
У вальерах Белавежскай пушчы нядаўна з'явiўся новы жыхар -- пугач. Гэта стала сапраўднай падзеяй для парку, паколькi фiлiн стаў першым прадстаўнiком птушак, што пасялiлiся ў няволi.
Вядома, што фiлiн з'яўляецца вельмi рэдкай птушкай i занесены ў Чырвоную кнiгу Рэспублiкi Беларусь. Чаму ж абмежавалi яго свабоду i зачынiлi ў клетку?
Здарылася так, што птушка-мацi разам з галiнкамi прынесла ў гняздо шнурок -- у iм i заблыталася маленькае птушаня. Яно расло разам з гэтым шнурком -- пятля зацягнулася i перарэзала яму два пальцы, зрабiўшы калекам. Безумоўна, у дзiкай прыродзе пакалечаная птушка не змагла б выжыць. Мы пагадзiлiся з прапановай арнiтолага Мiкалая Чэркаса i забралi птушаня з гнязда. Яму была аказана неабходная ветэрынарная дапамога -- i сёння фiлiн адчувае сябе нядрэнна, а часам паводзiць сябе нават... нахабна. Ну а як павiнен паводзiць сябе крылаты драпежнiк, хоць i малы?
На Беларусi, у тым лiку i ў Белавежскай пушчы, пугач здаўна быў звычайным прадстаўнiком фауны. Аднак птушку адстрэльвалi, бо лiчылi, што яна наносiць шкоду гаспадарцы. У Белавежскай пушчы, пасля былой кампанii па знiшчэнню гэтых драпежнiкаў, нейкi час птушка не жыла наогул. Ва ўсякiм разе, з 1930 да пачатку 60-х гадоў яна тут "не адзначалася". I толькi ў сакавiку 1960 года была заўважана самка пугача. У маi 1962 года леснiкi агледзелi гняздо з двума птушанятамi; вясной 1965 i 1966 гадоў у лесе чулi шлюбны голас гэтай савы. Для добра даследаваных арнiтолагамi лясоў пушчы гэтага было недастаткова, каб лiчыць пугача звычайнай пушчанскай птушкай. Сёння колькасць папуляцыi пугача ў нацыянальным парку, дзякуючы ахоўным мерапрыемствам, узрасла.
Скарачэнне колькасцi пугача ў другой палове нашага стагоддзя ў значнай ступенi абумоўлiвалася тым, што птушка была "па-за законам", лiчылася драпежнiкам, i яе знiшчэнне не лiчылася злом.
Пугач актыўны ўначы i ў прыцемках. Удзень ён адседжваецца дзе-небудзь на тоўстай галiне, прытулiўшыся да ствала дрэва. Аднак лясныя гукi i "сонны" пугач чуе нядрэнна: адкрывае вочы, амаль на 180 градусаў паварочвае галаву, шчоўкае дзюбай, а iншы раз "гаўкае" як дварняк. У звычайных наведвальнiкаў лясоў амаль няма шанцаў убачыць пугача ўдзень, часцей за ўсё на яго можна палюбавацца ў шлюбны перыяд на працягу лютага--красавiка.
Жыве фiлiн асела, у старых лiставых i змешаных лясах з павышанай вiльготнасцю. Гнездавыя дзялянкi яго даволi пастаянныя i захоўваюцца многiя гады, калi, канешне, у лесе не адбываюцца нейкiя незвычайныя змены. I ўсё ж адшукаць гняздо пугача не так лёгка. Звычайна ён гняздуецца на старых пнях, на зямлi ля курцiн старых вольхаў, на насцiлах, што ставяцца для вулляў, у пустуючых гнёздах падворлiкаў i буслоў.
Спецыялiсты сцвярджаюць, што ў еўрапейскай частцы арэала яго распаўсюджвання ахвярамi пугача могуць стаць каля 30 вiдаў млекакормячых i 80 вiдаў птушак -- ад звычайнай мышкi-палёўкi цi зайца да глушца. Адным словам, пугач ловiць усё тое, што трапляецца яму на вока, нават птушак, што жывуць i начуюць на вадзе. Па гэтай прычыне ўся лятаючая жыўнасць недалюблiвае ляснога разбойнiка, якога ў народзе нездарма клiчуць пугачом; птушкi ўцякаюць ад яго цi, наадварот, гуртам нападаюць.
Нiхто нiколi не лiчыў, якую шкоду наносiць пугач у грашовым вымярэннi, а сёння аб гэтым наогул гаварыць не прыходзiцца -- менавiта таму, што птушка стала рэдкай. Больш таго, сёння варта гаварыць аб тым, як захаваць у фауне беларускiх лясоў птушку, вобраз якой здаўна звязваўся ў народзе са старым глухiм лесам i персанажамi, вядомымi нам з дзяцiнства па казках.
Сёння мы павiнны зберагчы гэтую птушку праз забарону на яе адстрэл, а таксама мерамi захавання ўвiльготненых лiставых i змешаных лясоў у нашай краiне.