
Прыехаў аднойчы Мiкiта Сяргеевiч Хрушчоў са свiтай у Белавежскую пушчу на паляванне. Загналi аленя, пастралялi ўдосталь... Азiрнулася свiта -- а Мiкiты Сяргеевiча няма. Згубiлi! Кiнулiся спалоханыя ахоўнiкi прачэсваць наваколле...
А першы сакратар, якi i сапраўды крыху заблудзiўся, выйшаў тым часам на лесасеку, дзе мужыкi тралявалi паваленыя ветрам дрэвы. Тыя якраз селi перакусiць i, натуральна, пагрэцца -- пляшку на пянёк паставiлi. Бачаць -- выходзiць з лесу невысокi мужычок са стрэльбай. Падышоў, павiтаўся, спытаў дарогу на ўскраек. Дарогу яму паказалi, а каб доўгай не здалася, сто грамаў налiлi. Выпiў мужычок чарку, хлебам закусiў, падзякаваў ды пайшоў куды паказалi. Рабочыя нават асаблiвай увагi на яго не звярнулi, падумалi, мо якi новы егер цi ляснiк заблудзiў...
Праз колькi хвiлiн выходзяць на паляну чацвёра здаровых дзецюкоў, таксама са стрэльбамi. Пачалi насцярожана пытаць, цi не бачылi тут такога i такога, -- i акурат таго мужычка апiсваюць. "А як жа, -- кажуць, -- бачылi, з пушчы дарогу яму паказалi, пушчанскай гарэлкай пачаставалi... А чаго гэта так замiтусiлiся дзеля аднаго? Можа, браканьер якi?" -- "Ды вы ведаеце, хто тут толькi што быў? -- кiнуў адзiн з тых чатырох на хаду. -- Хрушчоў!" Так i аслупянелi лесарубы. Той самы Хрушчоў? А яны i не разгледзелi нават як след. Затое ўнукам i праўнукам будзе што расказаць -- з Самiм за "сталом" -пяньком гарэлку пiлi!..
Такую цi падобную гiсторыю (героем яе можа быць i Брэжнеў, i Машэраў) у пушчанскiм наваколлi можна пачуць цi не ад кожнага мясцовага жыхара. Праўда тое, цi напалову праўда, цi наогул легенда, -- застаецца толькi здагадвацца. Дакладна толькi адно -- Белавежская пушча спрадвеку вядома як улюбёнае месца палявання вялiкiх начальнiкаў, венцаносных асоб i партыйных "босаў". Так што тое, што расказваюць, скажам, вышэйпрыведзеная гiсторыя, пачутая ад жыхара Камянца, -- яно можа, i няпраўда, але, зусiм верагодна, магла мець месца...
А крыху пазней мне пашанцавала сустрэцца з чалавекам, якi ў свой час меў самае непасрэднае дачыненне да "каралеўскага" i "прыдворнага" палявання. Мiкалай Васiльевiч больш за трыццаць гадоў адпрацаваў у пушчы, доўгi час быў паляўнiцтвазнаўцам, пастаянна ўдзельнiчаў у арганiзацыi палявання для высокiх гасцей (больш нiкому, уласна кажучы, у пушчы i не было дазволу паляваць). Мiкалай Васiльевiч ужо адзiнаццаць гадоў на пенсii, ужо амаль нiкога з тых, хто прыязджаў падчас яго працы пастраляць у Белавежы, няма пры ўладзе. Але ўсё роўна, былы паляўнiцтвазнавец гаварыў пра ўсiх вельмi стрымана i сцiсла, не называючы прозвiшчаў. Што, дарэчы, лiчу, робiць яму гонар: занадта i без таго шмат капання ў бруднай бялiзне былых уладароў, многiх з якiх няма ўжо ў жывых... Але пра сам працэс "каралеўскага" палявання Мiкалай Васiльевiч расказаў даволi падрабязна...
"Нам нiколi не паведамлялi, хто едзе. Проста званiлi i гаварылi: трэба, маўляў, падрыхтаваць паляванне. Карацей, "шухеру" кшталту: "Сам Брэжнеў едзе!" нiколi не было, магчыма, найперш з меркаванняў бяспекi. А ў пушчы той "шухер" i не патрэбны быў: паляванне для гасцей заўсёды рыхтавалася па вышэйшаму разраду. Знаёмiлiся паляўнiчыя з арганiзатарамi палявання ўжо ў машыне, па дарозе на месца. "Называлi заўсёды толькi iмя i iмя па бацьку. Дык каторага па тэлевiзару бачыў, таго, канешне, пазнаваў, а каторага на экране не бачыў нiколi, дык заставалася толькi здагадвацца, хто ён такi -- мiнiстр, цi член палiтбюро, цi яшчэ якая "шышка". Ведалi толькi, што, калi ў пушчу на паляванне прыехаў, -- значыць, чалавек не апошнi ў краiне..."
Мiкалай Васiльевiч не прыпомнiць, каб паляванне было заказное: маўляў, госць хоча падстрэлiць iменна дзiка або iменна аленя. Хадзiлi, праўда, на ваўка са сцяжкамi, а ўвосень, зразумела, палявалi на качак. А наогул, арганiзаваць паляванне -- значыла завесцi паляўнiчых на месца, дзе ёсць звер, i гэтага самага звера на паляўнiчых загнаць". Нiколi такога не бывала, каб звера на месцы не аказалася. У нас у кожнага быў свой квадрат, егеры, паляўнiцтвазнаўцы на сваiм участку кожнага дзiка "ў твар" ведалi, сачылi, куды звер перамяшчаецца..."
Выганяць звера выганялi заўсёды, але гэта не значыць, што ён абавязкова падаў ад чыйгосьцi стрэлу. Высокапастаўленыя паляўнiчыя, гэтак жа, як звычайныя, нярэдка "мазалi". "О, каб не "мазалi" ўсе, з цароў пачынаючы, там бы пушчы ўжо не засталося, -- смяецца Мiкалай Васiльевiч. -- Бывалi i ўдачлiвыя, трапныя стралкi, асаблiва на качку калi палявалi, то вiдаць было: у аднаго поўны човень, а ў другога два--тры падранкi на дне"... Але, здаралася, што i з пустымi рукамi госцi ад'язджалi. Крыўды, праўда, не было нiколi, прыкрасцi таксама. Калi i была -- паляўнiчыя яе ўдала хавалi, заўсёды ветлiва развiтвалiся з арганiзатарамi, дзякавалi за работу. Куды дзявалi падстрэленую здабычу, леснiкi i егеры не ведалi. "Мы што, -- адпалявалi -- дзякуй i да пабачэння. Што яны рабiлi пасля палявання, невядома. Мы iшлi або дадому, або на штодзённую работу -- у абход, падкормлiваць звера..."
Праўда, адным "дзякуй" не абмяжоўвалiся. Амаль заўсёды для тых, хто арганiзоўваў паляванне, наладжвалi абед у пушчы. Але, па словах Мiкалая Васiльевiча, -- нi кроплi спiртнога. Цi перакусвалi за тым "сталом" самi паляўнiчыя? "Ведаеце, чым вышэйшая пасада ў чалавека, тым менш пыхi i ганарлiвасцi. З самым вялiкiм начальнiкам можна было i бутэрброд на пяньку раздзялiць. А каторы драбнейшы, дык, бывае, i не гляне ў твой бок..."
Паляўнiчыя "тузы" нiколi не спрабавалi парушыць пушчанскiя законы. Нiколi нiхто не выказаў жадання застрэлiць зубра. Паляўнiчы сезон быў агульны для ўсiх -- па чыёйсьцi прыхамацi не iшлi страляць па качках, што сядзяць на гнёздах, або па цяжарных казулях... Сабак сваiх (а многiя, як вядома, былi заўзятыя сабакары) на паляванне не бралi -- з сабакамi хадзiлi арганiзатары, тыя, хто рабiў загон. Сабакi ў паляўнiцтвазнаўцаў былi нярэдка беспародныя, але добра абучаныя. "У мяне быў звычайны дварняк, але на паляваннi мог даць фору любому харту, ды i вартаўнiк быў добры..." Самi арганiзатары на паляваннi стралялi вельмi рэдка, хоць заўсёды былi са стрэльбамi. Спрацоўвала субардынацыя: як гэта -- высокi госць стрэлiў i не трапiў, а ты пасля яго стрэлiў -- i ўдала. "Толькi, бывала, калi якая качка ляцiць дакладна ў твой бок, тады ўжо можна было стрэлiць..."
Як i на звычайным паляваннi, здаралiся i непаразуменнi, i кур'ёзы, i непрыемныя выпадкi. Ахвярай аднаго з iх i стаў адзiнаццаць гадоў таму Мiкалай Васiльевiч.
У той дзень прыехалi паляваць госцi з Мiнска, афiцыйна кажучы, з Савета мiнiстраў БССР. Было звычайнае паляванне, толькi закончыўся загон, i загоншчыкi ўжо прыблiжалiся да паляўнiчых, сышлiся з iмi. Раптам грымнуў стрэл, зусiм нечакана, бо не было ж па чым страляць, i адзiн з загоншчыкаў павалiўся на зямлю. Удар карцеччу збiў Мiкалая Васiльевiча (а гэта быў ён) з ног. Зарад трапiў у левую нагу, вышэй калена. Госць з Мiнска, якi страляў, разгублена пазiраў то на стрэльбу, то на чалавека, якi спачатку ўпаў, а потым падняўся i ад душы вылаяўся...
Паляванне тут жа згарнулi, хоць было яшчэ рана, гадзiн адзiнаццаць, параненага павезлi ў блiжэйшую бальнiцу, у Свiслач. Там аказалася, што нiчога страшнага, косць не пашкоджана, карцеч дасталi, рану перавязалi. Мiкалай Васiльевiч хацеў сам ехаць на машыне дадому, але клапатлiвыя таварышы не адпусцiлi яго аднаго. За руль сеў яго калега, якi ўжо паспеў крыху зняць стрэс традыцыйным спосабам.
На шляху машына не ўпiсалася ў трасу i наляцела на прыдарожнае дрэва. Вынiк -- вадзiцель абышоўся сiнякамi, драпiнамi i спалохам, а Мiкалай Васiльевiч атрымаў двайны пералом прастрэленай ранiцай нагi, пераломы рэбраў, ключыцы, рукi, разбiтым лабавым шклом яму моцна парэзала твар... Два месяцы ён у Мiнску, у бальнiцы змагаўся разам з урачамi за жыццё. I перамог. Праўда, тут жа атрымаў iнвалiднасць i ў пушчу больш не вярнуўся...
На таго няўдалага стральца з мiнiстэрства Мiкалай Васiльевiч не крыўдзiцца за тое, што падстрэлiў: як сапраўдны паляўнiчы, ён разумее, што гэта была выпадковасць, ад якой на паляваннi нiхто не застрахаваны. Не трымае ён крыўды нават за тое, што чалавек, якi фактычна стаў прамой прычынай яго калецтва (калi б не яго стрэл, не патрэбна была б тая злашчасная паездка), пакуль Мiкалай Васiльевiч валяўся па бальнiцах, нi разу нават не пацiкавiўся, як пачувае сябе яго "ахвяра", цi не патрэбна што сям'i параненага. Мiкалай Васiльевiч не крыўдзiцца, не здзiўляецца, ён разважае па-фiласофску: "Хто ён i хто я? Што яму за справа да звычайнага паляўнiцтвазнаўца?.."
На гэтай не вельмi вясёлай ноце можна было б i закончыць. Але ёсць яшчэ адна важная дэталь, пра якую нельга не ўзгадаць. Ёсць у пушчы начальнiк, кароль, амаль Бог, пра якога i Мiкалай Васiльевiч, i iншыя людзi, з якiмi даводзiлася сустракацца на Камянеччыне, гаварылi сцiшаным голасам, з такой несамавiтай павагай i гордасцю, што ў параўнаннi з iм усе чыноўныя паляўнiчыя, якiя тут бывалi, здавалiся бляклымi, маленькiмi, нязначнымi...
Iмя гэтага ўладара -- Зубр. Пакуль так будзе -- не ўсё яшчэ так сумна.