
Неаднойчы заўважаў падчас гутарак з навукоўцамi, як, калi гаворка iдзе пра Белавежскую пушчу, яны, падаецца, ужо ўнутрана гатовы да таго, што размова пойдзе найперш пра зуброў. I хаця тэма, па прызнанню самiх навукоўцаў, з'яўляецца для пушчы традыцыйнай, цiкавасць да яе як у iх, так i ў многiх iншых людзей не змяншаецца...
Еўрапейскi зубр з'яўляецца адной з найбольш старажытных жывёл сучаснай фауны. Некалi яны насялялi ўсе буйныя лясныя масiвы Еўропы, але з-за ператварэння натуральных зямель у культурныя пашы, скарачэння плошчы лясоў, а найперш -- знiшчэння чалавекам, зубры пакрысе знiклi амаль паўсюдна: у IХ стагоддзi -- у Францыi i Iспанii, у ХV стагоддзi -- у Германii...
Ужо ў 1803 годзе Найвысачэйшым Указам зубр у Белавежскай пушчы быў аб'яўлены запаведнай жывёлай. Яго адлоў i адстрэл дазваляўся толькi па iмянному iмператарскаму дазволу, пераважна ў навуковых мэтах: для заапаркаў, звярынцаў, калекцый музеяў Еўропы. Першыя сапраўдныя звесткi аб колькасцi зуброў у лясах Белавежскай пушчы адносяцца да 1809 года, калi ўпершыню быў праведзены афiцыйны ўлiк гэтых жывёл, -- каля 350. Ужо тады стала вiдавочным, што трэба прымаць пэўныя меры, каб захаваць вiд ад поўнага знiкнення. Таму, калi ў 1811 годзе адбыўся мацнейшы ў гiсторыi пушчы лясны пажар, якi доўжыўся з мая па кастрычнiк i вынiшчыў на велiзарнай плошчы маладую драўнiнна-хмызняковую раслiннасць, ягаднiкi i мхi, у зiмовы перыяд была арганiзавана падкормка жывёл сенам. Менавiта з гэтага часу падкормка стала абавязковым элементам утрымання зуброў у пушчы.
Прынятыя меры далi станоўчы вынiк: ужо к 1859 году колькасць лясных волатаў у пушчы перавысiла тысячу галоў. Праўда, адначасова на зуброў пачалi арганiзоўваць паляваннi для асоб, якiя належалi да iмператарскага роду. Нярэдка ўдзел у iх прымаў i сам iмператар. Напрыклад, у 1860 годзе, падчас палявання з удзелам Аляксандра II, за некалькi дзён было здабыта 96 жывёл, сярод якiх было i 28 зуброў. У 1915 годзе папуляцыя белавежскiх зуброў налiчвала каля 300 жывёл. Аднак першая сусветная вайна забiрала не толькi чалавечыя ахвяры: ужо праз год колькасць зуброў скарацiлася да 100, да пачатку 1917 года -- яшчэ на 30 галоў, а ў лютым 1919 года была забiта апошняя зубрыха...
Неўзабаве створанае Таварыства па захаванню зуброў найпершай сваёй мэтай паставiла перапiс гэтых жывёл ва ўсiм свеце: у заапарках, звярынцах, калекцыях багатых людзей. Усяго на той час захавалiся толькi 52 зубры, у асноўным састарэлыя, доўгi час пражыўшыя ў няволi. Аднак зробленыя, найперш на польскай частцы пушчы, намаганнi ўсё ж далi свой плён: колькасць зуброў тут ад завезеных жывёл белавежскага падвiду ў вялiкiх вальерах павялiчылася. Але грымнула другая сусветная вайна, i частка жывёл загiнула, другую вывезлi немцы. У 1944 годзе Белавежская пушча аказалася падзеленай на дзве часткi -- польскую i беларускую. Беларускi бок застаўся без зуброў, таму ў 1945 годзе тут быў пабудаваны свой зубрапiтомнiк. 18 лiпеня 1946 года сюды з Польшчы было завезена пяць жывёл. Усе яны былi белавежска-каўказскага паходжання i даводзiлiся адзiн аднаму стрыечнымi братамi i сёстрамi.
Трэба заўважыць, што белавежска-каўказскiя зубры -- гэта цалкам прадукт чалавечай дзейнасцi. Эксперымент не прайшоў: у першыя гады ў статка практычна не было здаровага прыплоду, таму ў 1949 годзе з Польшчы была завезена другая партыя з пяцi зуброў. Усе яны належалi да белавежскай лiнii. Справа зрушылася з месца: да 1953 года колькасць зуброў дасягнула амаль двух дзесяткаў. Было прынята рашэнне выпусцiць маладых жывёл на волю (палякi зрабiлi гэта яшчэ раней). Але тут маглi ўзнiкнуць новыя праблемы: перамешванне статкаў. Справа ў тым, што ў польскай частцы мелiся толькi белавежскiя зубры, а ў беларускай -- белавежскiя i белавежска-каўказскiя. Таму ў 60-х гадах на шматлiкiх сумесных савецка-польскiх нарадах па гэтаму пытанню было вырашана, што тэрыторыя як у Беларусi, так i ў Польшчы будзе зарэзервавана толькi пад спрадвечных яе жыхароў -- зуброў аднайменнай папуляцыi. Пакрысе ўсе жывёлы беларуска-каўказскага паходжання былi адтуль вывезены. У канцы 60-х гадоў пачалася праца па аднаўленню натуральных статкаў.
-- Калi раней задача была ў тым, каб найперш аднавiць папуляцыю зуброў, дык цяпер мэтай працы навукоўцаў з'яўляецца, па-першае, яе захаванне, па-другое, фармiраванне асобных груп зуброў у розных месцах Беларусi, -- гаворыць намеснiк дырэктара Дзяржаўнага нацыянальнага парку "Белавежская пушча" па навукова-даследчай рабоце, кандыдат бiялагiчных навук Георгiй Казулька.
Хаця ў свеце зараз налiчваецца 3289 зуброў, а з iх -- 1068 -- белавежскай формы, захаванне зубра як вiду застаецца праблематычным. Амаль палова сусветнай колькасцi зуброў утрымлiваецца ў заасадах i заапарках малымi групамi, скарацiлiся тэмпы сумарнага росту колькасцi. Асаблiва неспрыяльнае становiшча папуляцый зубра белавежскай формы: нi адна з iх не адпавядае патрабаванням доўгачасовага iснавання -- не менш як 500 эфектыўных жывёл. У зуброў гэтай формы скарочана генетычная зменлiвасць, што ў падобных выпадках павышае ўспрымальнасць жывёл да тых цi iншых захворванняў. Гэта асаблiва было небяспечным, напрыклад, у 1994 годзе для зуброў, якiя ўтрымлiвалiся ў Беларусi ў адным месцы -- у Белавежскай пушчы, -- 84 працэнты iх колькасцi, або адна трэць ад агульнай сусветнай колькасцi. Пры такой сiстэме ўтрымання лясных волатаў iснавала пагроза захворвання i масавай гiбелi.
Напрыклад, яшчэ 15--20 гадоў таму былi заўважаны першыя выпадкi хваробы зуброў, у якiх, найперш у самцоў, адзначалiся паражэннi палавых органаў, а таксама хваробы вачэй i страўнiка.
-- Доўгi час думалi, што хваробу выклiкае нейкi ўзбуджальнiк, шукалi яго, але безвынiкова, -- расказвае Георгiй Казулька. -- Толькi даследаваннi апошнiх пяцi гадоў паказалi, што хвароба звязана не з паталогiяй, якая выклiкана ўзбуджальнiкам, а з дрэнным асяроддзем пражывання. За перыяд саракагадовага вядзення iнтэнсiўнай паляўнiчай гаспадаркi колькасць дзiкiх капытных перавысiла аптымальныя нормы ў 4--5 разоў. Драўнiнна-хмызняковы ярус у лесе аказаўся цалкам знiшчаным аленямi. Зубр, як высветлiлася, не траваядная жывёла, а драўнiнна-галiнкаядная: 80 працэнтаў яго рацыёну складаюць менавiта такiя кармы. Ва ўмовах iх адсутнасцi зубр вымушаны харчавацца травянiстымi кармамi (да 150 вiдаў раслiн уваходзяць у яго рацыён), але, вiдавочна, жывёла недаатрымлiвае нейкiх бiялагiчна актыўных рэчываў.
У нацыянальны парк "Прыпяцкi" зубры былi завезены ў 1987--1988 гадах, фактычна адразу пасля катастрофы на ЧАЭС. Уплыў радыяцыi? Навукова гэта пакуль не даказана, хаця, канешне, можна прыняць пад увагу як невялiкую колькасць жывёл, завезеных туды, так i адносна невялiкi прамежак часу назiрання. Вiдавочным на сённяшнi дзень фактарам з'яўляецца тое, што фiзiялагiчны стан зуброў у нацыянальным парку "Прыпяцкi" лепшы, чым лясных волатаў, якiя жывуць у нацыянальным парку "Белавежская пушча". Статак адчувае сябе выдатна, нiводнага захворвання. Прыкладна такая ж сiтуацыя i з прыгажунамi, якiя нядаўна былi завезены ў Палескi радыелагiчны запаведнiк.
Такiм чынам, мы ўшчыльную наблiзiлiся да новай стратэгii ў адносiнах да зуброў на нацыянальным узроўнi. Паколькi па шэрагу прычын у Беларусi немагчыма стварыць буйную, вольнажывучую, доўгi час жыццяздольную папуляцыю колькасцю 500 эфектыўных жывёл (немагчымасць пашырэння асаблiва ахоўваемых тэрыторый для павелiчэння колькасцi зуброў у некалькi разоў, эканамiчная нявыгаднасць развядзення i ўтрымання жывёл у няволi ў вялiкiх загонах i г. д.), было прапанавана стварыць метапапуляцыйную мадэль: 10--12 субпапуляцый, якiя разам складуць адзiную папуляцыю. Iншымi словамi, зуброў з Белавежскай пушчы трэба рассяляць, прычым з пастаянным кантроем i абменам жывёламi памiж субпапуляцыямi, каб яны не былi цалкам iзаляванымi i каб не паўтарылася сiтуацыя з пушчай. Прадугледжваецца давесцi колькасць мiкрапапуляцый да 10--12 ужо да 2005 года, а да 2008--2010 г. сумарную колькасць зуброў -- да 550--600 жывёл. У 1994--1998 гадах у Белавежскай пушчы было адлоўлена 66 зуброў -- заснавальнiкаў для чатырох новых мiкрапапуляцый -- у Валожынскiм i Асiповiцкiм лясгасах, Палескiм запаведнiку i калгасе "Азёры". Вынiкi? Пры першапачатковай колькасцi ў 15 зуброў мiкрапапуляцыя ў Валожынскiм лясгасе з 1994 года па стану на пачатак гэтага года павялiчылася да 36 жывёл, палеская (з 1996 года) -- з 18 да 21, асiповiцкая (з 1997 года) -- з 15 да 21, у калгасе "Азёры" (з 1998 года) -- з 18 да 25 жывёл. Для параўнання: максiмальная колькасць зуброў у Белавежскай пушчы каля 10 гадоў таму складала 310 жывёл, па стану на пачатак гэтага года там жыло 238 лясных прыгажуноў.
Хто ведае, можа калi небудзь зубр прынясе Беларусi немалую эканамiчную выгаду?! Пiсаў жа некалi С. Северцаў: "Пушча захавалася таму, што ў ёй жылi зубры, а зубры захавалiся таму, што была пушча..."