласнай навукі, што такая структура як нацыянальны парк "Белавежская пушча" даўно не мае юрыдычных падстаў для існавання, яе трэба ў пажарным парадку "апячатваць", бо дагэтуль не распрацавана і не прынята прадугледжанае законам Палажэнне - своеасаблівы знак паўнамоцтваў, у якім рэгламентавалася б яе дзейнасць, вызначаліся накірункі, улічваўся сусветны статус і гэтак далей. Не ведаю, Міністэрства юстыцыі ці "Экаправа" павінны гэтага дамагчыся, але пакуль што папускаюцца парушэнні і злоўжыванні ў адносінах да закона "Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і аб'ектах", артыкул 24.

Гэта красамоўна вытыркнулася нядаўна, калі прадстаўнік дацкай праўрадавай арганізацыі сумесна з нашай праакадэмічнай грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Беларусі" прыехалі ў Пушчу, каб размясціць тут экатурыстычны праект. Нечакана выяўляецца, што тытулаваны рэзерват менш за ўсё арыентаваны на прыродапазнавальны турызм - тут акурат пачаліся тыя самыя вандальныя "санітарныя" высечкі. З пункту гледжання ідэі экатурызму, перспектыва несуцяшальная, што давялося прызнаць супрацоўніку Прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі, і дацкім партнёрам, і актывістам птушкааховы, і самім гаспадарам. Замяць гэтакі "адыёзус" давялося тым, што беларускі бок нібыта заабавязаўся неяк займець Палажэнне, якое будзе адпавядаць дзеючаму заканадаўству ды ўсім іншым нормам экалагічнага права. А грантадаўцы наўрад ці будуць чакаць, аддадуць грошы палякам. Там Пушча нашмат меншая, затое сітуацыя прадказальная.

Наогул, развіваць экатурызм на нашых мізэрных запаведных тэрыторыях, якія да ўсяго і запаведнасці рэальнай не маюць, ідэя спрэчная. Прычыненне ўрону і нанясенне чалавечай эрозіі непазбежныя. 3-5 працэнтаў вельмі ўмоўнай запаведнасці не даюць нам права гэта рабіць. Турыстычны прадукт трэба знаходзіць за межамі асабліва ахоўных тэрыторый. Тым не менш дзяржава прыняла такое рашэнне ў выглядзе Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Беларусі на 2001-2005 гг., дзе ў якасці "апорных цэнтраў развіцця экатурызму" (там гэтак сказана) плануюць скарыстоўваць менавіта нацыянальныя паркі. Гэта не што іншае, як яшчэ адна форма няшчаднай эксплуатацыі першавобразаў нашага ўлоння. Тыповы чыноўніцкі валюнтарызм. "Мяккі дотык да прыроды" мы ўжо бачым на прыкладзе Белавежскай пушчы, "Прыпяцкага" і іншых прыродных аб'ектаў.

- Хто адкажа за ганьбаванне прыроднай спадчыны Беларусі?

- За апошнія сем гадоў адміністрацыя Лукашэнкі - адзіны гаспадар самых слынных, тытульных запаведных тэрыторый нашай краіны - пастаралася, каб грамадскай свядомасці напусціць ружовага туману і ўвесці ў зман міжнародных экспертаў. Пушча атрымала сусветны статус біясфернага запаведніка, займела Еўрапейскі дыплом, патрапіла ў Спіс аб'ектаў чалавечай спадчыны. Па вялікаму рахунку, гэта ўсё авансы, правілы гульні для сумленных людзей, а не спажыўцоў-шкурнікаў, загартаваных на калгасна-саўгаснай вытворчасці. Якую мараль выспавядаў Іван Ціцянкоў, што рваў, як парцянку, нацыянальны сцяг суверэннай краіны? Ён прыйшоў у Пушчу з фразай: "Па золаце ходзіце". Гэта быў тыповы гандляр у храме, акружаны плоймай халуёў. Усе высокія тытулы Белавежскай пушчы адным махам былі складзеныя ў стосік на ўсякі выпадак - скажам, каб зручна адбіцца, калі нехта раптам спытае за рабаўніцтва і разбуральныя дзеянні, якія ў запаведных нерушах набылі асабліва цынічны характар. Руку на стосік - і… вось мы якія заслужаныя, сама Еўропа Дыплом дала.

Сёння пытанне яшчэ і ў тым, ці пакіне Рада Еўропы сваю прэстыжную ўзнагароду -Еўрапейскі дыплом, якім ганаравала Пушчу ў 1997 годзе. Пяць гадоў (менавіта на такі тэрмін выдаецца гэты знак прызнання з неабходнасцю наступнага пацвярджэння) паказалі, што гаспадары Пушчы рабілі ўсё, каб зняважыць годнасць Дыплома. Піларама, якая вырасла ў гучную справу, - найкрасамоўнае сведчанне бязглуздых эксперыментаў і гаспадарчага ўціску на дыпламаваны аб'ект сусветнай спадчыны. Якое рашэнне прыме дэпартамент Еўропы па праблемах навакольнага асяроддзя і ўзаемадзеяння з мясцовым кіраваннем, хутка стане вядома. Наша ініцыятыўная група мае намер актыўна паўплываць на працэс прыняцця рашэння і ўжо распачала дзеянні.

Хто адкажа за здзек? Калі прыйдзе ўлада, спагадна-чулая да нацыянальных каштоўнасцяў, і будзе абраны працаздольны парламент, тады і трэба ставіць гэтае пытанне адпаведным чынам. Сёння рана што-небудзь казаць. Парушаўся Закон і Канстытуцыя. Абіралася і нішчылася спадчына, рэдкасны лясны генафонд, біялагічная разнастайнасць, якой няма цаны ў свеце. Хто прыслужваў рэжыму і ў той ці іншай меры адказваў за стан нашых асабліва ахоўных тэрыторый, і мусіць адказаць перад дасведчанай камісіяй пераважна з міжнародных экспертаў, бо справу маем з аб'ектам сусветнай спадчыны, згодна з афіцыйным статусам Белавежскай пушчы. Да таго ж, Беларусь падпісала шэраг міжнародных Канвенцый і нясе адказнасць за іх выкананне. На жаль, гэтыя найважныя юрыдычныя дакументы зневажаюцца або наогул ігнаруюцца ўладнай практыкай.

- Вы сказалі пра камісію, гэта будзе караючая інстанцыя?

-- Лічу, камісіі павінны быць дзве. Адна, парламенцкая, па расследванні злачынстваў супраць прыроднага фонду, у тым ліку Белавежскай пушчы, другая, міжнародная, якая асобна вызначыць далейшы лёс еўрапейскай славутасці. Я б асабліва падкрэсліў выключную ролю міжнароднай камісіі, перш-наперш - наданне ёй правоў і паўнамоцтваў з усімі ўмовамі спрыяння. Мяркую, сярод членаў камісіі не павінна быць беларускіх прадстаўнікоў, бо перасварацца і адцягнуць пытанне. Становішча ў Пушчы сёння такое, што трэба саступіць "прынцыпам" і даць поўную магчымасць сусветным знаўцам зрабіць незалежны накід перспектывы. Не трэба лезці і перашкаджаць ім. Галоўнае, каб не было надта позна, бо ўжо сёння, нават учора, гэта запозна. Гаворка аб тым, каб уратаваць Вялікія Парэшткі Белавежскай пушчы. Патрэбна стратэгія дзеянняў і сродкі, якія б яе забяспечылі.

Яўген Смактуновіч:

"Тое, што робіцца сёння ў Пушчы, для нас, пушчанцаў, ненатуральна і супярэчыць сталаму досведу"

Экс-гендырэктар нацыянальнага парка "Белавежская пушча" адказаў на пытанні нашага карэспандэнта неўзабаве пасля таго, як улада санкцыянавала суцэльныя санітарныя высечкі ў сямі кварталах запаведнага лесу.


У гэтым чалавеку многія бачылі заўтрашні дзень Пушчы. Пад час апошняй сустрэчы з Яўгенам Анатольевічам я настояў на гаворцы, бо адчуваў суровую засяроджанасць і трывогу патомнага лесавода-пушчанца. "Што, неспакойныя думкі?" - спытаў я.

- У гэтай сітуацыі яны не могуць быць спакойныя. Змены ў вядзенні санітарных рубак, параўнальна з тымі, якія склаліся тут на працягу многіх дзясяткаў гадоў, мяне вельмі насцярожваюць.

- Змены ў бок інтэнсіўнасці?

- Так. Вы бачыце, што прапануюць гэтыя тэарэтыкі. Яны прапануюць варыянты суцэльных лесасечных рубак, што заснаваныя практыкай вядзення гаспадаркі ў шараговых лінейных лясгасах, дзе насаджэнні створаны штучна, дзе фарміруюцца аднаўзроставыя, аднастайныя сваім складам лясныя пасадкі дзеля аднае мэты: павялічыць прадукцыйнасць лесу.

- Так званыя лясныя плантацыі?

- Што да Белавежскай пушчы, дык гэта ж, прабачце, не плантацыя. Гэта адметны лясны масіў, які фарміраваўся, дзякаваць богу, цягам тысячагоддзяў, практычна без умяшання чалавека, без якіх-кольвек планавых мерапрыемстваў, без аднаго ўзятага курсу. Гэта масіў, які сфармаваўся натуральным чынам і ўяўляе сабой, так бы мовіць, адвечны тып лесу. Пачатак пачаткаў. Першавобраз. Рэліктавы дрэвастой. Таму яго цяжка раўнаваць з якім іншым лесам, у прыватнасці, з тымі дзялянкамі, для якіх былі распрацаваныя гэтыя метады вядзення санітарных рубак, аніяк не прыдатныя для Белавежскай пушчы, калі Пушчу ўважаць за рэліктавы лес. Характар тутэйшых рубак адпрацоўваўся цэлыя стагоддзі, канчаткова склаўся ў пасляваенны перыяд і дзякуючы шматгадоваму досведу гаспадарання такіх выбітных адміністратараў-кіраўнікоў, якімі былі Раманаў, Раманоўскі, Качаноўскі, спрыяў, на мой погляд, захаванасці лясной славутасці. Трымаўся гэтай ашчаднай методыкі і Балюк. Была, адным словам, напрацавана практыка.

І ў кожным выпадку, калі ўзнікае, скажам, сітуацыя, якая нагадвае санітарны катаклізм - караед ці іншыя ўспышкі шкоднікаў, падыход мусіць быць вельмі індывідуальны, вельмі дбалы і скрупулёзны. Трэба скарыстоўваць ашчаджальныя метады, трымаючы на ўвазе, што насаджэнні тут вельмі рэдкія.

Што мы бачым цяпер? Ідзе інтэнсіўнае развіццё караеда. Калі ягонае засяленне ёсць фактам і дрэва незваротна ахвярнае, яго трэба аператыўна выразаць і прыбіраць з лесу - рабіць так, каб маладое пакаленне караеда не перазасялілася. Але гэта чыста санітарны пункт гледжання на стан справы, я не сказаў пра самае важнае: Пушча - перадусім аб'ект, дзе галоўнаю мэтай ёсць захаванне біяразнастайнасці ў шырокім спектры гэтага слова. Таму, кіруючыся разумнымі правіламі санітарных рубак, не трэба баяцца невялічкіх прагалаў або палян, што паўстануць на нейкі час. Яны, наадварот, ствараюць пэўную мазаічнасць, спрыяюць развіццю травяністай расліннасці, з'яўленню многіх рэдкіх відаў ляснога жыхарства, у рэшце рэшт, садзейнічаюць біяразнастайнасці.

Другі момант, які ставіць перад намі задачу практыкі, - як быць з гэтымі адкрытымі ляснымі ўчасткамі? Калі рубкі памяркоўна ашчаджальныя, калі працэс ідзе павольна і ўмяшанне чалавека не такое інтэнсіўнае, а як бы ў згодзе з лясным асяродкам, калі ёсць дыстанцыя даверу - прырода гэта ўдзячна прымае і сама залечвае раны шляхам натуральнага лесаўзнаўлення. Таму вырубкі трэба рабіць выключна паступовыя. Менавіта гэты прынцып і гэты метад, лічу, трэба адстойваць. Калі ёсць засяленне караедам, трэба выбіраць менавіта той участак, які пашкоджаны, і не рабіць апераджальныя высечкі.

- Калі адкрыць вялікую прастору, ладны прагалак - гэта пагроза, я так зразумеў? У такім разе - што маем зараз?

- Небяспеку, што гэтыя буйныя ўчасткі ў выніку суцэльных высечак не ўзновяцца натуральным чынам. Часцей за ўсё яны зарастаюць травой, дзірванеюць, і насенне лясных дрэў практычна не дае рады тут прарасці. Застаецца "акно".

- Ваша ацэнка таго, што адбываецца зараз? Наколькі пагражальныя дзеянні, рэгламентаваныя гэтым актам?

- Я катэгарычна не згодны з такім паспешным рашэннем - распачынаць суцэльныя рубкі. Ісці на гэтакі крок без абгрунтавання тэхналогіі на навуковым савеце, без прыцягнення шырокага кола спецыялістаў-эколагаў не проста рызыкоўна, а безадказна. Тут вырашаецца не толькі лесаводчае пытанне, тут закранаюцца ўсе праблемы асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі.

- А больш канкрэтна?

- Руйнуецца, ламаецца традыцыйнае стаўленне да вядзення лясной гаспадаркі ў Белавежскай пушчы. Нібыта маецца на ўвазе мэта аздараўлення насаджэнняў, хоць і гэта не матывуецца якімі-кольвек аргументамі. А на справе зусім іншае - не згубіць каштоўную драўніну, скарыстаць з моманту, пашырыць лесанарыхтоўкі.

- З размяшчэннем піларамы гэта звязана?

- Гэта мае прамую сувязь, бо драўніна, якая ў нас нарыхтоўваецца ў ходзе лесадогляду, - не патрабуе папеннай платы. А купля за межамі - дадатковыя выдаткі.

- Ці звязаны з планам інтэнсіўных рубак прыход у Пушчу новага дырэктара? Якое Ваша стаўленне да гэтага прызначэння?

- Тут самы лепшы дарадца - час. Чалавек ацэньваецца па дзеяннях і ўчынках. Час пакажа і расставіць кропкі над "і".

- А тое, што ўжо робіцца, хіба не паказчык?

- Тое, што сёння робіцца, для нас, пушчанцаў, ненатуральна і супярэчыць сталаму досведу. Выпадкі масавага развіцця караеда былі. Часам нават перасягалі сённяшнія маштабы. Але папярэднікі не ішлі на экстрэмальныя тэхналогіі. І, як бачым, няма сур'ёзных наступстваў гэтай стыхіі. Лес самаўзнавіўся. З дапамогай чалавека, пры ягоным спрыянні і даверы, але без грубага ўмяшання.

- Сёння - гэта 50 гектараў?

- Па папярэдніх звестках, наколькі я ведаю, так.

- А колькі вызначыла ка-місія? Ці не столькі, колькі запрошвалася?

- Вельмі магчыма.

- Па-вашаму, 50 гектараў -- гэта вялікая плошча?

- У прынцыпе, гэта значная тэрыторыя. І не толькі з пункту гледжання намаганняў па леса-ўзнаўленні або садзеянні лесаўзнаўленню. Адкрываюцца прагалы, пра што я казаў, - паляны як кінуць вокам. А гэта прыводзіць да неўзнаўлення; вялізныя ўчасткі застаюцца адкрытымі і, безумоўна, запатрабуюць карэннага ўмяшання чалавека, бо прырода не зможа сама залячыць такія глыбокія раны. Спатрэбіцца надзвычайнае садзеянне, папросту кажучы, пасадка лесу або, як вы слушна заўважылі, лясных плантацый…

Валеры Дранчук.

Белавежская пушча --Мінск. Ліпень 2001


Адольф Мушг

Перадаю рукапісную кнігу пра лес...


Мушг стаўся фактам маёй свядомасці гадоў пятнаццаць таму, калі ў развалах макулатуры на антрэсолях я натрапіў на яго эсэ ў глянцавітым расейска-моўным часопісе 80-х гадоў. Выключна з удзячнасці - рэдактару і перакладчыку - рызыкну ўсё ж прыгадаць, што тым часопісам быў ці не ўсесаюзны "Равеснік", артыкул з якога мяне вельмі ўразіў; я вярнуўся да яго, калі рыхтаваў другі нумар газеты "Белавежская пушча". А цяпер, калі выдаю газету ў АДЗІНым асобніку, яскрава ўсведамляю, што маім сааўтарам ёсць і Мушг - "зялёны" інтэлектуал з блізкай Эўропы, які данёс да мяне і адчуванне трагедыі, і разуменне агульнае здрады, і асабісты неспакой - за свой, швейцарскі, лес і за мой, беларускі. Я ўсведамляю гэты прыклад грамадзянскага выкліку, прыклад, як піша Мушг, "пазаэканамічных адносінаў" - 120 швейцарскіх пісьменнікаў напісалі кнігу пра лес, а перапісчыкі ўсё да слова перанеслі на старонкі пэргаменту. "Мы не можам купіць лес за грошы, гэтак жа як не можам купіць гэтую кнігу, - чытаю я, стараючыся не апярэдзіць пяро перапісчыка. - Можа так здарыцца, што мы зразумеем тое, калі ўжо лесу не будзе." Мой АДНАасобнік - своеасаблівы аналаг рукапіснае кнігі. У сваім часе і на сваім месцы. Vалеры Dранчук.

Я перадаю Вам рукапісную кнігу пра лес. 120 аўтараў напісалі пра лес, а потым іх тэксты былі як след перапісаныя на сярэдневяковы пергамент. Дзеля чаго?

Хіба ўжо нічога не застаецца апроч таго, як пісаць на стары лад, бо нішто новае не прыходзіць у галаву, калі мы думаем пра выміранне лесу? Ці не падмяняем мы каліграфіяй неабходныя дзеянні?

Я расцэньваю стварэнне рукапіснай кнігі пра лес як сымбалічны акт. Тут важна не толькі што, але й як. Я не буду пярэчыць таму, хто скажа мне: "Трэба моцна расчаравацца, каб замест учынкаў ствараць сымбалі". Так, нас кідае ў роспач адсутнасць правільнага сэнсу ў нашых палітыках, блытаніна, якая пануе ў іхніх галовах, калі яны думаюць аб прыярытэтах, няздольнасць нашай сістэмы браць урокі там, дзе гэта можна. Мы расчараваліся ад галоўных канфліктаў нашай цывілізацыі, але сумленна і шчыра мусім прызнаць: ад супярэчнасцяў у нас саміх - таксама.

Рукапісная кніга пра лес - гэта сымбалічная спроба даказаць нашу волю да пераменаў, даказаць яе тым, што ў гэтай невялікай справе мы дзейнічаем зусім інакш, чым прынята. Праца, пакладзеная на кнігу, не вымяраецца грашыма. Аўтары мелі з яе гэтак жа мала, што й перапісчыкі. З рыначнага пункту погляду рукапісная кніга ёсць рарытэт, прадмет раскошы. Але як акт супольнае дружнае працы, яна мае з сябе штосьці зусім інакшае: прыклад пазаэканамічных адносінаў. Мы не можам купіць лес за грошы, гэтак жа як не можам купіць гэтую кнігу. Можа так здарыцца, што мы зразумеем тое, калі ўжо лесу не будзе. Тады і нашае ўласнае выжыванне зробіцца немагчымае.

Гэтая рукапісная кніга не пра-даецца - як напамінак, што мы прадаём саміх сябе, разглядаючы лес выключна з эканамічнага боку.

Гэтая рукапісная кніга - спроба так зыначыць прывычкі нашага жыцця, каб надзеі, што цепляцца ў нашых дзецях, не пайшлі пылам.

Гэтая кніга існуе толькі ў адным паасобніку. Гэта родніць яе з лесам, з жыццём кожнага з нас, з кожным імгненнем…

Рукапісная кніга заўсёды ствараецца дзеля таго, каб здзейсніць нешта цудоўнае ды незвычайнае. Але хіба само наша жыццё не мае гэта за мэту? Словы, якія стаяць на гэтых старонках, узніклі таму, што кожны аўтар адчуваў неабходнасць выказацца пра лес. Але ў прыгожым почырку не было неабходнасці. Ён - знак таго, што не адна неабходнасць вызначае наша жыццё. Сэнс жыцця - гэта не колазварот спраў. Сэнс жыцця мусіць быць узяты пад абарону, каб марнасць і спешаніна не забілі яго гэткім жа самым чынам, як тое адбываецца з лесам.

Гэтая рукапісная кніга - плён цярпення. Лес рос, падымаўся з пакалення ў пакаленне; цяпер ён можа знікнуць з твару Зямлі на працягу аднаго пакалення. Ёсць вялікая спакуса неадкладна хутка адрэагаваць на той цэйтнот, у якім мы знаходзімся. Але мы абавязаныя ўсвядоміць, што адсутнасць часу - частка нашых праблемаў. Нам не так багата адпушчана, і менавіта таму патрабуецца шмат цярпення. Бо цярпенне - гэта адзіны спосаб па-чалавечы абыходзіцца з часам. Яно - супрацьлегласць бездапаможнасці. Яно - наш першы ўчынак. Яно азначае, што мы разумеем лес не адно розумам, але й пачуццём.

Даліна Уры спакон веку жыла тым, што была транзітнай дарогай для падарожнікаў. Цяпер даліне пагражае смерць ад транзіту. Уры стала кавалкам зямлі, які хочуць пакінуць за спінай хутчэй, чым сюды ўз'едуць. Шаша тут - сімптом, а не прычына. Па шашы едуць людзі, якія вераць, што сапраўднае жыццё пачынаецца толькі ў канцы дарогі і што няма максімальнага прыбытку без максімальнага выдатку часу. Але гэта ілюзія. Хто развучыўся распазнаваць свае шляхі, таму ўжо не дапамогуць ніякія мэты. І той не здолее скарыстаць на карысць сабе свой выйгрыш. Вакол шашы раскінулася "паласа адчужэння"; месца, дзе раней падарожніка чакалі спакой ды спачын, зрабілася суцэльным дэфектам. Той, хто гэтак ставіцца да сваіх дарог, не павінен здзіўляцца, калі ландшафт зморшчыцца і сканае - ландшафт не толькі прастора, але й душа.

Гэтая рукапісная кніга не прызначаная для публікацыі ў традыцыйным парадку. Яна - спроба быць пачутым не таму, што крычыш галасней за ўсіх, а таму, што не крычыш увогуле. Гэтая рукапісная кніга - ціхая, яна - пратэст супраць балбатні. Яна не будзе выстаўлена ні на водным кніжным кірмашы. Яна - зварот да маладых сяброў суполкі. Тое, што яна мусіць сказаць, яна стараецца перадаць праз спосаб, якім была зробленая.

Гэтая рукапісная кніга - настальгічны твор. Настальгія - гэтае слова мы разумеем як "пакутлівае вяртанне". Але вяртанне, якое мы разумеем, кіруе ў будучыню. Калі мы хочам, каб будучыня спраўдзілася, мы зноўку мусім пачаць адчуваць сябе гаспадарамі на зямлі. І лес тут мае значэнне не як зялёнае алібі нашых добрых намераў, не як куліса для падарожнікаў, не як "зона адпачынку", але як Лес са сваімі патрабаваннямі, якія цесна пераплецены з нашымі.

Тут, у лясной суполцы Рутлі, кожны ведае, што, кажучы пра лес, мы перш-наперш маем на ўвазе самі сябе. Цяпер акурат такі час, каб пакінуць гаварыць пра "навакольнае асяроддзе" так, быццам мы самі яму не належым; быццам выміранне лесу - відовішча для публікі, а экалогія - справа экспертаў. Гэта ж наша разуменне росту і развіцця не дае магчымасці расці і развівацца дрэвам! Прычыны, з-за якіх памірае лес, месцяцца ў нас саміх. Газ, што зрабіўся невыносны для лесу, найперш выдумляецца ў нашых галовах, а ўжо затым цячэ з трубаў у неба.

Рукапісная кніга пра лес - гэта перш-наперш скарга на нас саміх. Але ў свеце няма больш нікога, хто пачуў бы гэтую скаргу і дапамог, - толькі мы. Тое, чаго мы не зробім, не зробіцца і не здзейсніцца.

Рукапісная кніга пра лес - абвяшчэнне вайны нашай зручнай мане, кароткаму дыханню нашых прывычак. Мы самі вінаватыя, калі дазваляем цярпець чужых нам суддзяў - ад "валавога нацыянальнага прадукту" да "максімальнага ўзроўню прыбыткаў". Калі размова ідзе пра лес, дык пакуль што яна ідзе пераважна пра "падрахункі акупнасці й кошту". Так думаюць тыя, каму давяраем мы наша жыццё, пакідаючы ім пасты кіравання ды надаючы грамадскую пашану.

Гэтая рукапісная кніга - ліст да ўсіх кантонаў Швейцарыі. Мы клянёмся падняцца на абарону лесу, таму што ён той сук, на якім мы сядзім.

Гэтая рукапісная кніга - позва свабоды. Поле нашай свабоды звузілася. Мы не можам сабе абяцаць, што ўратуем лес. Але мы яшчэ дастаткова свабодныя, каб гэтую спробу зрабіць. Мы ведаем: гэта будзе глава ў гісторыі Швейцарыі дарагім коштам. Каб выбавіць лес, патрэбны грошы. Але хіба наша будучыня не вартая ўсіх грошай, не даражэйшая за іх?

700 гадоў таму Рутлі быў востравам, які людзі стварылі ў зялёнай пустыні. Сёння ўсё перамянілася ў свеце: нашы лясы - гэта знікаючыя выспы-атокі ў пустыні цывілізацыі.

Нашыя продкі бралі да ўвагі, што лес, які пагражае іхнім паселішчам, адначасна іх жа й ахоўвае. Адно з найвялікшых іхніх культурных дасягненняў заключалася ў тым, што яны зразумелі: "Тое, што ахоўвае нас, мусіць і само быць надзейна ахаванае". І ўсё больш і больш барацьба з лесам станавілася барацьбой за лес. Адначасна гэта была барацьба за пачуццё раўнавагі, якое трэба чалавеку, калі ён з'яўляецца часткай прыроды. Няўжо мы страцілі гэтае пачуццё?

Дрэвы зрабіліся меншасцю, якому пагражае выміранне. Швейцарыя заўсёды ганарылася тым, што бярэцца абараняць меншасць. Але тут гаворка ідзе не адно пра наш гонар. Ад лесу залежыць, ці не задыхнёмся мы на нашым шляху да прагрэсу. І гэта - не вобраз. Расліны жывуць таму, што могуць удыхаць тое, што мы выдыхаем. Мы жывём таму, што можам удыхаць тое, што выдыхаюць яны.

Калі мы ў рэшце рэшт, жадаючы забяспечыць зносіны праз перавал, падымемся туды з кіслароднаю маскай на твары і заменім апошняе дрэва на бетонную канструкцыю - ці не здарыцца так, што гэтая перадача будзе ўжо нікому непатрэбная. Камунікацыя знойдзе новы шлях. Стварыць ілюзорную паездку ў Альпы ў якім-небудзь сімулятары - гэта не ёсць тэхнічнай праблемаю. Лясы, якія трэба адзняць на відэакасеты для стварэння падобных ілюзіяў, бу-дуць стаяць яшчэ даволі доўга. Выміранне не адбываецца ў адзін дзень.

Паспяховая замена пры-роды малюнкамі прыроды пачалася ўжо даўно. Ці не дурым мы гэткім чынам самі сябе? Можа і так. Колькі месяцаў таму, напрыклад, адна суполка адмовілася браць удзел у гэтай гульні, мэта якой - замяніць Швейцарыю малюнкамі Швейцарыі.

Людзі не хочуць быць эвакуяванымі з іхняй рэальнасці.

Як цяжка супрацьпаставіць надзею роспачы - пра гэта гаворыць прыклад аўтараў рукапіснай кнігі і яе перапісчыкаў.

Пэргамент - матэрыял трывалы. Нам патрэбна трывалая надзея. Мы хочам, каб і праз 700 гадоў можна было прачытаць пра тое, на што мы спадзяваліся і чаго баяліся сёння.

У лепшым выпадку людзі пасмяюцца з нашых турботаў. І гэта будзе значыць: нашая роспач і нашыя спадзяванні не скончыліся марна. Яны паўплывалі, яны нешта зыначылі.

У горшым выпадку праз 700 гадоў ніхто не зможа сказаць, што мы нічога не ведалі, што ніхто нічога не бачыў. Наша рукапісная кніга будзе сведчаннем супраць нашай нявіннасці.

У найгоршым выпадку: пергамент ператворыцца ў арганічнае ўгнаенне. Ён мала чым зможа дапамагчы нашай мёртвай планеце. Хіба што зробіцца першай прыгаршчай зямлі для першага парастка імху - піянера новага жыцця.

Але гэтае новае жыццё мы з большым задавальненнем пачалі б раней, а менавіта - цяпер.

Такое нецярпенне мусіць быць уважанае. Дзеля будучыні мы, адпасыльнікі, перадаём гэтую трывалую і цярплівую рукапісную кнігу нам, адрасатам..

Сэнс жыцця мусіць быць узяты пад абарону, каб марнасць і спешаніна не загубілі яго гэткім самым чынам, як тое адбываецца з лесам.

Пераклад з расейскае мовы. 1995

Першы Крыж на ахову ландшафтаў

На месцы былой смеццезвалкі ва ўрочышчы "Старая бальніца" Крыж паўстаў Знакам міласэрнасці, народнай памяці і ўберажэння родных краявідаў

Распавядае аўтар праекта Валеры Дранчук

Подпіс пад здымкам. Стаўпецка-нясвіжскае памежжа. Месца пад Крыж. 9 жніўня 2001 - у гэты дзень мае пражытыя пяцьдзесят гадоў быццам сканцэнтраваліся тут, на гэтай кропачцы свету, каб здзейсніць задуманае - узвесці Мемарыяльны Апакроўны знак на ахову мясціны, дзе нарадзіўся, на аслону краявідаў дарагой Бацькаўшчыны.

Крыж названы Мемарыяльным, светлай памяці пакаленняў, якія тут, на месцы старой бальніцы, нараджаліся і паміралі -- знак міласэрнасці. І Знак на ахову мясцовага краявіду, знак на лепшыя, больш людскія адносіны да родных ваколіц, улонкаў-куточкаў нашага нітавання з прыродай, бо Крыж паўстаў - грэх сказаць - на расчышчаным сметніку, у сотні метраў ад біялагічна-ландшафтнага мікразаказніка "Хутар Гавязна", дзе пасля меліярацыі аднаўляецца лугавая флора, у тым ліку расліна з Чырвонай кнігі - белакапытнік гібрыдны. Прырода сама знайшла спосаб на зваротны працэс, чалавек пакуль што застаецца ў баку, сам-насам з гарацешным сваім існаваннем. Малалюдныя аслабелыя вёскі сёння апынуліся ў кальцы тэхнагеннай цывілізацыі. На сельскіх дарогах хутчэй убачыш трактар, пагрузчык ці грузавік, чым мясцовага жыхара, які залежыць ад так званай "глабалізаванай" вытворчасці. Гэта робіць адбітак і на ландшафт, і на псіхалогію вяскоўцаў. Узаемаадчужанасць. Сметнікі - сімптом, наступства, след чалавека, якому ўсё роўна. З гэтым нельга звыкацца або мірыцца. Наш Крыж апакроўны, Крыж-абярэга паўстаў на ўтаймаванне страт у прыродзе і ў самім чалавеку, на аслону таго, пра што кажам з любоўю: "Мой родны кут", на засцярогу перад самазнішчэннем. Пагроза апакаліпсісу робіць яго актуальным і своечасовым, дае ўсім нам шанц апомніцца, асланіць свае гнёзды, зберагчы першавобраз Радзімы. У сённяшні скрутны час Крыж падбадзёрыць і абнадзеіць, надасць палёгкі і моцы, узрушыць і аблагодзіць. Хочацца ў гэта верыць…

Ступаю на парог

бацькаўшчыны -- Айчыны

і сэрца б'ецца:

можа ад думкі

што зноў я дома

можа ад прадчування

што ў доме балююць

чужыя людзі

V.D.


Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org